25 красавiка 2024, Чацвер, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рух у гарадах Беларусі могуць падзяліць на тры хуткасныя зоны

54
Рух у гарадах Беларусі могуць падзяліць на тры хуткасныя зоны
Фота: onliner.by

Першапачаткова ДАІ ўносіла прапанову абмежаваць хуткасць у гарадах да 50 км/г.

Дзяржаўтаінспекцыя плануе падзяліць рух у гарадах Беларусі на тры хуткасныя зоны, паведаміў начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі ДАІ МУС Дзмітрый Навой на выніковай канферэнцыі праекта «Еўрапейскі тыдзень мабільнасці», піша БелаПАН.

З ягоных слоў, ДАІ падтрымлівае прасоўванне ў краіне канцэпцыі развіцця веласіпеднай інфраструктуры і мае намер памяняць структуру гарадскога руху. «Мы хочам паставіць на першае месца чалавека, грамадскі транспарт і ровар, а аўтамабіль - на апошняе», - падкрэсліў Навой.

Ён адзначыў, што першапачаткова ДАІ ўносіла прапанову абмежаваць хуткасць у гарадах да 50 км/г. «Аднак, з улікам дарожнай сеткі, якая дасталася нам ад савецкага мінулага, мы разумеем, што гэта немагчыма зрабіць, - сказаў Навой. - Цяпер у нас нават пры шырокіх дарогах і святлафорах ёсць заторы. Мы выказалі здагадку, што калі ў Менску ў гадзіну пік дазволіць рух нават да 100 км/г, то сярэдняя хуткасць усё адно будзе 12-18 км/г».

Пры гэтым, дадаў прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі, неабходна структураваць ужо наяўную дарожную сетку і ДАІ распрацоўвае гэтае пытанне. «Цяпер мы разам з ПРААН вывучаем прапанову аб такой структурызацыі сеткі, каб яе можна было падзяліць на тры хуткасныя зоны - 30, 50 і 70 км/г, - распавёў Навой. - Так, зоны з дазволенай хуткасць 70 км/г будуць належаць толькі аўтамабілям, а ў пешаходаў там будзе мінімальная магчымасць выйсці на дарогу. У хуткаснай зоне 50 км/г трафік будзе змешаны, прыярытэт тут аддаецца грамадскаму транспарту і веласіпедыстам. У зоне 30 км/г аўтамабіль па значнасці будзе знаходзіцца на апошнім месцы - гэта царства ровараў, сродкаў персанальнай мабільнасці і пешаходаў».

Акрамя таго, паведаміў Навой, пасля эксперыментальнага вынасу веладарожак на праезную частку ў Полацку і на вуліцы Веры Харужай у Менску Дзяржаўтаінспекцыя прапрацоўвае далейшую рэалізацыю гэтай ініцыятывы. «Нам ужо прапанавалі тры-чатыры вуліцы ў Менску для прадаўжэння праекта», - сказаў ён.

На думку Навоя, у Беларусі пакуль яшчэ існуе неразуменне важнасці ўключэння веладарожак у агульную дарожную сетку як сярод кіроўцаў, так і ў мясцовых уладаў. «Кажуць: прыбярыце іх куды-небудзь у парк, не пускайце на дарогу. Яны не разглядаюць веладарожкі як рэальны інструмент уплыву на транспартны попыт і не бачаць у ровары рэальную канкурэнцыю аўтатранспарту», - падкрэсліў ён.

Прадстаўнік ДАІ таксама распавёў аб нядаўніх кансультацыях са швэдскімі калегамі, якія прапанавалі ўносіць як мага менш лічбаў у Тэхнічны кодэкс існай практыкі (ТКП) пры праектаванні і будаўніцтве дарог і развіцці велаінфраструктуры. «Гэта сусветная тэндэнцыя прыбіраць з ТКП лічбы і аддаваць усё на прафесіяналізм праекціроўшчыкаў, бо гарады занадта розныя і тыпавыя развязанні не ўсюды падыходзяць», - растлумачыў Навой.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што зусім сысці ад лічбаў беларуская аўтаінспекцыя не можа. «Таму мы накіроўваем у праектныя арганізацыі і ва ўсе падраздзяленні ДАІ суправаджальныя дакументы для праектавання велаінфраструктуры з мінімумам лічбаў і патрабаванняў», - сказаў Навой.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках