29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз колькі гадоў Беларусь дагоніць Польшчу?

22
Праз колькі гадоў Беларусь дагоніць Польшчу?

Меркаванне эканаміста.

У той час як міжнародныя фінансавыя арганізацыі прадракаюць запаволенне росту ВУП Беларусі, эканамісты настойваюць на тэрміновым пошуку апоры для ягонага паскарэння. Без гэтага айчынная эканоміка прадоўжыць таптацца на месцы і ўсё больш адставаць ад краінаў Цэнтральнай Еўропы і Балтыі.

Што дазволіць расці эканоміцы больш актыўна, абмеркавалі эксперты на семінары «Ад стабільнасці да эканамічнага росту: перспектывы Беларусі», піша zautra.by.

Як не затрымацца ў стагнацыі?

Самымі паспяховымі ў гэтым плане для Беларусі былі 2003–2008 гады, калі патэнцыйны рост павялічваўся. Але з 2008 да 2013 ён запаволіўся. А ў апошнія гады практычна замарозіўся, апавёў старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC Зміцер Крук. Сярэдні рост, які эканоміка можа генераваць у яе цяперашнім стане і пры адсутнасці знешніх рызык – гэта 2%.

Але пры такім тэмпе росту стаць паспяховай і забяспечыць макрастабільнасць у айчыннай эканомікі шанцаў няма. Яна будзе ўсё больш адставаць ад краінаў Цэнтральнай Еўропы і Балтыі, на якія, як мяркуе эканаміст, Беларусі трэба было б абапірацца.

– Росту апошніх сямі гадоў відавочна недастаткова для таго, каб падтрымліваць статус-кво. Больш за тое, мы істотна пагоршылі свае адносныя пазіцыі. Пайшла рассінхранізацыя з гэтымі краінамі, – адзначыў Зміцер Крук.

Калі айчынная эканоміка прадоўжыць развівацца сённяшнімі тэмпамі, то фактычны ўзровень дабрабыту будзе пагаршацца ў параўнанні з заходнімі суседзямі.

– Беларусь будзе ўстойліва больш беднай краінай. Гэта само сабой пагроза, паколькі не дае магчымасці сфармавацца дабратворнаму колу. Дабратворнае кола атрымліваецца, калі мы маем высокі рост. І дзякуючы высокаму росту мы ствараем перадумовы для будучага росту. А яны, у сваю чаргу, стымулююць рост, – растлумачыў эксперт BEROC.

Зміцер Крук ужо некалькі гадоў кажа пра важнасць паскарэння росту эканомікі. Паводле ягонай ацэнкі, каб выйсці на траекторыю хуткага развіцця, Беларусі цягам 10 гадоў трэба расці 6-7% за год.

– Калі мы хочам да 2030 года быць нароўні з Чэхіяй, усе гады сярэдні рост павінен скласці 7,6%. Калі хочам дагнаць Польшчу да 2050 года, гэты рост можа складаць 3,2%, – кажа Зміцер Крук.

Эксперт дадае, што пры росце блізу 2% за год Чэхію, Латвію, Літву, Славакію Беларусь не дагоніць ніколі, а каб дагнаць Польшчу, спатрэбіцца 246 гадоў.

Але нават калі не думаць пра спаборніцтва з больш паспяховымі краінамі, павышэнне росту эканомікі вельмі важнае для яе ўстойлівасці.

Здаровае нармальнае функцыянаванне эканомікі – гэта аснова ўстойлівасці нацыянальнай валюты, адзначыла кіраўніца ўправы даследаванняў Нацбанка Наталля Мірончык.

– Рост нізкі і няўстойлівы. Трэба як мага хутчэй ужываць важныя захады для ягонага нарошчвання. Але не хацелася б паўтараць тыя памылкі, якія былі ў 2011 годзе – вельмі не хацелася б наступаць на тыя ж граблі, – падкрэсліла прадстаўніца Нацбанка.

У апошнія гады запаволіўся патэнцыял росту. Пры гэтым разрыў выпуску вагаецца блізу нуля, што кажа пра збалансаванасць эканомікі. І стымуляваць эканамічны рост з боку попыту няма патрэбы. Нацбанк выступае супраць стымулявання эканомікі за кошт манетарнай палітыкі. Гэта разагрэла б попыт, а разам з ім паскорыла б інфляцыю, прывяло да нестабільнасці на валютным рынку, знізіла ўзровень прыбыткаў.

– Цяпер вельмі важныя захады з боку прапановы. Доўгатэрміновы рост залежыць ад такіх ключавых чыннікаў, як праца, капітал, тэхналогіі, арганізацыя вытворчасці. І патрэбныя захады, якія будуць ўздзейнічаць на гэтыя кампаненты, – сказала Наталля Мірончык.

За кошт чаго расці?

Рэцэпты росту эканомікі, якія выкарыстоўвалі ў 2000-я гадах (стымуляванне інвестыцый у асноўны капітал, залішняя роля дзяржавы ў размеркаванні і акумулявання інвестыцый і ахвяраванне коштавай і фінансавай стабільнасцю дзеля росту) не прынясуць жаданага эфекту. Нават, здавалася б, паспяховы інструмент назапашвання капіталу стаў канфліктаваць з прадукцыйнасцю, таму што стаўка на назапашванне капіталу і факусаванне эканамічных уладаў на механізме размеркавання інвестыцый прыводзіла да накладання абмежаванняў на фінансавы рынак, на нармальнае функцыянаванне рынкаў працы і тавараў і паслуг.

Глыбокі і ўстойлівы рост эканомікі здольная забяспечыць больш высокая прадукцыйнасць працы і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў.

– Каб вярнуцца да ўстойлівага росту і яго павысіць, трэба думаць наконт прадукцыйнасці, а пра капітал мы пакуль можам забыцца. Калі ў нас будзе расці прадукцыйнасць, там, дзе не хапае капіталу, яна будзе расці ў сілу рынкавых прынцыпаў, – кажа эксперт BEROC.

Але за апошнія 10 гадоў прадукцыйнасць практычна не вырасла. Збольшага таму, што дзяржава клапоціцца пра кампаніі з самай нізкай прадукцыйнасцю і ў краіне растуць менш эфектыўныя галіны і фірмы.

Для росту прадукцыйнасці важныя макрастабільнасць, больш эфектыўнае дзяржкіраванне, забеспячэнне фінансавага пасярэдніцтва, якасць адукацыі, таварныя рынкі, палітыка канкурэнцыі, інфраструктура і адкрытасць, а таксама тэхналагічная аснашчанасць, сказаў на заканчэнне Зміцер Крук.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках