25 красавiка 2024, Чацвер, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Пытанне з Лукашэнкам трэба развязаць у найбліжэйшы год

39
Мікола Статкевіч: Пытанне з Лукашэнкам трэба развязаць у найбліжэйшы год
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Лідар БНК апавёў пра працэсы, якія пачынаюцца ў беларускіх гарадах.

Нядаўна Слонім наведаў лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч. Сустрэча з госцем доўжылася некалькі гадзінаў. Пасля размовы з жыхарамі Слоніма палітык адказаў на пытанні «Газеты Слонімскай».

– Вы ўпершыню ў нашым горадзе?

– Не, не ўпершыню. Калі не памыляюся, апошні раз быў у 2016 годзе, калі ствараўся Беларускі нацыянальны кангрэс. Гады два з паловай я ў вас дакладна не быў. Улетку я ездзіў па Беларусі, але паколькі быў абмежаваны ў часе, то да вас трапіць не атрымалася.

– Ці задаволеныя Вы прыёмам?

– Так, горад мне заўсёды падабаўся. Ён захапляе сваім ландшафтам, гістарычнымі месцамі і людзьмі. На сустрэчы сабралася блізу 150 чалавек. Улады даслалі «брыгаду» пенсіянерак. Таму месцамі было даволі весела. Мне падабаецца, калі нехта ад улады прыходзіць, ажыўляе гутарку.

– Ці варта ўдзельнічаць у «выбарах», калі іх няма?

– Партыя «Народная Грамада», якую я прадстаўляю, выдатна разумее, што ў нас на «выбарах» не лічаць галасоў. Але ёсць магчымасць выкарыстоўваць працэдуры выбарчай кампаніі. Напрыклад, збор подпісаў за вылучэнне «кандыдатаў».

Мы карыстаемся пікетамі для збору подпісаў, каб праводзіць легальныя мітынгі па ўсёй краіне, адкрыта заяўляць сваю пазіцыю і фармаваць ініцыятыўную групу для будучых прэзідэнцкіх выбараў. На сустрэчах я кажу, што Лукашэнка павінен сысці, што толькі мірны масавы доўгі пратэст дазволіць беларусам вярнуць сабе годнае жыццё.

– Ці магчыма, што падлік галасоў нарэшце стане справядлівым, а выбары – сапраўднымі?

– Не стануць. І Еўропа ўжо скарылася. Лукашэнку кажуць: не лічыш галасы – ну тады хоць бы не бі і не саджай. Амерыка гаворыць па-іншаму: калі будзе як ёсць, тады скасавання санкцый хай не чакае.

Лукашэнка настолькі эканамічна прывязаў Беларусь да Расеі, што цяпер сядзіць у бакавой кішэні пінжака Пуціна. Пуцін кажа: давай ва ўнутраную кішэню пералазь. Лукашэнка не можа вылезці з кішэні Пуціна, таму што тады трэба праводзіць рэформы, весці дыялог з грамадствам, а яму прасцей прадаць краіну і стаць дыктатарам аўтаноміі. І прадасць, калі не прыбярэм яго. Таму, каб не было горш, трэба развязаць гэтае пытанне ў найбліжэйшы год.

– Вы прадбачылі спробу анэксіі Беларусі яшчэ год таму...

– Я пісаў тады пра пагрозу анэксіі і добра памятаю, як іранізавалі з маіх словаў нашы «палітолагі». Цяпер яны маўчаць.

– Дык чаго чакаць Беларусі далей?

- Расея будзе даціскаць Лукашэнку, і ён будзе паддавацца. Ён можа спыніцца толькі тады, калі ўбачыць выбух народнага гневу. А калі не спыніцца, то народ яго знясе, таму што ўжо ўсё. У «яднанне» можна было гуляць 20 гадоў таму. Цяпер гэта ўжо не дазволена. Калі 20 гадоў таму, 17 кастрычніка 1999 года, за незалежнасць на Марш Свабоды выйшла 50 тысячаў чалавек, я ведаў, што большасць не за намі. Там проста сабраліся мужныя людзі, патрыёты. Напалохалі дыктатара. Ён адступіў тады. Цяпер за нашай спінай – мільёны.

– Дастаткова толькі пікетаў і мітынгаў, каб не дазволіць анэксіі Беларусі?

– Не, трэба, каб на вуліцу вышла 3% насельніцтва – тады ўлада мяняецца. Гэта сусветны досвед. Але каб людзі выйшлі, ім трэба даць крыху адвагі. Гэта магчыма толькі праз асабісты прыклад. Таму я і заклікаю людзей не баяцца і быць адважнымі ў сваіх дзеяннях. Таму прыязджаю да іх і гучна называю рэчы сваімі імёнамі. Я ведаю, якія працэсы пачынаюцца ў раённых гарадах пасля майго прыезду.

- Наколькі апраўданай з'яўляецца асцярога, што Расея анэксуе Беларусь?

– Пагроза вельмі сур'ёзная. Лукашэнка набраў у Масквы дзясяткі мільярдаў даляраў крэдытаў за абяцанне інтэграцыі. Паводле паняткаў крымінальных, якія падзяляе шмат хто ў расейскім кіраўніцтве, яны абавязаныя «набытае» ўзяць у яго. Гэта сур'ёзная пагроза. Калі будзе новы прэзідэнт з любымі поглядамі, які не браў гэтых грошай, ён можа пачаць з «нуля». Таму Расея спяшаецца даціснуць чалавека, якога яна трымала ва ўладзе. Калі б не Пуцін, Лукашэнка ўжо даўно зляцеў бы.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках