20 красавiка 2024, Субота, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзядуля Швондэр і ягоныя ўнукі

43
Дзядуля Швондэр і ягоныя ўнукі
ІРЫНА ХАЛІП

Ну што, будзем здымаць кіно?

Калі я глядзела відэазапіс паседжання берасцейскай акруговай выбарчай камісіі, якая адклікала пастанову пра рэгістрацыю Паліны Шарэнды-Панасюк, мне здавалася, што я ўсё гэта калісьці ўжо бачыла. Не памятаю дзе. Не памятаю калі менавіта, але – бачыла. І чым далей ішло паседжанне, тым больш знаёмай станавілася мізансцэна. Нарэшце зразумела: цяпер чальцы камісіі ўстануць і хорам заспяваюць: «Суровые годы уходят борьбы за свободу страны. За ними другие приходят, они будут тоже трудны».

Ну вядома. «Сабачае сэрца», пасяджэнне дамкама на чале з Швондэрам. Памятаеце, спачатку на пасяджэнні давалі імёны народжаным ў доме двайнятам (Клара і Роза, зразумела), а потым увесь дамкам устаў і заспяваў хорам «Суровыя годы уходят»? Дык вось, яны нікуды не сышлі. І Швондэр таксама нікуды не сышоў.

Маё пакаленне вырасла з веданнем таго, што швондэры некалі існавалі, але, на шчасце, вымерлі. Асобных прадстаўнікоў гэтага біялагічнага віду мы яшчэ паспелі сустрэць падчас агоніі СССР. Пакаленне маіх бацькоў правяло вялікую частку жыцця, адбіваючыся ад швондэраў і навучыўшыся выслізгваць ад іх пільнай цікавасці. Пакаленне, якое нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, наіўна думае, што Швондэр – гэта ўсяго толькі літаратурны персанаж, якога прыдумаў Булгакаў і бліскуча згуляў у фільме Раман Карцаў. Дык вось, памыляемся мы ўсе. Гэта не персанаж і не вымерлы від. Швондэры сёння жывейшыя за ўсіх жывых.

Арэал распаўсюджвання гэтага віду – уся Беларусь і некаторыя постсавецкія дзяржавы. Спосаб размнажэння – замбіяванне. Асяроддзе пасялення – выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў; ідэалагічныя аддзелы ўсяго, што рухаецца; БРСМ і «Белая Русь»; выканкамы, школы і ВНУ; калоніі і дзяржаўныя медыя. Але ў выбарчых камісіях іх, нават у параўнанні з ідэалагічнымі аддзеламі, асабліва шмат.

«Інфармацыя паступіла ад 22 дня. Пікет праводзіўся ў іншых мэтах».

«На пікеце я пачула слова “патрабаванні”. Патрабаванні – гэта ўвогуле як на мітынгу, правільна?»

«Пры падачы праграмы кандыдата ў дэпутаты нам трэба апавядаць, чым збіраецца займацца кандыдат у дэпутаты, а не даносіць праўду».

«З дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры гучалі паклёп і абразы на адрас службовых асобаў Рэспублікі Беларусь на ўсіх узроўнях».

«Вось калі б яна ў нас у прэзідэнты каціравалася, тады, можа быць, калі ласка».

«У сувязі з тым, што матэрыял паступіў позна, мы праінфармавалі, што матэрыял паступіў позна».

«Ваша праўда не адпавядае той, якую ведаюць выбарнікі Ленінскага раёна».

Думаеце, гэта я вам «Сабачае сэрца» цытую? Пасяджэнне дамкама на чале са Швондэрам? Не, гэта рэплікі чальцоў берасцейскай акруговай выбарчай камісіі. Менавіта гэтымі рэплікамі яны з важным выглядам абменьваліся, скасоўваючы рэгістрацыю Паліны Шарэнды-Панасюк. Як быццам і не было гэтых ста гадоў, праўда? Як быццам не памёр Сталін, не кульнуўся СССР, не з'явіўся інтэрнэт, не адкрыліся межы. Як быццам час застыў бурштынавай смалой, а мы ў гэтай смале, як тыя мушкі – і рады б вырвацца, ды смала не пускае.

Я таксама, дарэчы, бачыла гэтага, ацалелага ў гістарычных перыпетыях Швондэра. Ён сягоння квітнее ў Партызанскай акруговай камісіі. Ён прыходзіў на наш пікет для збору подпісаў, пагражаў неймавернымі карамі і быў такі неверагодна падобны на таго персанажа з фільма, што я не ўтрымалася і спытала: «А адкуль вы ўвогуле ў камісіі ўзяліся?» Швондер з гонарам адказаў:

– Мяне вылучылі бабулі нашага пад'езда на Будзёнага, 8!

– Якія бабулі? Якога пад'езда? – дыялог так імкліва набліжаўся да булгакаўскага, што на секунду нават здалося, быццам і не дваццаць першае стагоддзе на дварэ. Ён тут жа гэта пацвердзіў:

– Што значыць «якія бабулі»? Звычайныя бабулі, я ж старэйшы ў пад'ездзе!

Акруговыя камісіі – гэта ідэальнае пажыўнае асяроддзе для швондэраў. Швондэры зусім бяспечныя, пакуль застаюцца на лавачках ля пад'ездаў. Але як толькі пад'езныя бабулі іх куды-небудзь вылучаюць, швондэры пачынаюць ажываць і налівацца сілай, як персанажы другараднай чорнай камедыі з элементамі жахалкі. І ім зусім не хочацца станавіцца персанажамі добрага кіно.

Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін зняў на відэа паседжанне той берасцейскай камісіі. Атрымалася добрае сатырычнае кіно. А давайце і мы пачнем здымаць усіх сучасных швондэраў. Яны гэтага не любяць. Яны ведаюць, што «Сабачае сэрца» – фільм не мастацкі, а дакументальны. І што любы эпізод аднойчы будзе паказаны не ў кіназале, а ў зале суда. Наўрад ці мы сваімі тэлефоннымі камерамі цалкам знішчым папуляцыю швондэраў, але прынамсі скараціць яе ў найбліжэйшы час – нам пад сілу.

Ну што, будзем здымаць кіно?

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках