25 красавiка 2024, Чацвер, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нас большасць, і Каліноўскі з намі

22
Нас большасць, і Каліноўскі з намі
ІРЫНА ХАЛІП

Думайце, што гэта ён шапнуў нам слова «Плошча».

Другі тыдзень мы чуем жорсткія спрэчкі на тэму магчымага перапахавання праху Кастуся Каліноўскага. Але ўсё роўна, хто думае, што неабходна вярнуць парэшткі на Радзіму, а хто перакананы, што ад месца пахавання месца ў нашай гісторыі і памяці не залежыць.

Важна іншае: Кастусь Каліноўскі праз сто пяцьдзясят гадоў зноў – духоўны лідар беларусаў. Гэта пра яго кажуць, а не пра Лукашэнку; яго, Каліноўскага, а не кошты ў крамах, абмяркоўваюць другі тыдзень; пра яго, а не пра заробкі і ЖКГ, пішуць артыкулы і даюць інтэрв'ю. І гэта чамусьці супакойвае. Неабыякавасць да магілы героя пацвярджае: з намі ўсё ў парадку, мы не страцілі гістарычную памяць, мы не адмаўляемся ад сваіх духоўных лідараў, мы свята шануем іх памяць. З жывымі ўсё больш складана.

Мёртвых лідараў нам мала. Мы хочам жывых – такіх, як Каліноўскі. Мы гатовыя «выхаваць Бабу-Ягу ў сваім калектыве». Мы шчодра раздаем авансы, лёгка даруем памылкі, захоплена слухаем кожнага слова і перадаем гэтыя словы далей – сябрам, сваякам, падпісчыкам у сацыяльных сетках. Мы надаём крыху больш значнасці кожнаму іхняму слову, успрымаем кожную рэпліку крыху больш захоплена, рэагуем на кожнае публічнае выказванне крыху больш эмацыйна. А потым пачынаем патрабаваць невыканальнага: хочам, каб яны паказвалі нам шлях, а ў іх на гэты конт, як правіла, зусім іншыя планы. Суровыя чаканні грамадства іх крыху напружваюць. А нас потым іх неадпаведнасць гераічнага вобраза напружвае яшчэ больш: мы вам даверыліся, а вы падступна не апраўдалі нашых чаканняў. І што нам цяпер, у поцемках блукаць?

Узгадайце, як мы ўзмоцнена ляпілі духоўнага лідара з Сяргея Міхалка. Пасля таго як ён праспяваў «Грай», стала ясна: вось ён, духоўны бацька і амаль Месія. І мы пачалі ставіцца да яго менавіта так. Прымалі ягоныя кампрамісы – гэта ж усё дзеля нас, ён павінен вярнуцца ў Беларусь і выступаць на беларускай сцэне. Прымалі адмову ад нашых любімых песняў – гэта ж умова атрымання гастрольнага пасведчання. Гэта таксама дзеля нас, каб выйсці перад намі на сцэну і пракрычаць «дзякуй, чэрці!».

А потым раптам убачылі, што Міхалок зусім і не імкнецца спяваць нам «Грай», а цалкам шчасна жыве і выступае ў абмен на адмову ад нашых любімых песняў, і смяротна пакрыўдзіліся: мы яму гэтага не дазвалялі! І калі ён нахаміў журналістам пасля нявіннага пытання, чаму ў Кіеве «Грай» спявае, а ў Менску не, пастанавілі: ну ўсё, бывай, Міхалок. Спявай у сваёй Белавіі хоць гімн СССР. Тым больш што п'едэстал пустым не застаўся: духоўным лідарам абралі Святлану Алексіевіч.

А да Нобелеўскай прэміі ніхто яе на п'едэстал не ставіў. Наадварот, толькі лянотны не папракнуў Алексіевіч у тым, што яна піша па-расейску. Але калі за тыя расейскамоўныя творы ўручылі Нобелеўскую прэмію – мы тут жа сталі лавіць кожнае яе слова. Што Святлана скажа пра апазіцыю? Пра народ? Пра надзённы момант? Пра тое, як нам з дыктатурай змагацца? Святлана, у думках заклікалі мы яе, ну скажыце, хай ціха, – «Плошча». Хоць бы прашапчы, і мы пойдзем. А яна ўсё ніяк не кажа. Расчароўвае, аднак.

І глыбока абыякава нам, што прэмія тая – у літаратуры, а не ў грамадзянскай пазіцыі і грамадскай дзейнасці. З тым жа поспехам можна было з Жарэса Алфёрава зрабіць духоўнага лідара і чакаць, калі ён пакажа нам дарогу. У тым жа і штука, што і Міхалок, і Алексіевіч – прафесіяналы. Кожны ў сваёй справе. І зрабілі для Беларусі столькі, што патрабаваць ад іх яшчэ і ісці наперадзе з ліхтарыкам, асвятляючы дарогу, як мінімум няветліва. Міхалок спявае, Алексіевіч піша, а мы ўсе звыкла чагосьці патрабуем ад іх. Хопіць. Хай займаюцца сваёй справай. Мы ўжо дарослыя, час спраўляцца самім.

Тым больш што мёртвыя нам усё роўна дапамагаюць. І спрэчкі вакол пахавання Каліноўскага – не паказнік расколу ў грамадстве, а сведчанне таго, што Беларусь жывая. І гэтая спрэчка, у сутнасці, не пра тое, дзе павінен ляжаць Каліноўскі, а як лепш ушанаваць ягоную памяць. Толькі афіцыйны бок ні разу не выказаўся. Таму што Каліноўскі – не іхні. Яны акупанты. Яны свой радавод вядуць ад Леніна-Сталіна. Яны смуткуюць па Мугабэ. Яны садзяць у Курапатах кусцікі, каб замаскаваць пахаванні і схаваць злачынствы сталінскага рэжыму. Тыповыя спадчыннікі самага гнюснага і подлага, што рабілася на нашай тэрыторыі, гвалтоўна ўключанай у таталітарную імперыю. Акупанты засведчылі сваю сутнасць.

Спрачаючыся пра магчымае перапахаванне, мы адказалі на ягонае пытанне:

– Каго любіш?

– Люблю Беларусь!

– То ўзаемна!

Яны таксама адказалі:

– Люблю грошы, люблю ўладу, ненавіджу Беларусь, прадам яе за грошы і ўладу.

Так што пытання пра іх пахаванне не будзе. Іх проста закапаюць.

А Беларусь жывая, і мы жывыя, і нас большасць, і Каліноўскі з намі. Думайце, што гэта ён шапнуў нам слова «Плошча».

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках