29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NEXTA расказаў праўду пра Лукашэнку ў жывым эфіры

67
NEXTA расказаў праўду пра Лукашэнку ў жывым эфіры

(Абноўлена) Як ствараўся сенсацыйны фільм.

Неверагоднай папулярнасцю карыстаецца фільм Сцяпана Святлова (NEXTA) «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

Фільм пра Лукашэнку набраў на YouTube ужо больш за 1 мільён 200 тысячаў праглядаў. Яшчэ 430 тысячаў карыстальнікаў паглядзелі фільм у «Аднакласніках», а таксама зафіксаваныя дзясяткі тысячаў праглядаў ва «Укантакце» і іншых сацыяльных сетках.

Стваральнік фільма апавёў у жывым эфіры «Белсата» пра тое, як ён яго рабіў.

Сайт Charter97.org прыводзіць стэнаграму размовы.

– Ну што ж, у нас пятніца. У студыі ўжо з'явіўся Сцяпан Святлоў, блогер Nexta са сваёй порцыяй суб'ектыўных навінаў. Галоўнай інфанагодай стаў ягоны фільм, які набраў неверагодны лік праглядаў. Ён перакрыў усе фільмы пра Аляксандра Лукашэнку. Можа, ты ведаеш гэтыя лікі дакладна?

– Апошні скрын. Паўгадзіны таму. 1 мільён 223 тысячы ў YouTube, яшчэ ў «Аднакласніках» 430 тысячаў і дзясяткі тысячаў «Укантакце» і іншых сацсетках.

– Гэта проста неверагодныя колькасці, Сцёпа. Як выглядае статыстыка? Адкуль людзі глядзяць? Якія ўзроставыя катэгорыі гэтых людзей?

– У нас сапраўдныя лікі. На здымку можаш убачыць: Беларусь – 79%, Расея – 8,7%, я нагадаю, шмат беларусаў у Расеі працуе. Гэтак жа Украіна, Польшча, ЗША. Ну, і гендарная няроўнасць: мужчыны – 80%, жанчыны толькі 20.

– Мужчынская частка насельніцтва больш палітыкай цікавіцца?

– Магчыма. А вось яшчэ цікава, хто ўспомніў фільм, а хто не. На здзіўленне, «Савецкая Беларусь», «Ку-ку», шэраг незалежных сайтаў: «Хартыя-97», «Белсат» і гэтак далей. А не ўзгадалі ні словам найбуйнейшыя парталы Tut.by, Onliner. Дзіўна, чаму?

– Напэўна, непрыкметная адбылася падзея. Усё ж такі можна сказаць, «шараговая» падзея – фільм, які збірае ў Беларусі такую колькасць праглядаў. Дарэчы, нагадаю: 1 мільён 200 тысячаў у YouTube і 400 тысячаў у Аднакласніках. Мы так падумалі са Сцёпам, што шмат хто глядзеў кампаніямі сяброў, паказваў сваім бацькам, бабулям і суседзям. Пасядзелі з калькулятарам і палічылі, што нават кожны пяты дарослы беларус мог азнаёміцца з фільмам. Гэта і чыноўнікі, і міліцыянты, і простыя грамадзяне. Вось у выпадковых мінакоў мы і спыталі, якія ў іх уражанні ад фільма і што яны хацелі б пажадаць аўтару Сцяпану:

– Ведаеце, уразіла. Усё было якасна скампанавана ў фільме.

– Якія ўражанні? Нешта трэба мяняць. У кіраванні дзяржавай нешта трэба мяняць у лепшы бок, разумееце.

– Добра, калі ёсць такія блогеры, якія здымаюць такія фільмы. Яны паказваюць людзям, што адбывалася раней і да чаго гэта даводзіць.

– Ён ужо шмат чаго напісаў і канал у яго ў тэлеграме даволі папулярны, таму наўрад ці яму штосьці будзе і нешта яму зробяць.

– Нам кажуць праўду пра яго. Я не ведаю, чаму гэты канал яшчэ існуе і яго не забанілі. Мне гэта вось цікава.

– Я яму пажадаў бы менш выкарыстоўваць эмоцый, больш арыентавацца на факты.

– Каб улады не прэсавалі, хацеў бы пажадаць далейшых прафесійных поспехаў. Ён робіць якасны матэрыял. Ён не баіцца. Пажадаў бы не баяцца і далей. Шчыра, я б сам не змог, я спалохаўся б.

– Не страчваць матывацыі. Пры тым, што закрыць яго хочуць, але ўжо праз папулярнасць не могуць.

– Далейшых поспехаў у ягонай дзейнасці журналісцкай, блогерскай.

– Поспехаў на ягонай ніве.

– Каб не пасадзілі, гэта першае. А другое, хай такі ж кантэнт робіць і далей, хай апавядае людзям праўду.

– Сцяпан, ці адбывалася пасля выхаду фільма што-небудзь важнае, на што ты звярнуў увагу, што адзначыў і што для сябе ты мяркуеш вельмі важным?

– Па-першае, увогуле фільм рыхтаваўся да дня народзінаў Лукашэнкі, 30 або 31 жніўня, я нагадаю. Але калі я ўбачыў усю колькасць матэрыялу, тысячы файлаў, то зразумеў, што проста не паспею і таму ён выйшаў толькі тыдзень таму. Дарэчы, тыдзень ужо трымаецца ў трэндах. Значыць, людзям гэта цікава. Першапачатковы сцэнар меў 48 старонак. Праца вялася тры месяцы, потым скарацілася да 23 і пазней будзе выкарыстана ў іншых праектах.

Шмат хто кажа, што нічога новага не даведаўся. Але нават я даведаўся, хоць здавалася, што ўсё ведаю з гісторыі Лукашэнкі. Напрыклад, тое, што Лукашэнка асабіста назіраў, як расстрэльваюць людзей, прычым некалькі чалавек гэта пацвярджала. Ці тое, што гэты здымак і так сумная навіна, паглядзі, мала хто заўважыў, але гэты здымак сапраўдны. Гэта было ў Маладзечне. Некалькі тыдняў таму. Я проста не паверыў і не публікаваў нідзе. Мне здаецца гэта ілюстрацыя жыцця ў Беларусі. На гэтым здымку бачна, як хлопец або дзяўчына, не памятаю, гэта было ў Маладзечне, павесіўся на фоне білборда «Я люблю Беларусь».

– Дарэчы, яшчэ адзін адметны момант. На першай пасля фільма публічнай нарадзе Лукашэнка двойчы згадаў «рознага кшталту блогераў, шарлатанаў і сутэнёраў», якія перамываюць яму костачкі, прычым па-за кантэкстам тэмы, якая абмяркоўвалася ў той момант. Давайце яшчэ дамо слова рэжысёру, аўтару шэрагу выбітных фільмам пра Лукашэнку і Беларусь Юрыю Хашчавацкаму, менавіта з ягоным фільмам «Выпадковы прэзідэнт», знятым яшчэ ў 1996 годзе, шмат хто асацыюе новую стужку Сцяпана Святлова.

Юры Хашчавацкі: Фільм гарачы, вельмі. Шмат нянавісці нават, можа быць, гэта ў нейкім сэнсе і невялікі недахоп гэтага фільма. Хоць я дык разумею маладых хлопцаў, якія мяркуюць, і не без падставаў, што гэтая ўлада пазбавіла іх вялікага кавалка жыцця. Адзінае, чаго мне не хапіла ў гэтым фільме, можа быць, аналізу таго, чаму ўсё гэта адбываецца.

Ёсць адно вельмі важнае пытанне: а чаму дагэтуль ён намі кіруе? Сёння праблема беларусаў не ў Лукашэнку, як гэта ні дзіўна. А праблема беларусаў у саміх беларусах. Чаму яны не могуць ад гэтага ўсяго пазбавіцца, чаму яны не могуць сваю краіну паставіць на нармальныя рэйкі? Аўтар, які зрабіў велізарную працу, перашуфляваў велізарную колькасць матэрыялу, увогуле малайчына і разумніца. Адзінае, што выразы кшталту «вусаты блазан» можна пакінуць для сваёй кухні. Мы так можам, і хочам, і павінны так гаварыць. А што тычыцца фільма, калі б ён быў трошку больш стрыманы, калі стрымаць гэтую нянавісць, якая, паўтараю, мне абсалютна зразумелая, гэты фільм быў бы яшчэ больш пераканальным.

– Як рэагаваў інтэрнэт на твой фільм? Ты маніторыў гэта ўсё?

– 72 тысячы падабаек, я такога не мог уявіць, 29 тысячаў каментароў, 20 тысячаў новых чалавек падпісалася пасля гэтага відэа, каб глядзець, што будзе далей. Што будзе далей – не скажам. Пакуль таямніца. Таксама пісалі БТшнікам у Інстаграме і іншых сацсетках: «А чаму вы пра грамадска важную падзею нічога не кажаце?» Ярка паказвае рэакцыю іншых, напрыклад супрацоўнікаў ДАІ, вось гэты здымак. Тут падпісант апавядае, як ён сустрэўся з ДАІ і ў яго была трансляцыя фільма ў гэты момант і спытаў, ці глядзеў ён гэты фільм, той адказаў, што глядзеў. Але на пытанне, як яму кіно, замяўся і не стаў адказваць.

– Цікава. Мы незалежна ад цябе таксама маніторылі сацсеткі і правяралі, хто як рэагаваў. Там і шмат крытыкі. Яшчэ больш падзяк. Хтосьці ўвогуле не ўважае гэта дакументальным фільмам, хтосьці чакае прадаўжэння, а хтосьці разбірае фільм на цытаты. Самыя экспрэсіўныя, яркія думкі мы адабралі і прапануем вашай увазе:

– Тым часам у Беларусі адбылося сапраўды значнае. Nexta зняў абсалютна круты фільм. Круты не нейкай сваёй навізной, а паслядоўнасцю, зразумелым пасылам і канкрэтнай высновай.

– Nexta – прыклад таго, чаму я ўвесь час паўтараю пра неабходнасць прываблівання моладзі ў палітыку. Старыя збітыя тэмы (многія знаёмыя яшчэ з дзяцінства) Сцёпа падае са свежай энэргіяй і бадзёрым мантажом.

– Усім прывітанне. Тут будзе прыкладзены скрын да відэа. І я хачу параіць, нават настойліва парэкамендаваць паглядзець гэтае відэа.

– 578 тысячаў праглядаў за два дні. Столькі сабраў новы фільм Nexta, столькі злосці на сістэму назапасілася ў народзе. А дзяржаўныя СМІ поўныя бадзёрых рапартаў пра «выбарчую кампанію».

– Мая любімая цытата з фільма Nexta пра Лукашэнку: «Першапачаткова быў агучаны план у забеспячэнні лядовай арэнай кожнага райцэнтра, але, на шчасце, грошы скончыліся ўжо на 38-м палацы».

– Хто ўжо бачыў гэты фільм на Nexta TV? Я цяпер яго паглядзела, я ў шоку.

– Мне 19, і я не ведала большасці, што тут кажуць. Таму што пражыла ўсё жыццё пры ім. Дзякуй за экскурс у гісторыю. Упэўненая, што для людзей майго ўзросту было вельмі спазнавальна.

– Дарэчы, заўважыў такую цікавую заканамернасць. Калі на мяне ціснуць, напрыклад, праводзяць ператрус – расце колькасць падпісчыкаў. БТ спрабуе заблакаваць YouTube, я перайшоў у Тэлеграм – Тэлеграм стаў першым. Цяпер спрабавалі старонкі ўзламаць – пачаліся злівы з КДБ, рэзідэнцыі Лукашэнкі. Цікава, што далей будзе.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках