23 красавiка 2024, aўторак, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«130 рублёў за 29 рабочых дзён»

49
«130 рублёў за 29 рабочых дзён»

Такі «заробак» выдалі жанчыне ў Петрыкаўскім раёне.

У вёску Навасёлкі Петрыкаўскага раёна здымачную групу «Белсата» запрасіў Дзяніс Міронаў, каб абараніць сваю маці Святлану.

«Мы прыязджаем: што здарылася? А яна кажа, што заробак далі 130 рублёў – за 29 дзён, – распавядае Дзяніс каля шпіталю. Усю ноч плакала, павысіўся ціск, і вось, забралі ў шпіталь».

Жанчына працуе ў саўгасе «Навасёлкі» – даглядае цялятак. Нізкі ж заробак ёй тлумачаць кепскімі паказнікамі.

«Яны кажуць, што няма прыважкі… але ў гэтым не наша віна, – распавядае Святлана Міронава. – Няма ў саўгасе кармоў. Камбікорму яны не давалі паўгода. І быў вельмі моцны падзеж. Дык а дзе прыважка была годам раней? Год не важыліся!»

Сёлета Святлана Міронава ні разу не атрымала нават мінімальнага заробку 330 рублёў. Пры гэтым працуе жанчына амаль без выходных.

«І гадзін жа багата! 209 гадзін! Нам належыць рабіць, напрыклад, 164 гадзіны, а лішнія гадзіны яны папросту выкідаюць. Яны не даплачваюць нам!», – скардзіцца Святлана.

Але нават заробленыя 130 рублёў спадарыня Святлана на рукі не атрымала. Частку прадпрыемства пералічвае ў мясцовую краму. Што гэта за дзіўнае новаўвядзенне і як яно працуе, Дзяніс Міронаў запытаўся ў прадавачкі.

«Даюць ведамасці нам на атаварванне, 50 рублёў на асобу. Незалежна ад заробку – па 50 рублёў. Працаўнік прыходзіць да нас, набірае, да прыкладу, на 15 рублёў, пасля яшчэ на 25, ну і так да канца», – патлумачыла прадавачка.

Пакуль маці – у шпіталі, сыны дапамагаюць падрыхтавацца ёй да зімы.

«Дровы каштуюць 120 рублёў, пасекчы, парэзаць – 50, 30 рублёў, а заробак у маці 100–120, – кажа другі сын спадарыні Святланы Максім. – А яшчэ трэба камунальныя паслугі аплаціць, паесці на месяц. Як жыць на такі заробак?!»

Начальніца аддзелу эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Петрыкаўскага райвыканкаму Алісія Палтаран патлумачыла нам, чаму такая сітуацыя склалася ў саўгасе «Навасёлкі».

«Так, там ёсць парушэнні, там пералічваюць. Але трэба разбірацца! У гэтай асобы няма нагрузкі, у яе норма – 90 галоў. На гэты момант яна абслугоўвае 50. Але брыгадзір ставіла ёй поўны працоўны дзень. Трэба разбірацца! Таму заўтра мы выклікаем прадстаўнікоў гаспадаркі, яны з заробкам прыедуць, будзем глядзець!», – запэўніла Алісія Палтаран.

Генадзь Фядыніч лідар прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці, нагадвае: наймальнік у любым выпадку павінен выплочваць мінімальны заробак – 330 рублёў.

«Калі ён не выплачвае, то трэба напісаць скаргу ў дэпартамент працы, у раённы ці міжраённы. Там зафіксуюць гэтыя парушэнні. І наймальнік павінен будзе выплаціць усё, што ён не выплаціў за гэты год гэтаму працаўніку. Не трэба гэтага баяцца, калі не хочаце жыць у жабрацтве», – кажа Фядыніч.

Перавод жа заробленых грошай у краму можа ажыццяўляцца толькі на пісьмовую заяву працаўніка.

Дзяніс Міронаў, сын спадарыні Святланы, ужо напісаў скаргу ў мясцовую пракуратуру з просьбаю праверыць прадпрыемства «Навасёлкі». Але і на гэтым спыняцца не плануе.

«Я буду далей займацца гэтым пытаннем, бо хачу абараніць не толькі сваю маці, але і іншых калгаснікаў… бо я адсюль родам».

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках