19 красавiка 2024, Пятніца, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знайшлі фота рабочых, якія пакінулі нашчадкам пасланне на плошчы Перамогі

29
Знайшлі фота рабочых, якія пакінулі нашчадкам пасланне на плошчы Перамогі
ФОТА: «МИНСК-НОВОСТИ»

Большасць з трынаццаці, пералічаных у лісце, жывыя.

На плошчы Перамогі цяпер капрамонт. На днях рабочыя дэмантавалі гранітныя пліты — і знайшлі пасланне ў бутэльцы з-пад шампанскага, піша tut.by. Яго пакінула нашчадкам ўдарная брыгада Емяльянава. Большасць з трынаццаці, пералічаных у лісце, жывыя. Многія не хочуць сустракацца з журналістамі. Але журналісты знайшлі брыгадзіра і сыноў чалавека, які, магчыма, запіску і пісаў.

Што ўсё ж рабілі рабочыя на плошчы Перамогі ў 1988-м

Гэты чорна-белы здымак апублікавала ў верасні 1988 года газета «Знамя юности». На ім - сямёра гранітчыкаў трэста №7 Галоўменскбуда. Той восенню яны разам з прадстаўнікамі «Белрэстаўрацыі» абнаўлялі Абеліск Перамогі. Работнікі чысцілі ад забруджванняў граніт, вонкавыя паверхні бронзавай скульптуры. Тады ж рэстаўравалі ордэн Перамогі.

Газета паведамляла, што працы для аднаўлення і абнаўлення помніка плануюць скончыць да 1 лістапада.

5 лістапада рабочыя брыгады не проста сыдуць з аб'екта, але і пакінуць запіску для нашчадкаў: укладуць яе ў бутэльку і закрыюць гранітнай плітой. «Тут надрывала свае спіны ўдарная брыгада Емяльянава Будтрэста №7. «(Працавалі?) мы тры з паловай месяцы...(атрымалі?) 13 рублёў за змену», - падобна на скаргу на несправядлівую аплату.

Прайшло больш за 30 гадоў, нашчадкі ў 2019-м пасланне знайшлі і сталі ламаць над ім галаву і шукаць відавочцаў.

НА ЛІСЦЕ — ДЗВЕ КАПЕЙКІ, ЯКІЯ ТАКСАМА БЫЛІ Ў ЗНОЙДЗЕНАЙ БУТЭЛЬЦЫ. ЗДЫМАК З ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛА «МІНСК ЦЯПЕР»

Дзеці аднаго з рабочых: «гнуць спіну за капейкі — гэта ён часта паўтараў»

У лісце 13 прозвішчаў, на фотаздымак у газету трапілі сямёра з іх. Адзін з тых, хто ў кадр не трапіў, — Аляксандр Кавалеўскі. Мужчына ўжо памёр, але ягоныя сыны ўпэўненыя, што бацька звязаны з гэтай гісторыяй, і мяркуюць, што сам мог пісаць ліст.

- Вельмі падобна на ягоны почырк! - распавядаюць сыны. — І «гнуць спіну за капейкі» — гэты выраз ён часта паўтараў. Калі мы праязджалі побач з плошчай Перамогі на аўтамабілі, бацька часта казаў: «Вось тут мы закапалі капсулу, гадоў праз 50, можа, і знойдуць».

АЛЯКСАНДР КАВАЛЕЎСКІ

Аляксандр Кавалеўскі быў мулярам 6-га разраду, працаваў у трэсце №1.

- Ён казаў, што гэтыя два трэсты - 1-ы і 7-ы часам працавалі разам. Напэўна, і ў той раз было так, - мяркуе сын рабочага Міхаіл.

Сыны ўзгадваюць: Бацька распавядаў пра незадаволенасць на рэканструкцыі помніка Перамогі.

- Калі ішла праца на плошчы Перамогі, ім акурат панізілі заробак, таму крыўда і была. Наогул, бацька мог выказацца: ён раней быў членам КПСС, яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга за працу. Але калі пачыналася перабудова, стаў многае разумець пра палітыку партыі. Напісаў заяву аб выхадзе з яе прыкладна ў 1987-м. Яго тады з брыгадзіраў перавялі ў муляры. Бацька быў засмучаны, але характар меў вясёлы, мы разумеем, чаму ён мог паўдзельнічаць у такім лісце.

БУДАЎНІЦТВА МІКРАРАЁНА ЗЯЛЁНЫ ЛУГ-6, У ЯКІМ УДЗЕЛЬНІЧАЎ АЛЯКСАНДР КАВАЛЕЎСКІ. ФОТА: АЛЯКСАНДРА КАВАЛЕЎСКАГА

Брыгадзір: «Плацілі нармальна, але праца была цяжкай, гэта так»

Мікалай Емяльянаў быў тым самым кіраўніком «ударнай брыгады Емяльянава», пра якую ідзе гаворка ў запісцы. Былому брыгадзіру цяпер 75, ён распавядае, што здзіўлены такой знаходкай.

- Мне нехта з брыгады патэлефанаваў і кажуць: нашу запіску знайшлі! Я акурат у лесе грыбы збіраў - рагатаў на ўвесь лес, - кажа.

Кажа, што сам ліста да нашчадкаў «толкам і не бачыў».

Наконт незадаволенасці рабочых, якая чытаецца ў лісце, Мікалай Емяльянаў кажа:

- Не ведаю, чаму так напісалі - плацілі нармальна! Працавалі адпаведна з пэўнымі расцэнкамі - тут пытанняў не было. Але праца была цяжкай — гэта так. Па 300 кілаграмаў пліты, уявіце!

Емяльянаў прызнаецца: за рацыяналізатарскую прапанову па кладцы пліт потым атрымаў ганаровую ўзнагароду — гадзіннік.

ПЛОШЧА ПЕРАМОГІ ПАДЧАС РЭКАНСТРУКЦЫІ Ў ЖНІЎНІ 2019 ГОДА. ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА, TUT.BY

Уладзімір Корбут: «Здаецца, гэта была бутэлька з-пад сідру»

Яшчэ адзін з той брыгады - Уладзімір Корбут.

- Былі хлопцы маладзейшыя ў нас - вось яны і прыдумалі пажартаваць, закласці пасланне — распавядае Уладзімір. - Мне здаецца, гэта была не з-пад шампанскага бутэлька, а з-пад сідру.

Суразмоўца асцярожна дапускае, што «мажліва, і была нейкая незадаволенасць заробкам».

— Але гэта пасля кампенсавалася ў канцы працы. Калі здавалі аб'ект, нам нават і па 100 рублёў за дзень плацілі. Каб хутчэй усё зрабіць, працаваць даводзілася шмат. З нагоды таго, што былі ўдарнікамі, — гэта ўсё ж трохі перабольшылі. Былі і іншыя моцныя брыгады.

Уладзімір Корбут узгадвае: заклалі пасланне пад апошнюю пліту, на вуліцы ў той дзень было сонечна і марозна.

«Сутнасць простая: працавалі шмат - атрымалі вельмі мала»

Журналісты адшукалі некалькіх чалавек, прозвішчы якіх пазначаныя ў пасланні. Яны не хочуць абмяркоўваць тое, што было больш за 30 гадоў таму. Дзівяцца, чаму гэтая гісторыя зацікавіла нашчадкаў, і «чаму ліст так хутка знайшлі».

Партал «Онлайнер» пагутарыў з мужчынам, які назваўся адным са складальнікаў ліста, — ён распавёў, быццам на рэканструкцыі праз праблемы з аплатай нават быў страйк.

А вось так адзін з нашых суразмоўцаў, малады мянчук, патлумачыў, чаму ягоны бацька настойліва адмаўляецца ад інтэрв'ю:

«Сутнасць простая: працавалі шмат - атрымалі вельмі мала. Бацька сказаў: усё, што хацелі перадаць, яны перадалі».

ПЛОШЧА ПЕРАМОГІ ПАДЧАС РЭКАНСТРУКЦЫІ Ў ЖНІЎНІ 2019 ГОДА. ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА, TUT.BY
Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках