25 красавiка 2024, Чацвер, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча адмаўляецца ад газу з Расеі

4
Польшча адмаўляецца ад газу з Расеі
ТРУБАПРАВОД ПОЛЬСКАЙ КАМПАНІІ GAZ-SYSTEM

Ужо хутка.

Праз 39 месяцаў "Газпрам" можа страціць свой найбуйнейшы рынку збыту ва Усходняй Еўропе – польскі. Варшава не мае намеру прадаўжаць пасля 2022 года доўгатэрміновую дамову пра імпарт расейскага газу і мэтанакіравана працуе над тым, каб да гэтага часу спыніць закупкі блакітнага паліва ў РФ, паведамляе dw.com.

Гэта зноў пацвердзіў у пачатку кастрычніка ўпаўнаважаны ўрада Польшчы ў пытаннях стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі ў эфіры "Польскага радыё". Ягоная заява абляцела шматлікія расейскія СМІ – і выклікала скептычныя і нават пасмешлівыя каментары ў Думе і Радзе Федэрацыі. Апытаныя DW эксперты, наадварот, мяркуюць, што Польшча сапраўды праз тры гады зможа цалкам адмовіцца ад газу з Расеі.

Baltic Pipe: 10 млрд кубаметраў нарвежскага газу замест расейскага

"Верагоднасць гэтага вельмі высокая", – упэўнены Міхаіл Круціхін, партнёр расейскага кансалтынгавага агенцтва RusEnergy. "План вельмі амбіцыйны, але ўсё ж выканальны", – мяркуе Кай-Олаф Ланг (Kai-Olaf Lang), спецыяліст у Польшчы і Усходняй Еўропе берлінскага Фонду навукі і палітыкі (SWP). Абодва эксперты паказваюць, перш за ўсё, на два інфраструктурныя праекты, на якія ўпіраў у сваім нашумелым інтэрв'ю і Пётр Наімскі.

31 ЖНІЎНЯ 2019 Г. ПАДПІСАННЕ ДАМОВЫ АБ ГАЗАВЫМ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ ПОЛЬШЧЫ, ЗША І УКРАІНЫ. ПЕТР НАІМСКІ Ў ЦЭНТРЫ

Гэта, па-першае, газаправод Baltic Pipe ("Балтыйская труба"), па якім у Польшчу праз Данію будзе паступаць нарвежскі газ. Канчатковую інвестыцыйную пастанову ў гэтым праекце, які карыстаецца палітычнай і фінансавай падтрымкай Еўразвязу, польская газатранспартная кампанія Gaz-System і дацкая Energinet прынялі ў лістападзе 2018 года.

З тых часоў Baltic Pipe ужо атрымала шэраг неабходных дазволаў, у тым ліку ад дацкіх уладаў, якія ў той самы час прадаўжаюць марудзіць з выдачай дазволу на пракладку расейскага "Паўночнага струменю-2" (абодва газаправоды, дарэчы, немінуча перасякуцца пад вадой паблізу дацкага вострава Барнхольм).

СПГ-тэрмінал у Свінавуйсці: павелічэнне магутнасці на 50 адсоткаў

Пракладка "Балтыйскай трубы" павінна пачацца вясной 2020 года, увесці яе ў строй плануецца 1 кастрычніка 2022 года. Тры месяцы адводзяцца на тое, каб новая транспартная магістраль да канца года паступова выйшла на праектную магутнасць. А яна складае 10 млрд кубаметраў за год – роўна столькі, колькі, згодна з дамовай, што ў той час праміне, Польшча абавязаная штогод набываць у "Газпрама" (у 2018 годзе было 9,86 млрд).

11 СНЕЖНЯ 2015 Г.: ПРЫБЫЦЦЁ Ў ПОЛЬСКІ ПОРТ СВІНАВУЙСЦЕ ПЕРШАГА ТАНКЕРА З ЗПГ З КАТАРА

Другім праектам, закліканым пакласці канец залежнасці Польшчы ад расейскага газу, з'яўляецца пашырэнне магутнасці дзейнага з 2015 года тэрмінала ў прыёме і рэгазіфікацыі звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у Свінавуйсці з 5 млрд кубаметраў да 7,5 млрд за год. Для гэтага, сярод іншага, патрабуецца пабудаваць у гэтым порце на мяжы з Нямеччынай яшчэ адзін рэзервуар. Тэрмінал, дарэчы, носіць імя Леха Качыньскага – былога прэзідэнта Польшчы, які ініцыяваў гэты праект і загінуў у 2010 годзе ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

Сумарная магутнасць двух праектаў (17,5 млрд кубаметраў газу) прыкладна адпавядае цяперашняй гадавой патрэбе Польшчы ў блакітным паліве. Больш ёй пакуль не патрэбна, бо 80 адсоткаў электраэнэргіі ў гэтай краіне традыцыйна выпрацоўваецца на вугальных электрастанцыях.

Залежнасць ад Расеі хвалюе Польшчу больш, чым абарона клімату

Праўда, Кай-Олаф Ланг мяркуе, што пад ціскам Еўразвязу, які ўзяў у рамках барацьбы супраць змены глабальнага клімату курс на паскораную адмову ад вугалю, яго выкарыстанне ў польскай электраэнэргетыцы будзе скарачацца, а попыт на газ у перспектыве прыкметна вырасце. Аднак той жа Пётр Наімскі ў інтэрв'ю Financial Times на пачатку кастрычніка недвухсэнсоўна даў зразумець, што для Варшавы прыярытэтнай з'яўляецца энэргетычная бяспека і памяншэнне залежнасці ад расейскага газу, а не адмова ад вугалю дзеля кліматычных мэтаў ЕЗ.

КАЙ-ОЛАФ ЛАНГ

Таму калі попыт на блакітнае паліва ў Польшчы і будзе расці, то, мабыць, хутчэй у сярэднетэрміновай перспектыве. Але на гэты выпадак (а таксама для пазначаных паставак амерыканскага газу праз Польшчу ва Украіну) абмяркоўваецца праект яшчэ аднаго ЗПГ-тэрмінала, на гэты раз пад Гданьскам. Цалкам магчыма, што ён будзе плыўным, накшталт таго, што дзейнічае ў Літве ў Клайпедзе.

Так што калі Baltic Pipe пабудуюць у тэрмін, а тэрмінал у Свінавуйсці своечасова пашыраць, то да канца 2022 года "Польшча, сапраўды, апынецца ў сітуацыі, калі ў яе не будзе больш неабходнасці набываць расейскі газ", падкрэсліў у гутарцы з DW Кай-Олаф Ланг. Аднак ён не выключыў, што "ў пэўных, але, натуральна, значна меншых аб'ёмах, закупкі ўсё ж прадоўжацца, калі кошт будзе прывабны".

"У любым выпадку перамоўныя пазіцыі Польшчы істотна ўмацуюцца. Гэта паказвае прыклад Літвы, якая пасля з'яўлення ў Клайпедзе ЗПГ-тэрмінала прадаўжае набываць у Расеі некаторую колькасць газу, але цяпер мае магчымасць дамагацца значна больш прывабных для сябе коштаў", – указаў эксперт SWP.

Кошты на газ: Польшча гатовая пераплачваць дзеля бяспекі

Зрэшты, адзначыў Кай-Олаф Ланг, цалкам магчыма, што Польшча пасля 2022 г. пры неабходнасці будзе проста набываць газ на еўрапейскім рынку і імпартаваць яго, скажам, з Нямеччыны і Чэхіі, і ў гэтых пастаўках "апынуцца таксама малекулы, якія некалі паступілі з Расеі".

Іншымі словамі, суразмоўца DW выказаў здагадку, што польскі бок з палітычных меркаванняў, магчыма, не захоча весці прамыя перамовы з "Газпрамам", але заўсёды зможа набыць у партнёраў у ЕЗ расейскі газ, які паступае, напрыклад, з "Паўночнага струменю". Зрэшты, такі сцэнар з'яўляецца чыста гіпатэтычным, паколькі, паводле словаў эксперта, падобныя закупкі супярэчылі б як справавым інтарэсам польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG, так і палітыцы Варшавы апошніх гадоў, якая перашкаджае лібералізацыі польскага газавага рынку.

Атрымліваецца, што праз тры гады з нечым у Польшчы фактычна ўжо не будзе больш расейскага газу? "Афіцыйна Газпрам у гэта не верыць. Ён жа на словах вельмі часта падтрымлівае Лозунгавую стратэгію, – адзначыў у размове з DW Міхаіл Круціхін. – Але газпрамаўскія эксперты, я думаю, выдатна разумеюць, што Польшча цалкам можа абысціся без газу з Расеі".

А як жа кошты? Бо "Газпрам" звычайна ўпірае на тое, што на еўрапейскім рынку ягоны газ – самы танны. Абодва суразмоўцы DW спаслаліся на неаднаразовыя запэўніванні афіцыйных польскіх асобаў, згодна з якімі пастаўкі ЗПГ абыдуцца танней, чым прывязаны да катыровак нафты расейскі газ з цяперашняга доўгатэрміновага кантракту, навязанага ў свой час пастаўшчыком-манапалістам.

Але ёсць і іншы аргумент, які прыводзяць польскія прыхільнікі імпарту ЗПГ, у тым ліку амерыканскага, нагадаў Кай-Олаф Ланг: "Нават калі такі газ апынецца даражэйшым, чым расейскія трубаправодныя пастаўкі: гэта варта ўспрымаць як страхавую прэмію, якую даводзіцца плаціць за сваю нацыянальную бяспеку".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках