8 снежня 2019, Нядзеля, 0:48
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Кандыдатам ад «Еўрапейскай Беларусі» паўторна адмовілі ў рэгістрацыі

9
Кандыдатам ад «Еўрапейскай Беларусі» паўторна адмовілі ў рэгістрацыі

Менскі выбаркам паталагічна баіцца прыхільнікаў еўраінтэграцыі Беларусі.

Кандыдатам ад «Еўрапейскай Беларусі» Ірыне Халіп, Андрэю Войнічу, Максіму Вінярскаму і Васілю Жораву паўторна адмовілі ў рэгістрацыі. Актывістам адмовілі ў задавальненні скаргі, пададзенай на рашэнні, прынятыя акруговымі выбарчымі камісіямі 17 кастрычніка. Рашэнне было прынятае старшынёй Менскай гарадской выбарчай камісіі Дзмітрыем Шаўцовым, паведамляе тэлеграм-канал грамадзянскай кампаніі.

- Мне б не хацелася нават гаварыць на гэтую тэму, таму, што ўсё было так сумна, - сказала Ірына Халіп. - Я не памятаю колькі прысутнічала людзей там, там жа не толькі з «Еўрапейскай Беларусі» кандыдаты былі. Разглядалі ўсе скаргі. І ва ўсіх былі аднолькавыя адмовы, так што нічога цікавага там не было.

Рашэнне было прынятае адзін раз і на самым версе. Таму, у гэтым выпадку, нейкія акруговыя камісіі, гарадскія, цэнтральныя і гэтак далей - гэта статысты, гэта масоўка, якая ў Савецкім Саюзе атрымлівала 7 рублёў 50 капеек за змену. Проста цяпер у іх трохі выраслі стаўкі.

- Мы правялі ў гарвыканкаме некалькі гадзін, чакаючы разгляду нашых спраў, нягледзячы на тое, што прыйшлі своечасова, - сказаў Васіль Жораў. - Рашэнне гарадской камісіі было прадказальным, нашы довады проста не сталі слухаць. Пасяджэнне больш нагадвала цырк альбо пастаноўку з загадзя размаляванымі ролямі. Відавочна, што пастанову аб адмове ў рэгістрацыі прымалі не сёння і не гарадской камісіяй. Яе нам проста зачыталі.

Юрыдычная служба «Еўрапейскай Беларусі» накіруе скаргі ў Цэнтрвыбаркам і суды.