25 красавiка 2024, Чацвер, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Улады пабудавалі пазыковую піраміду, як у Маўродзі

43
Эканаміст: Улады пабудавалі пазыковую піраміду, як у Маўродзі

Любы матэматык дакажа, што яна разваліцца.

У лістападзе ўрад павінен зладзіць «разбор палётаў» паводле вынікаў дзевяцімесячнай працы эканомікі.

Незадаволенасць яе «паказнікамі» выказваў і Лукашэнка, і прэм'ер-міністр Сяргей Румаc.

У якім жа стане сёння знаходзіцца эканоміка Беларусі?

На пытанні Charter97.org адказвае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

– Што менавіта выклікала незадаволенасць уладаў эканамічнымі паказнікамі? Паводле якіх параметраў мы сёлета «аселі» больш за ўсё?

– Ёсць два асноўныя эканамічныя паказнікі, якія не задавальняюць улады.

Па-першае, гэта нездавальняльныя тэмпы росту нашага ВУП. Замест 4%, якія былі запланаваныя ўрадам, за дзевяць месяцаў у пераліку на год ВУП вырас усяго на 1%. Гэта і выклікала раздражненне Лукашэнкі, які запатрабаваў як заўгодна выканаць гэты прагноз – інакш будзе звольнены ўвесь урад, пачынаючы з прэм'ер-міністра, ягоных памочнікаў, намеснікаў і гэтак далей.

Таксама незадаволенасць уладаў выклікала падзенне экспарту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. І вельмі малаверагодна, што ў экспарце мы выйдзем на запланаваныя лікі.

– Як паўплывалі на эканамічную сітуацыю «нечаканкі» з Расеі: брудная нафта ў «Дружбе», падатковы манеўр у нафтаздабыўной галіне і адмова ў крэдыце $ 600 мільёнаў?

– Гэтыя абставіны паўплывалі самым негатыўным чынам. Таму што наш урад спадзяваўся на расейскую падтрымку. Прыкладна год міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заяўляў, што запытаны крэдыт 630 мільёнаў даляраў на рэфінансаванне ранейшых пазык – у асноўным, Расеі – Беларусь атрымае. Але потым прыехаў Дзмітрый Мядзведзеў і высунуў свой ультыматум, што з боку Расеі будзе традыцыйная падтрымка толькі ў тым выпадку, калі ўлады пойдуць на больш глыбокую інтэграцыю.

Але сёння атрымліваецца, што ні 630 мільёнаў даляраў, ні 200 мільёнаў даляраў апошняга траншу крэдыту ЕФСР (Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця – рэд.), ні кампенсацыі падатковага манеўру Беларусь не атрымае.

Калі браць толькі падатковы манеўр, Мінфін падлічыў – гэта штогадовыя страты памерам 400 мільёнаў даляраў.

Пастаўленыя Расеяй умовы пра глыбокую інтэграцыю ў большай ступені палітычныя. І стаіць пытанне пра тое, што Беларусь на мяжы страты дзяржаўнага суверэнітэту.

– З нагоды крэдытаў у Расеі: мы штогод рэфінансуем 75% сваіх пазык, займаючы для гэтага грошы ва ўсходняга суседа. Ці можна сказаць, што ўлады трапілі ў пазыковую пастку?

– Так, гэта сапраўды так. І таму Расея нас і шантажуе – калі мы не пойдзем на больш глыбокую інтэграцыю, то ўлады не атрымаюць ніякай фінансавай дапамогі. Беларусь не атрымала яе сёлета, можа не атрымаць і налета. А спроба знізіць рэфінансаванне 75% пазыкаў – а Мінфін аднойчы заявіў, што хоча знізіць гэты паказнік да 50% – пакуль ні да чаго не прыводзіць. Таму ўладам трэба тэрмінова шукаць грошы. Але я мяркую, што ні ў якім разе іх не трэба браць у Расеі – каб гэтая фінансавая пастка для нас канчаткова не закрылася.

Вялікае значэнне будзе мець тое, што падпішуць Лукашэнка і Пуцін 8-га снежня. І ці падпішуць яны нейкую дамову пра паглыбленне інтэграцыі ўвогуле. Пакуль мы знаходзімся ў стане нявызначанасці.

– На што падобная структура пазык Лукашэнкі ў Расеі?

– Вельмі нагадвае фінансавую піраміду – накшталт той, якую ствараў у 1990-я Сяргей Маўродзі і ягоная «каманда». У чым была сутнасць піраміды Маўродзі? Ён распаўсюджваў свае «квіткі» і спачатку выплачваў паводле іх вялікія адсоткі пры пагашэнні. Гэта рабілася менавіта за кошт тых квіткоў, якія набывалі ягоныя новыя «інвестары». Гэта і ёсць класічная піраміда.

Любы матэматык можа даказаць, што любая піраміда рана ці позна развальваецца. Беларусь павінна выплаціць 3,5 мільярда даляраў знешніх пазык, потым, у «пікавы» год – яшчэ больш і так далей.

Улада магла існаваць толькі таму, што Расея давала нам на рэфінансаванне пазык мільёны даляраў. Але цяпер яна адмовіла, таму ў Мінфіна праблема, дзе ўзяць грошы і як справіцца з гэтай сітуацыяй. Расея паставіла Лукашэнку ўльтыматум.

– Бюджэт на 2020 год звярстаны з дэфіцытам на 1 мільярд рублёў? Да чаго гэта можа прывесці?

– Такі бюджэт сам сабой не страшны – гэта 1% ВУП. Ёсць міжнародная норма, якая дапускае дэфіцыт бюджэту краіны да 3% ВУП. Я думаю, што мы з гэтым справімся, хоць, з другога боку – як паглядзець. Раней была расейская падтрымка, а цяпер не ясна, ці будзе яна.

Папярэднія бюджэты ад Мінфіна ці былі збалансаваныя, ці выконваліся з прафіцытам. Таму за кошт гэтага былі назапашаныя пэўныя сумы, якія ідуць на выплату пазык – у тым ліку Расеі.

Але паколькі бюджэт на будучы год закладаецца з дэфіцытам, ён з'яўляецца больш напружаным у параўнанні з бюджэтам гэтага года. Мабыць, гэта звязана з абавязальніцтвамі, якія бяруць улады перад выбарамі, у тым ліку датычна павышэння заробкаў і пенсій, а таксама выплатаў у пазыках.

Калі ўлады ўсё-ткі змогуць дамовіцца з Расеяй пра памяркоўныя кошты на вуглевадароды, то фактычна магчымае тое, што Мінфін зможа выканаць бюджэт наступнага года нават з прафіцытам.

– Наколькі важна для Беларусі пераадолець фінансавую залежнасць ад Расеі і захаваць эканамічны суверэнітэт і як гэта зрабіць?

– Гэта стратэгічная задача на будучую пяцігодку. Самае важнае і дарагое – гэта незалежнасць краіны і яе палітычны і дзяржаўны суверэнітэт.

Для гэтага неабходна адыходзіць ад татальнай залежнасці ад Расеі. Таксама трэба дыверсіфікаваць экспарт паводле вядомай формулы: траціна паставак у ЕЗ, траціна ў краіны «далёкай дугі» і толькі траціна на расейскі рынак.

Маючы некалі ў гэтым пытанні зрухі, цяпер мы зноў вярнуліся да зыходнага становішча. І цяпер Беларусь ажыццяўляе палову свайго таваразвароту ў Расію.

Вядома, гэтыя задачы трэба развязаць. І іх не развяжаш без рэфармавання нашай эканомікі, нашага дзяржаўнага сектару, пра што даўно кажуць і нашы знешнія крэдыторы, і нашы незалежныя аналітыкі.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках