18 красавiка 2024, Чацвер, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адтэрміноўка для «дармаедаў»: У каго здалі нервы?

37
Адтэрміноўка для «дармаедаў»: У каго здалі нервы?

Пратэсты 2017 года адыгралі сваю ролю.

У Беларусі так і не змагла напоўніцу запрацаваць «база дармаедаў»: тэрмін аплаты «дармаедамі» камунальных паслуг паводле поўных тарыфаў пераносіцца на 1 траўня 2020 года.

Нагадаем, што з 1 кастрычніка «не занятыя ў эканоміцы» павінны былі плаціць за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне паводле 100% тарыфах.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч патлумачыў «адтэрміноўку» для «дармаедаў» тым, што нібыта не атрымалася апрацаваць усе звесткі пра незанятых у эканоміцы грамадзянаў. Паводле словаў чыноўніка, яны паступаюць амаль з 50 крыніцаў.

Сітуацыю для Charter97.org каментуе актывістка прафзвязу РЭП з Гомеля, вядомая сваёй барацьбой з «дармаедскім» дэкрэтам, Марыя Тарасенка.

– Дзеля таго, каб знайсці ўсіх «дармаедаў», улады адпраўлялі хадзіць па кватэрах супрацоўнікаў ЖЭС, МНС, настаўнікаў. Міністэрствам адукацыі таксама была створаная «база навучэнцаў» для абмену інфармацыяй з Мінпрацы. Чаму ва ўладаў так нічога і не атрымалася?

– У гэтай сітуацыі нічога і не атрымаецца. Па-першае, сама база першапачаткова стваралася вельмі нядбайна. Туды ўносілі абсалютна ўсіх, у тым ліку ўжо памерлых людзей. Туды запісвалі і мамак у дэкрэце, і людзей перадпенсійнага веку. Спачатку «намалявалі» 500 тысячаў, потым яны спрабавалі прасеяць і знізілі да 425 тысячаў.

Вядома вельмі шмат калізій – напрыклад, калі дасылалі павышаныя рахункі і папярэджанні, што «вы знаходзіцеся ў базе незанятых у эканоміцы» людзям, якія знаходзяцца на пенсіі ўжо больш за 20 гадоў. Былі такія абуральныя выпадкі.

Улады вядуць нейкую дзіўную гульню, у іх няма выразнага алгарытму. Хаця ў той самы час яны неяк змаглі знайсці ў Чыгуначным раёне Гомеля, у якім я жыву, сярод уласнікаў жылля прыкладна 170 чалавек «не занятых у эканоміцы».

Магчыма, што іх сабраныя імі ж звесткі не задавальняюць – занадта шмат людзей стала звяртацца ў камісіі, каб іх выключылі з базы. Якую ўлады выдадуць колькасць «дармаедаў» наступны раз, незразумела.

Па-другое, улады ўбачылі, што ўсё ж такі ёсць супраціў гэтаму бязладдзю. І як кажуць незалежныя праваабаронцы, юрысты з прафзвязу РЭП, з часам увесь гэты дэкрэт проста сыдзе на нішто.

Цяпер жа проста ідзе гульня на нервы. Спачатку яны заварылі гэтую кашу, людзей напнулі, а цяпер пастанавілі «аслабіць ланцужок». Палітыка бізуна і перніка: мы трымалі ланцужок, нацягвалі, а цяпер яго аслабіць. Можа, у каго-небудзь з іх здалі нервы. А можа, яны хочуць стварыць для нас нервовую абстаноўку.

Таму ні ў якім разе не трэба расслабляцца і думаць, што ўсё пройдзена. Трэба глядзець, што ўлады распачнуць далей. Я думаю, што пратэсты 2017 года і гучныя справы, пераможаныя прафзвязам РЭП, згулялі ў гэтым сваю ролю.

– Ці могуць патрабаваць кампенсацыі тыя грамадзяне, памерлыя сваякі якіх таксама былі ўключаныя ў «базу»?

– Гэтыя справы нельга пакідаць па-за ўвагай. Сваякі абавязаныя патрабаваць, каб змушалі да адказнасці тых чыноўнікаў, якія паводзяць сябе падобным чынам. Яны павінны адказваць за свае ўчынкі, за тыя прэтэнзіі, якія яны надумалі прад'явіць памерлым людзям. Гэтыя выпадкі нельга спускаць на тармазах і замоўчваць. А яны абмяжоўваюцца сухімі выбачэннямі з Міністэрства сацабароны, куды людзі пісалі, каб ад іх проста адвязаліся.

