28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Запісала зварот на тэлевізіі, атрымаўся крык душы»

6
«Запісала зварот на тэлевізіі, атрымаўся крык душы»
ФОТА: BELSAT.EU

Галоўная праблема ў тым, што краінай кіруе адзін чалавек.

Актывістак СПГА «Рух маці 328» Таццяну Канеўскую і Ларысу Жыгар зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў на выбарах «дэпутатаў палаты прадстаўнікоў». Якія патрабаванні выстаўляюць гэтыя жанчыны, як ацэньваюць шанцы на перамогу і як будуць весці агітацыйную кампанію - яны адказваюць у анкеце belsat.eu.

Журналісты задалі кожнай з кандыдатак 5 аднолькавых пытанняў:

З якімі патрабаваннямі вы ідзяце на выбары?

Якая, на ваш погляд, галоўная праблема сённяшняй беларускай ўлады?

Як ацэньваеце вашыя шанцы на перамогу?

Хто дапамагае вам у кампаніі?

Як збіраецеся працаваць з выбарцамі?

Таццяна Канеўская, балатуецца ў Гомельскай-Савецкай акрузе №34 ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі

– Усё, чаго я хачу ў першую чаргу – прыцягнуць увагу да праблемы 328. А па-другое хацелася б, каб у краіне была праведзеная судовая рэформа і рэформа праваахоўных органаў, каб суддзі абіраліся, а не прызначаліся, а законы працавалі для ўсіх, а не для выбраных. Хочацца, каб адвакаты не залежалі ад выканаўчай улады (а яны сёння, на жаль, зусім бяспраўныя). Акрамя таго, неабходна зрабіць так, каб умовы ўтрымання асуджаных не прыніжалі чалавечую годнасць, а пакаранне было адпаведным здзейсненаму.

Я разумею, што дэпутаты маюць зашмат ільготаў, гэтага быць не павінна. Людзі павінны ісці ў парламент, каб працаваць, а не атрымліваць нейкія прывілеі. І павінны жыць па тых законах, якія самі пішуць.

– Галоўная праблема сённяшняй беларускай улады ў тым, што краінай кіруе адзін чалавек.

– Для мяне ўжо нечаканасцю было, калі мяне зарэгістравалі! Канешне, я шукала падвох. Летась я спрабавала балатавацца ў мясцовыя саветы. Тады не атрымалася, але ж у мяне былі добрыя настаўнікі, якія патлумачылі, што збор подпісаў – гэта верны шлях, каб цябе не зарэгістравалі, гэта вельмі проста. Таму я, каб ускладніць ім (ЦВК – заўв. belsat.eu) задачу, балатавалася ад АГП.

Наконт шанцаў – 50 на 50. Сёння я запісала зварот на тэлебачанні, на канале БТ-3, атрымаўся крык душы. Там я гаварыла толькі пра праблему 328 і пра тое, што ва ўсім вінавачу дзяржаву, якая спачатку накарміла нашых дзяцей спайсамі, а потым, калі тыя пачалі калоць вочы і скакаць з вокнаў – зрабіла больш жорсткім заканадаўства. А людзі, якія вазілі і возяць гэтыя спайсы, у турме не сядзяць…

Маці асуджаных паводле 328 артыкулу КК

– Мая каманда – мае паплечнікі па няшчасці. Амаль увесь Гомельскі рэгіён: Жлобін, Калінкавічы, Мазыр і г.д

– Учора ўжо прайшоў першы пікет. На кожны выходны запланаваныя вялікія пікеты па ўсім маім рэгіёне, 25 кастрычніка ў нас будзе мітынг – я пастараюся, каб маці асуджаных паводле артыкулу 328 з усёй краіны прыехалі да нас. І 10 лістапада таксама будзе мітынг. Мы плануем раздачу ўлётак, хаця і не маем такіх рэсурсаў, як апанеты-чыноўнікі – ім за ўсё заплацілі іхныя арганізацыі. Сёння я адкрыла рахунак і буду збіраць сродкі на інфармацыйную кампанію.

Лідаркі Руху Маці 328 Ларыса Жыгар і Таццяна Канеўская. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Ларыса Жыхар, балатуецца па Гарадзенска-Занёманскай акрузе №49 ад БСДП (Грамады)

– Мы з паплечнікамі распрацавалі асноўныя пункты маёй праграмы. Перш за ўсё, у аснове дзяржаўнай палітыкі павінны стаяць патрэбы чалавека, а не чыноўнікаў. Адукацыя і медыцына павінны быць даступнымі і бясплатнымі, працоўныя дамовы са спецыялістамі – доўгатэрміновымі. Дэбюракратызыцыя і скарачэнне войска чыноўнікаў – наша задача. Неабходна таксама дамагчыся адмены «дармаедскага» дэкрэту і вярнуць пенсійны ўзрост (55 для жанчын і 60 для мужчын). Трэба правесці судовую рэформу, каб зрабіць суд справядлівым і незалежным ад выканаўчай улады.

Ларыса Жыгар. Фота Ірына Арахоўская/Belsat.eu

Канешне, больш за ўсё мяне хвалюе моладзь – самая прагрэсіўная частка грамадства. Але дзе яна цяпер? Палова, атрымаўшы дыпломы, пакідае краіну ў пошуках лепшага заробку, а іншая знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі на вялізарных тэрмінах. Таму мая задача – паклапаціцца пра тое, каб моладзі былі дасяжныя магчымасці шчаслівага жыцця менавіта ў нашай краіне.

– У нас не бярэцца пад увагу чалавек. Звычайны працоўны чалавек не патрэбны дзяржаве, больш ухілу ў нас на капітал, на чыноўнікаў. А я думаю, што просты чалавек павінен быць на першым месцы.

Маці 328 прынеслі на акцыю абутак сваіх асуджаных дзяцей. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– Я не маю ілюзій, але хачу сказаць, што калі я ўсё ж патраплю ў Палату прадстаўнікоў, гэта будзе наша агульная перамога, усіх сваякоў асуджаных і нават дзяцей, якія сядзяць у турмах паводле артыкулу 328.

– У камандзе мае «маці-328», якія жывуць у Горадні: Наталля Горбач, Наталля Старавойт. Акрамя іх, з намі Станіслаў Цыбінскі, які сам адбываў пакаранне і якога цікавіць рэсацыялізацыя.

Удзельніца акцыі прынесла партрэт свайго сына, які асуджаны па 328-му артыкулу КК. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– Я планую пікеты, але ў сувязі з загружанасцю чальцоў маёй каманды гэта будзе ў суботу-нядзелю. Спадзяюся, што атрымаецца запрасіць туды моладзь, але і пенсіянераў таксама. На 26-27 кастрычніка я планую гэты пікет.

Рух «Маці 328» існуе даўно, але вясною 2018 году ён атрымаў вялікі рэзананс праз галадаванне маці, асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу. Больш за 2 тыдні жанчыны ў розных рэгіёнах Беларусі ўдзельнічалі ў галадаванні з мэтай дамагчыся змен у антынаркатычнае заканадаўства і змякчыць пакаранне для сваіх блізкіх, у тым ліку – непаўналетніх.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках