19 красавiка 2024, Пятніца, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст пра перапіс: Пра беларусаў хочуць ведаць занадта шмат

50
Юрыст пра перапіс: Пра беларусаў хочуць ведаць занадта шмат
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Мерапрыемства ператварылася ў прафанацыю.

У Беларусі заўтра, 30 кастрычніка, закончыцца перапіс насельніцтва.

Падзеі, звязаныя з перапісам, ужо не раз станавіліся тэмай для скандалаў: грамадзяне абураліся характарам задаваных пытанняў, а многія нават заяўлялі, што не пусцяць перапісчыкаў на парог свайго жылля.

Наколькі гэты «перапіс» карэктны ў святле правоў і свабодаў грамадзянаў? І што будзе з інфармацыяй, атрыманай у яго выніку?

На пытанні Charter97.org адказвае старшыня юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Гары Паганяйла:

– У СМІ ўсё часцей трапляюць скандальныя выпадкі, звязаныя з перапісам. Напрыклад, людзі паведамляюць пра такія сітуацыі: перапісчык пытаецца толькі прозвішча, імя, адрас і асабісты нумар і ўцякае, сказаўшы, што астатняе дапіша сам. Як Вы гэта пракаментуеце?

– Па-першае, гэта самая сапраўдная прафанацыя замест перапісу. Самі перапісныя лісты ўтрымліваюць масу пытанняў, якія сапраўды ўрываюцца ў такія таямніцы асабістага і сямейнага жыцця, якія ўлады абсалютна не павінны цікавіць.

Таму многія людзі – асабліва тыя, хто зазірнуў на гэты сайт, дзе можна было прайсці онлайн-перапіс – пераканаліся ў тым, што дзяржава відавочна перавышае свае паўнамоцтвы. І ўлады хочуць ведаць пра беларусаў значна больш звестак, чым гэта было б неабходна для ажыццяўлення перапісу.

Па-другое, сам характар працы «перапісчыкаў» – калі яны часам прыходзяць разам з супрацоўнікамі міліцыі – насцярожвае і нават палохае людзей.

А той факт, што «перапісчыкі» задаюць толькі пару пытанняў і ўцякаюць, кажа нам пра тое, што сам перапіс вядзецца фармальна. Бо ва ўладаў назапашана поўным-поўна асабістых звестак пра беларусаў. Калі яны ведаюць ідэнтыфікацыйны нумар – які ў нас прапісаны і ў пашпарце, і ў падатковай інспекцыі – усё астатняе яны могуць так падумаць, дапісаць і гэтак далей.

У выніку яны потым прапануюць перапісныя лісты нібыта ад імя грамадзянаў і ўсё будзе «ціп-топ».

– Перапісчыкі падыходзяць да людзей у грамадскім транспарце і пачынаюць браць іх звесткі там. Пры гэтым самі прызнаюцца, што многія звесткі запісваюць «ад балды». Ці законныя такія дзеянні?

– Гэта грубае парушэнне працэдураў і правілаў перапісу насельніцтва. Сам перапіс прадугледжвае канфідэнцыйны характар і павінны выконвацца адпаведныя нормы. Таму – ні ў грамадскім транспарце, ні ў іншых грамадскіх месцах запаўняць перапісныя лісты і ўвогуле проста гутарыць на гэтыя тэмы недапушчальна! Гэта лішні раз пацвярджае фармальнасць гэтага перапісу і тое, што ў нашай краіне адсутнічаюць усякія гарантыі ў выкананні правоў грамадзянаў.

Проста таталітарнаму рэжыму патрэбныя фармальныя адказы, а ўлады потым усё самі дапрацуюць і прапануюць гэтую статыстыку. А потым у сваіх палітычных і ідэалагічных інтарэсах будуць спасылацца на гэтыя звесткі, тлумачачы «палітыку партыі» ўрада. А яна нібыта накіраваная на забеспячэнне правоў грамадзянаў, іх сацыяльных патрэбаў і іншых рэчаў, якія ўлады «збіраюцца» рабіць, выконваючы волю грамадзянаў.

– У сваю абарону перапісчыкі паведамляюць наступнае: «дадатак на планшэтах увесь час страчвае сувязь з сэрверам, але перапісаныя адрасы не знікаюць са спісаў, і мы абыходзім іх зноў і зноў, людзі псіхуюць, таму запаўняем звесткі з столі». Што можна сказаць пра якасць такога перапісу?

– Нягледзячы на тое, што Лукашэнка ганарыцца сваімі «айцішнымі» тэхналогіямі і памкненнямі ў гэтай галіне – усё гэта пакуль у такім пачатковым стане, што забяспечыць нармальную працу сваіх лічбавых тэхналогій, якія яны выкарыстоўваюць у перапісе, проста немагчыма. Ні тэхнічна, ні паводле наяўнасці прафесійных навыкаў тых спяцоў, хто гэтым займаецца, ні іншымі аспектамі і абставінамі. Таму так усё наперакасяк і ідзе.

– Нярэдкія выпадкі, калі людзі самі прайшлі перапіс у інтэрнэце. Але да іх прыходзіць перапісчык і патрабуе гэта зрабіць паўторна – маўляў, сістэма «не прыняла». Тым, хто адмаўляецца, пагражаюць міліцыяй. Наколькі законныя іх дзеянні?

– Гэта відавочны перабор! З перапісчыкаў патрабуюць паўнаты ахопу насельніцтва, а таксама паўнаты запаўнення звестак перапісных лістоў. Забяспечыць яны гэта не могуць праз тэхнічныя, арганізацыйныя або іншыя прычыны. Але кіраўніцтва цісне, душыць і патрабуе.

Гэта бяда нашай дзяржавы, што яна такая ў нас шалапутная. Улады не з таго боку ўзяліся за гэтую справу, не падрыхтаваліся належным чынам да перапісу, хоць у іх было на гэта 10 гадоў часу.

У нас як заўсёды – усё робіцца праз адно месца, таму так усё і адбываецца.

– Людзі звяртаюць увагу на тое, што ў перапісе адсутнічае механізм кантролю за наступнай маніпуляцыяй звесткамі. А менавіта: няма зыходнага папяровага фармуляра, запоўненага самім грамадзянінам, які павінен прайсці працэдуру ўліку і архівавання. Прасцей кажучы, не толькі перапісчык можа занесці любыя звесткі ў планшэт, але і ў працэсе апрацоўкі іх могуць сказіць і нічога не дакажаш. Што Вы думаеце з гэтай нагоды?

– Для пачатку трэба прыняць вельмі грунтоўнае і змястоўнае заканадаўства пра базы звестак, якія ўлады напладзілі, размяшчаюць і якімі карыстаюцца. Мае месца парушэнне правоў грамадзянаў на забеспячэнне таямніцы іх асабістага і сямейнага жыцця.

У новым заканадаўстве трэба замацаваць права перш за ўсё тых, хто падае гэтыя звесткі, каго яны датычацца. Гэтыя правы неабходна абараняць у тым ліку і ў судзе – а ў нас цяпер гэта практычна не прадугледжана.

Але, на жаль, улада будзе выкарыстоўваць усю тую інфармацыю, якую яна мае ў наяўнасці ў «базах звестак». Да прыкладу, пастановяць яны выкарыстоўваць базу звестак аб «дармаедах». А ў нас сотні тысячаў грамадзянаў неабгрунтавана патрапілі ў «дармаеды». І ўжо цяпер яны чамусьці павінны з дакументамі ў руках у зневажальнай працэдуры даказваць адваротнае.

– У Канстытуцыі замацаванае права грамадзяніна не сведчыць супраць самога сябе. Ці можна на гэтым ці нейкіх іншых падставах адмовіцца ад удзелу ў перапісе?

– Гэта крыху іншае – гэта прэзумпцыя невінаватасці. Яна выкарыстоўваецца, у асноўным, у крымінальна-прававых сітуацыях. А перапіс – справа добраахвотная. Хачу – даю звесткі пра сябе, не хачу – не даю. Ніякай «абавязалаўкі» быць не павінна!

Рэакцыя асноўнай масы людзей на перапіс кажа пра тое, што яны не хочуць супрацоўнічаць з гэтай свалачной «дзяржавай». Вось і ўсё тлумачэнне. Ніякай адказнасці за тое, што грамадзяне не будуць удзельнічаць у перапісе няма.

Асабіста я проста з парога адправіў «перапісчыкаў» і сказаў ім: «Пакуль урад знаходзіцца на вуліцы Савецкай, а перад домам урада стаіць помнік Леніну, я з гэтай “дзяржавай” ніякіх справаў не хачу мець. Зменіце сутнасць гэтай дзяржавы – тады я буду яе грамадзянінам».

То-бок не фармальным грамадзянінам паводле пашпарта, а хочацца па-сапраўднаму адчуваць сябе грамадзянінам беларускай дзяржавы. Але пакуль, як той казаў: «Люблю краіну, а дзяржаву – ненавіджу!»

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках