17 красавiка 2024, Серада, 1:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заваяванне Маска

12
Заваяванне Маска
ФОТА: REUTERS

Амерыканскі прадпрымальнік паказаў прататып касмічнага карабля для экспедыцыі на Марс.

На палігоне каля вёскі Бока-Чыка ў Тэхасе на мяжы з Мексікай інжынеры, будаўнікі і падраднікі ўзначаленай Іланам Маскам кампаніі SpaceX сабралі 50-метровы сталёвы касмалёт – прататып будучай зорнай міжпланетнай эскадрыллі, піша «Новая газета».

Закаханы ў сталь

Калі тры гады таму ў мексіканскай Гвадалахары Ілан Маск апавёў свету пра праграму каланізацыі Чырвонай планеты – стварэнне вялікага міжпланетнага карабля, які мог бы даставіць на Марс адразу 100 чалавек, яго лічылі дурнем і летуценнікам. Тры гады таму ідэя запусціць 37 рухавікоў на адной ракеце здавалася фантастычнай. Але на пачатку 2018 года кампанія Маска запусціла Falcon Heavy з 27 рухавікамі. Самай фантастычнай ідэяй здаваўся касмічны карабель шматразовага выкарыстання, на якім можна паляцець на Месяц або Марс. І вось Маск паказаў прататып карабля Starship Mk 1. Цягам аднаго або двух месяцаў кіраўнік SpaceX збіраецца правесці ягоны спробны запуск на вышыню 20 км. Адначасова кампанія будуе другі прататып Mk 2 у штаце Флорыда. Праца над трэцяй версіяй хутка пачнецца ў Тэхасе.

«Гэта самая натхняльная рэч, якую я калі-небудзь бачыў», – заявіў пра Starship Ілан Маск. Палёты ў космас, паводле ягоных словаў, дораць чалавецтву «надзею на лепшую будучыню». Маск сказаў, што ягоны касмічны флот будзе мець важнае значэнне для падтрымання чалавецтва «жывым і натхнёным»: «Вядома, у свеце шмат праблемаў, яны важныя, і мы павінны іх развязваць. Але нам таксама патрэбныя рэчы, якія дапамагаюць адчуваць жыццё».

Маск напісаў у твітары, што засваенне Марса дапаможа жыццю на Зямлі: «Развязваючы пытанне, як зрабіць добрым клімат Марса, мы многае даведаемся пра тое, як гэта зрабіць на Зямлі».

Праз некалькі дзён пасля прэзентацыі на сайце кампаніі былі выкладзеныя відэакадры грузавога адсека, якія даюць некаторае ўяўленне пра ўнутранае ўладкаванне Starship MK 1. Маск спадзяецца, што карабель зможа выйсці на арбіту ўжо праз 6 месяцаў. Для запуску карабля на арбіту ствараецца новая ракета-носьбіт пад назвай Falcon Super Heavy даўжынёй 68 метраў і дыяметрам 9 м. Ракета можа абсталёўвацца рознымі камбінацыямі рухавікоў маркі Raptor, ад 24 да 37 – у залежнасці ад задачы. Масіўная шматразовая ракета, якую будуе кампанія, можа быць такой самай магутнай, як знакамітая «Сатурн V», якая дастаўляла да Месяца астранаўтаў праграмы «Апалон». «Я думаю, што мы маглі б убачыць палёт з экіпажам ужо налета, калі мы зможам дабрацца да арбіты прыкладна праз шэсць месяцаў», – мяркуе Маск.

Інжынеры будуць шукаць спосабы знізіць масу касмічнага карабля – прататып важыць 200 тонаў (у выпадку напаўнення вадкім метанам і кіслародам на стартавай пляцоўцы ён можа важыць у сем разоў больш), а кампанія SpaceX мае намер у канчатковым выніку скараціць агульную масу да 110 тонаў, каб зрабіць грузападымальнасць максімальнай. Маск хоча, каб цяперашні паменшаны касмічны карабель мог падняць на калязямную арбіту 150 тонаў карыснага грузу. Гэта больш, чым у любой іншай сістэмы запуску.

Пазнейшыя мадэлі касмалёта будуць вышынёй з 40-павярховы будынак, адзначае выданне Business Insider.

Цяпер амерыканскія СМІ называюць Маска «чалавекам з сталі», як галоўнага героя амерыканскіх коміксаў – Супермэна. Маск атрымаў гэтую мянушку таму, што абраў для вонкавай ашалёўкі шматразовага міжпланетнага карабля нержавейную сталь. «Найлепшая дызайнерская ідэя, якую мы прынялі», – сказаў ён. Сталь цяжэйшая за вугляродныя кампазіцыйныя матэрыялы або матэрыялы на аснове алюмінію, якія выкарыстоўваюцца ў большасці касмічных апаратаў, але валодае выключнымі тэрмічнымі ўласцівасцямі. Пры вельмі нізкіх тэмпературах нержавейная сталь-301 не становіцца крохкай, а пры вельмі высокіх тэмпературах (да 1500 градусаў паводле Цэльсія) пры ўваходзе ў атмасферу не плавіцца. Таму зоркалёту Маска патрабуецца толькі цеплаахоўны экран з тэрмаплітаў.

ФОТА: REUTERS

Прыватны бізнэс умее лічыць грошы. Паводле словаў Маска, матэрыял з вугляроднага валакна каштуе блізу 130 тысячаў даляраў за тону. Нержавейная сталь прадаецца за 2,5 тысячы даляраў за тону. «Сталь лёгка зварваецца і ўстойлівая да ўмоваў надвор’я, – адзначае стваральнік Starship. – Мы злучылі часткі карабля зваркай проста на вуліцы. Шчыра кажучы, я закаханы ў сталь».

Журналісты пішуць: у вечар прэзентацыі карабля пад зорным тэхаскім небам здалося, што Марс стаў бліжэйшым.

Праблемы з NASA

Адміністратар NASA (ягоную кандыдатуру прапанаваў прэзідэнт Трамп), былы кангрэсмэн-рэспубліканец з Аклахомы Джым Брайдэнстайн стрымана сустрэў трыумф Ілана Маска, нагадаўшы, што прадпрымальнік завінаваціўся амерыканскім падаткаплацельнікам. Як вядома, пасля закрыцця 30-гадовай праграмы «касмічных чоўнаў» NASA неадкладна паспрабавала стварыць новы карабель, але, сутыкнуўшыся з вялізнымі фінансавымі цяжкасцямі, звярнулася да прыватнага бізнэсу. SpaceX Маска атрымала 2,6 млрд даляраў, а «Боінг» – 4,2 млрд. NASA абяцала, што касмічныя апараты абедзвюх кампаній будуць запушчаныя ў эксплуатацыю ў 2017 годзе.

У сакавіку сёлета капсула Crew Dragon здзейсніла дэманстрацыйны беспілотны палёт, падчас якога на кароткі час сустыкавалася з Міжнароднай касмічнай станцыяй (МКС).

Чакалася, што ў ліпені кампанія Маска правядзе выпрабавальны палёт з экіпажам, але апарат выбухнуў падчас наземных выпрабаванняў сістэмы аварыйнага выратавання.

Кіраўнік агенцтва заявіў: «пілатаваны прыватны карабель адстае ад графіка на гады. NASA чакае ўбачыць падобны ўзровень энтузіязму, але сфакусаваны на інвестыцыях амерыканскага падаткаплацельніка. Прыйшоў час іх адпрацаваць». Брайдэнстайн сказаў, што хоча змусіць да адказнасці падраднікаў, якія спазніліся на гады. І самае хваравітае – прадаўжаецца залежнасць ад Расеі. «Галоўны касмічны» чыноўнік адзначыў, што NASA выдаткоўвае 85 мільёнаў даляраў за аднаго амерыканскага астранаўта на расейскім касмічным караблі, запушчаным да МКС. Так што пакуль Маск будуе караблі на Марс, NASA аплачвае Расеі дадатковыя месцы для дастаўкі астранаўтаў на МКС ужо ў 2020 годзе.

Маску крытыка не спадабалася. У інтэрв'ю CNN ён перапытаў: кіраўнік NASA казаў пра яго ці пра «Боінг»? SLS (Space Launch System) – ракета для даследавання далёкага космасу, якую «Боінг» будуе для NASA. Рэалізацыя праекту «Боінга» спазняецца на гады, перавыдаткаваныя мільярды даляраў.

Маск запэўніў чыноўнікаў NASA ў тым, што 95% рэсурсаў ягонай кампаніі SpaceX (грошай і кадраў) адводзіцца на касмічны карабель Dragon і ракету Falcon, а на марсіянскі зоркалёт – толькі 5%. Карабель Dragon, які будзе выконваць першую пілатаваную місію SpaceX, прыбудзе да месца запуску ў Флорыдзе ў наступным месяцы. Калі ў Маска атрымаецца, гэта будзе першы запуск з амерыканскай тэрыторыі пасля ліпеня 2011 года. «Калі ёсць нейкі спосаб проста зрабіць гэта хутчэй, я зрабіў бы гэта хутчэй», – сказаў Маск пра Crew Dragon. Зрэшты, на будаўнічай пляцоўцы пад камерамі Маск і Брайдэнстайн жартавалі і ўсміхаліся адзін аднаму.

І апошняе. Грамадзянін ПАР, Канады і ЗША, ганаровы чалец Каралеўскага таварыства Брытаніі, іншымі словамі «грамадзянін свету» Ілан Маск – самы наглядны прыклад «глабальнай кампаніі» і «глабальнага супрацоўніцтва». Маск аб'яднаў у сваёй прыватнай фірме спецыялістаў з розных краінаў, каб рабіць расквітнелы бізнэс і рэалізоўваць у інтарэсах усяго чалавецтва сваю даўнюю мару пра «каланізацыю» космасу.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках