19 красавiка 2024, Пятніца, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая рэальнасць: Беларускі рубель пачаў рухацца «скокамі»

3
Новая рэальнасць: Беларускі рубель пачаў рухацца «скокамі»

Калі нестабільнасць захаваецца, гэта можа выклікаць рост попыту на валюту.

На валютным рынку РБ у жніўні-верасні традыцыйна адбываюцца ўсякія непрыемнасці. сёлета яны складаліся ў падвышанай нестабільнасці курса рубля. Насельніцтва на гэты раз стрымала сябе, але калі нестабільнасць захаваецца, гэта можа выклікаць рост попыту на валюту, піша ў артыкуле на сайце «Белрынак» эканаміст Уладзімер Тарасаў.

Год таму верасень быў даволі клапатлівым месяцам – услед за абвалам курсу расейскага рубля ў адносінах да даляра ў жніўні патаннеў і беларускі рубель. У жніўні аб'ём продажу валюты рэзка вырас. Людзі тады прадавалі валюту, каб набыць імпартныя тавары ў крамах да таго, як яны падаражэюць. У верасні мінулага года жыхары Беларусі рэзка скарацілі аб'ём продажу валюты.

Сёлета нічога падобнага не адбылося, але трэба прызнаць, што і курс даляра паводзіў сябе інакш: ён значна вагаўся, у той час як год таму даляр проста падаражэў. З сярэдзіны жніўня да 4 верасня сёлета курс даляра на БВФБ вырас на 3,7% і дасягнуў 2,1161 рубля за даляр. Да 20 верасня ён цалкам страціў увесь прырост, пасля чаго аднавіў уздым і 2 кастрычніка дасягнуў новага лакальнага максімуму 2,0906 рубля за даляр. Цяпер даляр таннее.

Такім чынам, рынак сёлета не даў устойлівага сігналу, у якім кірунку будзе рухацца курс даляра. Да таго ж, летась існаваў негатыўны вонкавы фон у выглядзе абвалу курсу расейскага рубля, а сёлета гэтага не адбылося. На гэты раз ваганні курсу даляра на БВФБ былі абумоўленыя, у асноўным, унутранымі прычынамі – значнымі зменамі кошту валютнага кошыка з даляра, еўра і расейскага рубля. А гэта, хутчэй за ўсё, было выклікана зменай маркет-мейкера на біржы: ім стаў замест банка Дабрабыт, які з'яўляецца даччынай структурай Нацбанка, Еўразійскі банк развіцця.

Продаж валюты скараціўся амаль у 2 разы

Рэакцыя насельніцтва на павышаную валацільнасць курсу ў верасні сёлета была даволі памяркоўнай. Прапанова валюты з боку фізічных асобаў на ўнутраным рынку РБ, у адрозненне ад верасня мінулага года, знізілася нязначна. Попыт на валюту таксама скараціўся, але ненашмат.

Як паведамілі ў Нацбанку, фізічныя асобы прадалі валюты банкам у верасні на 31,8 млн даляраў менш, чым у жніўні, гэта значыць 872,3 млн даляраў. Аб'ём набыцця валюты насельніцтвам скараціўся на 15,1 млн даляраў і склаў 781,2 млн даляраў.

Такім чынам, аб'ём чыстага продажу валюты фізічнымі асобамі ў верасні склаў 91,1 млн даляраў супраць 107,8 млн даляраў у жніўні сёлета і 6,8 млн даляраў у верасні летась.

Усяго за студзень – верасень сёлета фізічныя асобы прадалі валюты ў чыстым выразе на 588,4 млн даляраў, што амаль у 2 разы менш, чым за аналагічны перыяд летась (1 082,3 млн даляраў).

Беларускія прадпрыемствы ў верасні таксама не надта спалохаліся падвышанай валацільнасці курсу рубля. Яны набылі валюты больш, чым прадалі, але ўсяго на 40,6 млн даляраў, што нашмат менш, чым год таму, калі гэты паказнік складаў 184,4 млн даляраў. У цэлым за студзень – верасень сёлета суб'екты гаспадарання – рэзідэнты РБ рэалізавалі валюты на 519,7 млн даляраў. За аналагічны перыяд летась гэты параметр складаў 489,3 млн даляраў.

Стабільна прадаюць валюту на беларускім унутраным рынку і суб'екты гаспадарання – нерэзідэнты РБ. У верасні яны рэалізавалі валюты ў чыстым выразе на 46,1 млн даляраў, а за дзевяць месяцаў сёлета – на 414,7 млн даляраў (супраць 355,5 млн даляраў за аналагічны перыяд летась).

Такім чынам, прапанова валюты з боку насельніцтва і прадпрыемстваў РБ за дзевяць месяцаў сёлета склала блізу 1,5 млрд даляраў. Значную частку гэтай сумы, калі не ўсю, набыў Нацыянальны банк РБ, які павялічыў за кошт гэтага золатавалютныя рэзервы краіны. У каментары Нацбанка да змены золатавалютных рэзерваў за верасень адзначана, што ён нават у гэтым месяцы набываў валюту на БВФБ.

З валютнымі ашчаджэннямі насельніцтва не растаецца

Значныя продажы валюты фізічнымі асобамі не паказваюць на зніжэнне прывабнасці валютных зберажэнняў у насельніцтва, наадварот, гэтыя ашчаджэнні растуць.

Праўда, валютныя ўклады фізічных асобаў у беларускіх банках у жніўні сёлета знізіліся на 7,7 млн даляраў у параўнанні з ліпенем і склалі 7 442,9 млн даляраў. Але гэта нашмат менш, чым год таму, калі яны скараціліся на 53,8 млн даляраў. Пры гэтым за восем месяцаў з пачатку гэтага года такія ашчаджэнні выраслі на 309,8 млн даляраў.

Юрыдычныя асобы ў жніўні сёлета свае валютныя зберажэнні ў банках знізілі на 215,4 млн даляраў – да 4 065,4 млн даляраў. Але з пачатку года іх валютныя сродкі павялічыліся на 87,2 млн даляраў.

У той самы час укладанні прадпрыемстваў і насельніцтва ў банкаўскія валютныя аблігацыі за студзень – жнівень скараціліся на 162,2 млн даляраў – да 801 млн даляраў. Гэта значыць, валютныя ашчаджэнні юрыдычных асобаў у выглядзе дэпазітаў і банкаўскіх аблігацый з пачатку года ўсё ж знізіліся, але ненашмат.

Такім чынам, можна меркаваць, што рэзідэнты РБ не прадаюць свае валютныя запасы. Вядома, у фізічных асобаў ёсць яшчэ сродкі ў наяўных далярах, пра дынаміку якіх нічога невядома, але, хутчэй за ўсё, яны мяняюцца гэтак сама, як і ўклады ў банках. Гэта значыць, насельніцтва прадае тую валюту, якую зарабляе – за мяжой, а таксама на чорным рынку ў РБ.

Паводле вынікаў верасня цяжка меркаваць, як адаб'ецца павышэнне валацільнасці курсу беларускага рубля на стаўленні насельніцтва і прадпрыемстваў да валютных ашчаджэнняў. Шмат што залежыць ад таго, як будзе паводзіць сябе курс надалей. Хутчэй за ўсё, папулярнасць валюты вырасце, бо ваганні курсу выклікаюць няўпэўненасць, а ахоўным актывам у нас з'яўляецца даляр, а не рубель.

Што тычыцца рублёвых укладаў, то іх папулярнасць у гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, знізіцца. Праўда, у жніўні сёлета тэрміновыя дэпазіты фізічных асобаў у беларускіх рублях выраслі ў параўнанні з ліпенем на 126,8 млн рублёў (2,8%) і дасягнулі 4 657 млн рублёў. Прырост апынуўся нашмат большым, чым у жніўні 2018 года, калі ён складаў 74,8 млн рублёў. Але павелічэнне такога параметру наўрад ці звязанае з ростам папулярнасці нашых рублёў. Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца паляпшэннем сітуацыі ў беларускай сельскай гаспадарцы ў параўнанні з мінулым годам, дзякуючы чаму павялічыліся заробкі сельскага насельніцтва.

Можна адзначыць, што падвышаная валацільнасць курсу рубля стварае добрыя ўмовы для спекулятыўных аперацый з валютай. Пакуль выявіць нейкія заканамернасці ў дынаміцы курсу рубля складана, але з часам яны выявяцца, што можа дазволіць спекулянтам павялічыць свае прыбыткі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках