29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: У Еўропе выкрытае звышсакрэтнае падраздзяленне расейскага ГРУ

35
NYT: У Еўропе выкрытае звышсакрэтнае падраздзяленне расейскага ГРУ
Фота: AFP

Яго знайшлі выведкі чатырох краінаў.

Выведслужбы сама менш чатырох заходніх краінаў выявілі таемнае падраздзяленне ГРУ, якое праводзіць аперацыі для дэстабілізацыі сітуацыі ў Еўропе.

Пра гэта паведамляе The New York Times (пераклад – nv.ua).

Як піша выданне, спачатку адбылася дэстабілізавальная кампанія ў Малдове, пасля чаго атручэнне гандляра зброяй у Балгарыі, а потым спроба перавароту ў Чарнагорыі. Летась у брытанскім Солсберы быў здзейснены замах на былога расейскага агента Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію з дапамогай нервова-паралітычнага рэагенту.

Хоць у аперацыях выразна прасочваліся сляды расейскіх спецслужбаў, на Захадзе спачатку гэта ўспрымалі як не злучаныя паміж сабой выпадкі.

Цяпер заходнія службы бяспекі прыйшлі да высновы, што гэтыя аперацыі, як, магчыма, і многія іншыя, з'яўляюцца часткай каардынаванай доўгай кампаніі для дэстабілізацыі Еўропы, якую выконвае элітнае падраздзяленне расейскай выведвальнай сістэмы, што кваліфікуецца на падрывах, сабатажы і забойствах.

Група пад умоўнай назвай «падраздзяленне 29 155» дзейнічае сама менш цягам апошніх дзесяці гадоў. Існаванне групы засакрэчанае нават унутры ГРУ.

У адрозненне ад большасці іншых супрацоўнікаў расейскай ваеннай выведкі, чальцы падраздзялення 29 155 свабодна наведваюць еўрапейскія краіны, а некаторыя з іх – узнагароджаныя ветэраны афганскай, чачэнскай і ўкраінскай войнаў.

Як піша газета, гэтую інфармацыю пацвярджаюць выведвальныя службы чатырох заходніх краінаў. Аднак яны не могуць дакладна спрагназаваць, дзе наступны раз праявяць сябе расейскія аператыўнікі.

Дзейнасць падраздзялення 29 155 цалкам упісваецца ў «гібрыдную вайну», якую вядзе Пуцін супраць Захаду. Яна спалучае прапаганду, хакерскія атакі і дэзынфармацыю, а таксама адкрытае ваеннае супрацьстаянне, удакладняецца ў публікацыі.

NYT таксама адзначае, што падраздзяленне 29 155 «схаванае за бетоннымі сценамі» ў штабе 161-га Цэнтра падрыхтоўкі спецыялістаў спецпрызначэння на ўсходзе Масквы, уваходзіць у склад кіроўнай структуры ГРУ Генштаба Расеі.

«Хоць шмат інфармацыі пра дзейнасць ГРУ застаецца загадкай, заходнія спецслужбы пачалі атрымліваць дакладную карціну яе асноўнай архітэктуры. Як адзначаюць у спецслужбах ЗША, за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў 2016 года два кібер-падпадзяленні ГРУ, вядомыя як 26 165 і 74 455, узламалі серверы Дэмакратычнага нацыянальнага камітэта і кампаніі Хілары Клінтан, а потым апублікавалі адчувальныя дакументы праз унутраную камунікацыю», – піша газета.

Выданне адзначае, што падраздзяленне 29 155 з'яўляецца не адзінай групай, упаўнаважанай на правядзенне дыверсій за мяжой. Доказам гэтага можа служыць той факт, што ў дырэктыве Мінабароны Расеі ў 2012 годзе былі прызначаныя бонусы тром падраздзяленням за «асаблівыя дасягненні ў ваеннай службе».

Адным з іх было падраздзяленне 29 155. Другім – падраздзяленне 74 455, якое ўдзельнічала ва ўмяшанні ў выбары ў ЗША 2016 года. Трэцім было падраздзяленне 99 450, афіцэры якога, як мяркуецца, удзельнічалі ў анэксіі Крыма ў 2014 годзе.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках