19 лiстапада 2019, aўторак, 7:06
Дзень другі
Рубрыкі

У Беларусі з'явіліся новыя «адмоўнікі»?

23
У Беларусі з'явіліся новыя «адмоўнікі»?

Скандальныя выпадкі множацца.

Сайт Charter97.org паведамляў пра выпадак, як сям'і з Віцебска ваенкамат адмовіў у дакументах на атрыманне пашпарта РР, неабходнага для рэпатрыяцыі ў Ізраіль. «Падставай» стала тое, што 15-гадовы сын Сяргея Матуліна знаходзіцца на ўліку як ваеннаабавязаны.

На днях у рэдакцыю звярнуўся чытач, які не захацеў апублікаваць свае асабістыя звесткі і апавёў аналагічную гісторыю:

– На вашым сайце быў артыкул пра тое, як мужчына з Віцебска рабіў пашпарт для выезду ў Ізраіль сабе і сваім дзецям – і яму адмовілі ў ваенкамаце выдаць даведку для 15-гадовага сына, які ўжо стаiць на ваенным уліку.

І вось мы сутыкнуліся з дакладна такой самай сітуацыяй. 10 жніўня пачаў дзеянне новы закон пра адтэрміноўку, і якраз са жніўня ў нас пачаліся праблемы. У выніку ў ваенкамаце нам адмовілі ў даведцы для атрымання пашпарта серыі РР.

Аргументы ў іх даволі дзіўныя: хлопчык павінен вярнуцца і адслужыць. Нашы довады, што да 18-годдзя ён увогуле будзе, хутчэй за ўсё, грамадзянінам іншай краіны, на ваенкамат не падзейнічалі. Нам так і сказалі: гэта нас не датычыцца.

Сёлета сын якраз і атрымаў прыпісное пасведчанне і быў пастаўлены на ўлік як ваеннаабавязаны. Да гэтага мы папярэджвалі ваенкамат, што праходзім консульскую праверку, каб выехаць усёй сям'ёй на сталае месца жыхарства ў Ізраіль. Тады, да прыняцця закона пра «адтэрміноўку», нам адказалі: не турбуйцеся, будзеце афармляць дакументы – мы вас здымем з уліку.

Але пачынаючы са жніўня ўсё рэзка змянілася. Увогуле мы збіраліся выехаць у Ізраіль ужо сёлета: у нас усё было гатовае і распланаванае, засталося толькі атрымаць пашпарты РР.

– Чаму так важна атрымаць менавіта гэты тып пашпарта?

– У Ізраілі ёсць закон пра рэпатрыяцыю. Згодна з ім, рэпатрыянты атрымліваюць не толькі матэрыяльную дапамогу, але і іншыя магчымасці: нізкая стаўка падаходнага падатку на першы час, ваўчар на паўгода для вывучэння дзяржаўнай мовы. Усё гэта дазваляе нармальна ўліцца ў грамадства.

Калі няма пашпарта РР – ты заязджаеш як турыст, а не як рэпатрыянт. Але права на рэпатрыяцыю зыходзіць з паходжання, а ваенкамат на зусім незразумелых падставах нас яго пазбаўляе.

– І як ваенкамат афіцыйна абгрунтаваў сваю адмову ў выдачы дакументаў?

– Па-першае, нам патэлефанавалі з АВІРа і сказалі: на вашага сына прыйшла афіцыйная адмова з ваенкамата. Саму гэтую адмову нам яшчэ не паказалі. І гэта абцяжарвае фармулёўку юрыдычна абгрунтаваных прэтэнзій да органаў улады.

Я глядзеў гэты новы закон пра адтэрміноўку: там напісана, што ён пачаў дзейнічаць з 10 жніўня. А дазвол на рэпатрыяцыю консул Ізраіля нам ухваліў яшчэ ў траўні, калі такога закона яшчэ не было.

Але самае цікавае: я здолеў пагутарыць з ваенным камісарам нашага раёна і высветлілася, што ў іх ёсць свой, унутраны дакумент, які рэгламентуе – каму даваць адтэрміноўку, а каму не даваць. Акрамя таго, ваенкам сказаў, што ў іх якраз пачаліся праверкі, наколькі яны сочаць за тым, каб прызыўнікі не «знікалі». Гэта праводзіць нейкая «ўнутраная служба», якая якраз сочыць і за выдачай дазволаў на пашпарты серыі РР.

Разумееце, што крыўдна: сын да дасягнення 18-годдзя будзе грамадзянінам іншай краіны. Таму тут нават гаворкі няма пра тое, што ён збіраецца «касіць» і адмаўляцца выконваць свой абавязак. Таму пазіцыю ваенкамата я ўважаю сама менш нелагічнай.

Гэта вельмі дзіўная, калі не сказаць – хітрая пазіцыя. Гэта значыць, наўпрост сем'i не разлучаюць, але робяць так, што разам мы выехаць на аднолькавых падставах не можам. Так бандыты робяць: падмануць, «наколюць», але пры гэтым робяць твар, як у нявіннай авечкі. І тут тое самае: мы вас не разлучаліся, але паспрабуйце нешта зрабіць... Замкнёнае кола.

Я магу зрабіць сабе пашпарт РР і жонцы, але гэта азначае, што трэба выпісацца з кватэры ў Беларусі. А з яе нас ніхто не выпіша, таму што там прапісаныя няпоўнагадовыя дзеці, якім пашпарт РР не даюць. І вось – людзі, якія маюць права на рэпатрыяцыю ў Ізраілі, трапляюць у пастку.

Той самы «закон Раўкова» не распісвае, што канкрэтна рабіць у такой сітуацыі, калі ўся сям'я хоча выехаць на ПМЖ за мяжу. Ваенкамат дзейнічае на падставе нейкага свайго тлумачэння гэтага закона. І тлумачэння вельмі дзіўнага: адна справа, калі прызыўнік у 18 гадоў прыходзіць і просіць пашпарт РР незразумела для чаго, і зусім іншае – калі ўся сям'я з 15-гадовым дзіцем з'язджае назусім і ёсць пастанова консула іншай краіны пра рэпатрыяцыю.

Хоць я мяркую, што і 18-гадоваму прызыўніку ў той арміі, якая цяпер ёсць, лепей не служыць...

– Чаму?

– Успомніце Аляксандра Коржыча. Любому чалавеку зразумела, што гэта – крымінал. Забілі салдата. Які там можа быць суіцыд? Як ён мог сам павесіцца, звязаўшы рукі і нацягнуўшы на галаву майку?

Нават абывацелю зразумела, што на самай справе здарылася. І галоўнае: такія выпадкі былі і да, і пасля Коржыча. Гэта войска, якое не ваюе, у краіне, у якой няма ўзброеных канфліктаў – і ў ёй на роўным месцы гінуць салдаты. Гэта не войска, а нейкі балаган і цырк на дроце...

І гэта тычыцца не толькі арміі, а ўсёй сістэмы кіравання дзяржавай. Я пакуль бегаў па ваенкаматах, быў проста ў шоку ад таго, колькі людзей хоча з'ехаць у той жа Ізраіль – паводле розных, самым найменшых зачэпак, нават калі нехта ў аддаленых пакаленнях быў габрэем... Гэта так грамадзяне ацэньваюць дзейнасць гэтай улады.

– Ці будзеце змагацца за сваё права на рэпатрыяцыю?

– Так, я маю намер змагацца і далей. Ведаеце, трэба будзе – выйду на Плошчу. Вы ведаеце, я скончыў інстытут, калі гэты, я прашу прабачэння, «вусаты» толькі прыйшоў да ўлады. Усё актыўнае жыццё я пражыў пры гэтым дзіўным дзядзьку.

І ў мяне цяпер толькі адна думка: гэтая ўлада – зусім не ўлада. Гэта нейкія бандыты. А з бандытамі трэба змагацца.

Гістарычная даведка

«Адмоўнікі» – неафіцыйны тэрмін, у 1970–1980-я гады ў СССР выкарыстоўваўся для абазначэння савецкіх грамадзянаў, якія атрымалі ад уладаў адмову ў дазволе на выезд з СССР.

У 1960–1980-я гады ў савецкім грамадстве жаданне чалавека законным шляхам эміграваць з СССР разглядалася ўладамі як здрада. Працэс падачы і разгляду заяў на выезд суправаджаўся цэлым шэрагам бюракратычных фармальнасцяў і затрымак, закліканых максімальна абцяжарыць, а лепш – зрабіць немагчымай масавую эміграцыю.

Для выезду з СССР недастаткова было атрымаць уязную візу дзяржавы, у якое з'язджаеш. Патрабавалася атрымаць таксама выязную візу, якую выдавалі не ўсім ахвотным. Многія з тых, хто падаваў заявы ў АВІР на выезд, атрымлівалі адмову. Іх сталі называць «адмоўнікаў».

У абарону «адмоўнікаў» разгарнуўся значны рух у ЗША, Англіі, Францыі, Ізраілі і іншых краінах. У лік «адмоўнікаў» у свой час патрапілі вядомыя савецкія дысідэнты і праваабаронцы Натан Шчаранскі, Віктар Браілоўскі, Іосіф Мендзялевіч, Іосіф Бягун, Уладзімір Сляпак і іншыя.