23 красавiка 2024, aўторак, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На конкурсе «Міс Свету Plus Size» ўдзельніца з Беларусі здабыла тытул віцэ-міс

5
На конкурсе «Міс Свету Plus Size» ўдзельніца з Беларусі здабыла тытул віцэ-міс

На міжнародным конкурсе нашу краіну прадстаўлялі тры ўдзельніцы.

У гэтыя выхадныя завяршыўся міжнародны конкурс прыгажосці «Міс Свету Plus Size». Беларусь пакідае яго з каронай віцэ-міс - тытул заваявала бізнэс-лэдзі з Гомеля Наталля Калеснікава. Першае месца падзялілі Бразілія і Сурынам, піша tut.by.

У 2019-м за карону пераможцы з беларускімі ўдзельніцамі канкуравалі дзяўчыны з Бразіліі, Украіны, Расеі, Латвіі, Індыі, Нідэрландаў, Сурынама, Бэльгіі і Сінгапура. Першае месца падзялілі ўдзельніцы з Бразіліі і Сурынама.

Нашу краіну прэзентавалі тры ўдзельніцы. Цікава, што таксама ў Top Five ўвайшла яшчэ адна беларуска - Кацярына Лаздоўская, якая прадстаўляла Латвію. Дзяўчына нарадзілася ў горадзе Глыбокае. Калі ёй было 2 гады, сям'я пераехала ў Латвію. У 2009 годзе ў Беларусь вярнулася маці Кацярыны, але сама дзяўчына засталася, бо ў Латвіі ў яе былі сям'я і дзіця. Аднак Беларусь Кацярына наведвае часта, бо вядзе тут бізнэс (сетка салонаў прыгажосці ў Глыбокім) і наведвае блізкіх.

Хто прадстаўляў Беларусь на конкурсе?

Магчымасць прадстаўляць Беларусь Наталля Калеснікава, Вікторыя Клявец і Інга Буліцкая атрымалі дзякуючы ўдзелу ў праекце «Міс Беларусь Plus Size». За гэта права яны канкуравалі з 146 дзяўчынамі, якія падалі заяўку на ўдзел у верасні гэтага года. Затым быў кастынг, адборачныя этапы - і ў выніку арганізатары вызначылі тройку фіналістак:

Віцэ-міс свету plus-size 2019 Наталля Калеснікава (Гомель)

Бізнэсвумэн і саўладальніца некалькіх кампаній у розных сферах: ад будаўніча-мантажных работ, аптовага гандлю будматэрыяламі да міжнароднага турызму. За сваё жыццё адкрыла шмат бізнэсаў, а таксама стала шчаслівай жонкай і мамай дваіх дзяцей.

Пайшла на конкурс, каб падаць прыклад дачцэ і натхніць яе не толькі дзелавымі мамінымі поспехамі, але і яе прыгажосцю.

Інга Буліцкая (Менск)

Інга вырасла ў інтэрнаце. Але цяжкасці не зламалі яе - цяпер яна працуе галоўным дзяржаўным падатковым інспектарам і гадуе двух сыноў-спартоўцаў. Удзельнічае ў праекце, каб зламаць стэрэатыпы пра жанчыну - дзяржаўную служку. А таксама каб давесці - высокая пасада і офісная праца не замінаюць быць элегантнай і насіць карону каралевы прыгажосці.

На конкурсе ў Кіеве атрымала тытул «Міс экстравагантнасць».

Вікторыя Клявец (Менск)

Дызайнер інтэр'ераў, якая лёгка садзіцца на шпагат і робіць батманы.

На «Міс Свету Plus Size» атрымала тытул «Міс творчасць», бо яе пластычны эцюд з мячом быў прызнаны найлепшым творчым нумарам на конкурсе.

«Мы прайшлі няпросты, але цікавы шлях, - кажа Наталля Калеснікава, віцэ-міс свету - 2019. - Кожная з нас старалася зрабіць усё магчымае, каб прэзентаваць нашу краіну годна. І, вядома, я неверагодна шчаслівая, што тытул віцэ-міс сябры журы прысудзілі мне. Аднак гэта не толькі мая заслуга - Нацыянальная дырэктарка конкурсу ў Беларусі Яўгенія Цюленева прыклала неверагодныя намаганні, каб падрыхтаваць дзяўчат да ўдзелу ў Кіеве, і сабрала каманду цудоўных спецыялістаў. Працаваць з гэтымі людзьмі было вялікім гонарам і велізарным задавальненнем».

На «Міс Свету Plus Size» сябры журы ацэньвалі не толькі знешнасць канкурсантак. Пад пільнай увагай былі місіі дзяўчат, якія яны транслююць праз удзел у конкурсе, жыццёвыя каштоўнасці, навыкі самапрэзентацыі і асабістыя гісторыі. Іх дзяўчыны паказалі ў сваіх відэавізітках. Інга Буліцкая распавяла, пра што марыла, калі расла ў інтэрнаце, Вікторыя падзялілася любоўю да танцаў, а Наталля распавяла, як паверыла ў тое, што, нягледзячы на вагу, вартая прыгожых сукенак.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках