17 лiстапада 2019, Нядзеля, 21:51
Дзень другі
Рубрыкі

СМІ: У Мазамбіку абезгаловілі групу расейскіх наймітаў

СМІ: У Мазамбіку абезгаловілі групу расейскіх наймітаў
ФОТА: AFP

Яны належалі да ПВК «Вагнера».

На поўначы Мазамбіка ў баі з радыкальнымі ісламістамі загінулі пяцёра байцоў расейскай Прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнера". Пра гэта піша Carta de Mocambique са спасылкай на свае крыніцы (пераклад – Радыё Свабода).

Паводле звестак выдання, інцыдэнт адбыўся 27 кастрычніка ў правінцыі Кабу-Дэлгаду. Калона з расейскімі наймітамі трапіла ў засаду, якую зладзілі мясцовыя радыкальныя ісламісты. Загінулі 20 вайскоўцаў урадавай арміі і пяцёра расейцаў. Усе яны былі абезгалоўленыя.

Целы былі дастаўленыя ў лякарню горада Муеда. Расея на інфармацыю пра гібель сваіх грамадзянаў у Афрыцы пакуль не адрэагавала.

На поўначы Мазамбіка з 2017 года прадаўжаюцца баі паміж урадавымі войскамі і джыхадыстамі. Паміж Расеяй і Мазамбікам дзейнічае пагадненне пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, складзенае ў 2015 годзе, і ваеннае супрацоўніцтва, падпісанае ў 2016 годзе. Аднак афіцыйна расейскія вайскоўцы туды не накіроўваліся.

У пачатку кастрычніка Carta de Mocambique паведамляла пра гібель байца "ПВК Вагнера" ў баі пры нападзе на базу падраздзялення ісламістаў. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы паведамленні, заявіў агенцтвам, што ў краіне няма расейскіх вайскоўцаў.

З 2014 года Расея заключыла пагадненні пра ваеннае супрацоўніцтва больш чым з 20 афрыканскімі краінамі. Сярод іх – Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Малі, Конга, Руанда і Мадагаскар. У ЦАР навучанне вайскоўцаў вядуць у тым ліку супрацоўнікі "ПВК Вагнера", расейскія найміты заўважаныя таксама ў Лівіі, Судане, і яшчэ 11 краінах кантынента.