На паперы можна напісаць усё, што заўгодна, а вы паглядзіце гэтым людзям у вочы! Ад чалавека, якога ўжо даўно няма, яны патрабавалі, што яму трэба працаўладкавацца. Сваякам у такіх сітуацыях трэба даводзіць справу да лагічнага канца – патрабаваць кампенсацыю. Інакш праз некаторы час яны зноў пачнуць слаць цынічныя «лісты шчасця» – гарантый няма. Зноў яны будуць спасылацца на нейкія збоі. А калі гэтая справа пройдзе праз суд, можа быць, у іх у галаве нешта і адкладзецца.

– Ці ёсць, на Вашу думку, яшчэ нейкія прычыны «адтэрміноўкі» для «дармаедаў»? Ці можна казаць пра тое, што ўлады не адважыліся на такі крок падчас «вакханаліі», пад якой Лукашэнка разумее «парламенцкія» і «прэзідэнцкія выбары»?

– Шчыра кажучы, я не думаю, што гэта гуляе нейкую ролю. Усім даўно вядома, што «выбараў» у нас няма. Улада не надта дбае пра сваю рэпутацыю. Калі б дбала, яна не выдавала б такія дэкрэты. Колькі было гучных справаў – а ў адстаўку ніхто не падае.

– Як Вы мяркуеце, ці будуць 100% тарыфы ўведзеныя ў траўні 2020 года або ва ўладаў з'явяцца новыя «падставы» для адтэрміноўкі?

– Цяжка сказаць, увядуць ці зноў зробяць адтэрміноўку. Тут, зноў жа, будзе адбывацца гульня нерваў. Уладам трэба час для прымання нейкіх пастановаў. Не факт, што яны не хочуць чарговы раз «падкарэктаваць» базу звестак. Схіляюся да таго, што ўвядзенне новых тарыфаў пасля 1 траўня 2020 года ўсе ж адбудзецца.

– Падчас працы над «базай» у камісіі патрапіла шмат асабістай інфармацыі пра беларусаў. Што рабіць людзям, правы якіх былі парушаныя?

– Людзям трэба адстойваць свае правы. Неабходна звяртацца да незалежных юрыстаў, прафзвяз РЭП дапамагае людзям, якія трапілі ў падобныя сітуацыі. Мы не самотныя ў гэтай барацьбе, у гэтай сітуацыі. Ёсць людзі, якія гатовыя дапамагчы – трэба да іх звяртацца і не спускаць усё на самацёк. Гэта вельмі важна, калі ёсць кваліфікаваная прававая дапамога.

Па-другое, мы павінны паказаць уладам, што беларусы не маўкліва схіляюцца перад дэкрэтам, што мы – людзі. І чыніць з намі так не дазволім. Таму што далей будзе толькі горш. Пачуццё чалавечай годнасці яшчэ ніхто не адмяняў.

– Вы вядомыя як «абаронца дармаедаў» у Гомельскай вобласці. На Вашу думку, калі б 100% тарыфы былі ўведзеныя ў пачатку ацяпляльнага сезону, наколькі моцным было б абурэнне ў людзей?

– Абурэнне было б вельмі моцным. Гэтае павышэнне вельмі моцна біла б па бюджэце кожнай канкрэтнай сям'і. Гэта справакавала б чарговую хвалю незадаволенасці. Я не ведаю, у якім гэта выглядзе выбухнула б, але пратэст напэўна быў бы.

Цікавасць да гэтай тэмы вельмі высокая. Гэта відаць, у тым ліку, і з рэакцыяў людзей у сацыяльных сетках, і з публікацыяў у прэсе. Спецыяльныя тарыфы для «дармаедаў» – вельмі папулярная і балючая тэма на гэты момант, калі браць да ўвагі нашу складаную эканамічную сітуацыю.

Цяпер шмат прадпрыемстваў скарачае сваіх супрацоўнікаў, зачыняецца. У нас у Гомелі зачыніўся завод «Хімвырабы». Там працавала блізу 200 чалавек. Гэта яшчэ плюс дзве сотні ў войска «дармаедаў».

Нават тыя людзі, якія працуюць, кажуць, што знайсці працу ў абласных цэнтрах вельмі складана. Асабліва людзям старэйшым за 40 гадоў: у нашай краіне гэта гучыць як прысуд. Нікуды не возьмуць, нават калі маеш добрую адукацыю і досвед працы. Чалавек у такім узросце, акрамя прафесійнага, мае яшчэ і жыццёвы досвед, але ён нікому не патрэбны. І ён становіцца закладнікам дэкрэта аб «дармаедах», з яго патрабуюць павышаную камуналку. З такой сітуацыяй мірыцца нельга, і адтэрміноўка – гэта не выйсце, трэба дамагацца поўнага скасавання гэтага дэкрэта.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках