23 красавiка 2024, aўторак, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Марчык: Нам патрэбныя тэрміновыя перамены, ад якіх здабудуць усе беларусы

Віктар Марчык: Нам патрэбныя тэрміновыя перамены, ад якіх здабудуць усе беларусы

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» выступіў на дзяржаўным радыё.

Кандыдат у дэпутаты ў Слонімскай выбарчай акрузе №58, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Віктар Марчык выступіў на дзяржаўным радыё. Прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падае тэкст ягонага звароту да выбарцаў:

- Добры дзень, сябры. Я - Віктар Марчык, кандыдат у Слонімскай выбарчай акрузе, прадстаўляю грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь» і ўдзельнічаю ў так званых выбарах, каб дамагацца паляпшэння жыцця беларускіх сем'яў.

Кожны з нас бачыць, што жыць у Беларусі становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Пагаршаецца эканамічнае становішча, кошты растуць, а заробкі ўразаюць. Усё больш людзей застаецца без працы і сродкаў на існаванне. Пры гэтым улады падвысілі пенсійны ўзрост, расце карупцыя і беззаконне.

Траціна нашых суайчыннікаў, паводле афіцыйнай статыстыкі, не можа дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг. За 25 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася больш чым на мільён чалавек. Сотні тысяч суайчыннікаў вымушаныя шукаць магчымасць заробку за мяжой.

Наша краіна 25 гадоў жыла мінулым. Сучасныя выклікі і глабальныя змены патрабуюць новых развязанняў і падыходаў, але дзяржаўная, сістэма працавала і працуе на захаванне ўлады аднаго чалавека.

Замест годнага заробку і абароны інтарэсаў працаўнікоў - кантрактная сістэма; замест стварэння сучасных вытворчасцяў - кансервацыя старога гаспадарання; замест звычайных стыпендый і пенсій - падачкі да выбараў; замест сучаснай медыцыны і адукацыі - парады і новыя рэзідэнцыі.

Улады рыхтуюцца запусціць атамную электрастанцыю ў Астраўцы, будаўніцтва якой суправаджалася скандаламі, аварыямі і хлуснёй адказных за яе ўзвядзенне чыноўнікаў.

Беларусі, якая ўжо перажыла Чарнобыль, пагражае новая, больш страшная экалагічная катастрофа. І як бы нам не казалі пра бяспеку, чалавечы фактар ніхто не касаваў.

Нашу краіну называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Мы апынуліся на ўзбочыне еўрапейскіх эканамічных і культурных працэсаў. Мы выступаем за сяброўскія і ўзаемавыгадныя стасункі з усімі краінамі, як з Расеяй так і з Еўропай, аднак за нашымі спінамі Пуцін і Лукашэнка вядуць перамовы пра тое каб Беларусь пазбавіць незалежнасці і ўключыць у склад Расеі. Для нас гэта непрымальна.

Пры гэтым нашы так званыя дэпутаты бяздзейнічаюць. Усё таму, што прадстаўляюць інтарэсы тых, хто іх прызначыў дэпутатамі, а не інтарэсы беларускага народу.

Нас пазбавілі права выбіраць сваю ўладу, у краіне няма свабодных і сумленных выбараў. Як доўга мы будзем трываць гэты падман і беззаконне чыноўнікаў, залежыць ад кожнага з нас.

Нам патрэбны парламент, у якім будуць незалежныя ад чыноўнікаў дэпутаты - сапраўдныя прадстаўнікі народа.

Нам патрэбныя тэрміновыя перамены, ад якіх здабудуць усе беларусы.

Эканоміцы патрэбнае неадкладнае лячэнне. Краіна мае патрэбу ў новым эканамічным курсе, які грунтаваўся б на дэмакратыі, адкрытай канкурэнцыі і рынкавай платформе.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» супольна з экспэртамі распрацавалі праект сістэмных рэформаў у эканоміцы, медыцыне, ЖКГ, пенсійнай і іншых сферах. Мы ўпэўненыя, што ўсю сістэму трэба мяняць ужо цяпер. Інакш нас чакае далейшае пагаршэнне жыцця нашых сем'яў.

Некалькі слоў пра сябе.

Мне 53 гады. Беларус. Жыву і працую ў Слоніме. Жанаты. У мяне выдатная жонка і дзве чароўныя дачкі. Працую вартаўніком у Слонімскім лясгасе.

Займаю актыўную жыццёвую пазіцыю, маю вялікі досвед грамадскай дзейнасці. Некалькі разоў у шэрагу еўрапейскіх краін браў удзел у стажыроўках аб абмене досведам у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сустракаўся з дэпутатамі розных узроўняў. Атрыманы мною досвед гатовы ўкараняць на карысць развіцця Беларусі.

У Слоніме шмат разоў быў адным з арганізатараў розных мерапрыемстваў накіраваных на развязанне мясцовых праблем. Збіраў подпісы пад зваротамі да ўладаў за паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання насельніцтва; за паляпшэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг; за паляпшэнне інфраструктуры і ўмоў культурнага адпачынку моладзі, дзяцей і іх бацькоў у нашым горадзе; за добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак, рамонт дарог і многае іншае.

Таксама мы дапамаглі маладой сям'і з Дзярэчын Зэльвенскага раёна абараніць сваіх дзяцей. У маладой сям'і з надуманых прычын чыноўнікі хацелі адабраць чацвярых малалетніх дзяцей. Дзякуй Богу, дзеці засталіся з бацькамі.

Дапамагаем жыхарам Слонімскага і Зэльвенскага раёна гуманітарнай дапамогай. Па меры магчымасці надаем людзям і іншую дапамогу ў развязанні розных праблем.

Я веру, што разам мы пераадолеем крызіс, у якім цяпер знаходзіцца нашая краіна. Разам мы абаронім права беларускіх сем'яў на годнае жыццё!

Заклікаю жыхароў Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў падтрымаць мяне і маю каманду.

Будзем разам, і Беларусь будзе вольная. Неўзабаве.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках