28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Людзі маюць права свабодна збірацца

6
Генадзь Фядыніч: Людзі маюць права свабодна збірацца
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Уладам давядзецца выконваць тое, аб чым сёння кажа моладзь.

5 лістапада незалежны прафзвяз РЭП выставіў 32 патрабаванні да ўладаў у сацыяльнай і эканамічнай сферах, якія атрымалі назву «Платформа».

Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да лідара незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча, каб даведацца, ці ёсць рэакцыя на патрабаванні з боку ўладаў.

- Наша «Платформа» - гэта не аднаго дня праца. Сёння нашы патрабаванні былі накіраваныя разам з суправаджальнымі запіскамі ў адміністрацыю Лукашэнкі, урад і так званы парламент. Што тычыцца далейшага азнаямлення з гэтай праграмай грамадства, арганізацыі круглых сталоў, збору подпісаў, то яно будзе абмяркоўвацца 20 лістапада пасля прапаноў ад рэгіёнаў. Мы не фарсіруем падзеі, хай скончацца гэтыя псеўдавыбары і ўсё ідзе сваім парадкам.

- Якія водгукі вы атрымліваеце пра сваю праграму ад простых беларусаў?

- Тыя, хто паспеў прачытаць і азнаёміцца - абсалютна падтрымліваюць нашу праграму. Ніхто не абвінавачвае нас у папулізме, не гаворыць, што ў праграме нешта надуманае. Наадварот, робяць нейкія свае прапановы, прапануюць нешта ўнесці.

Безумоўна, усе моманты не ўлічыш, а то б атрымаўся велізарны катэхізіс.

Мы робім «Платформу» не проста так. Будуць створаныя экспэртныя групы ў розных кірунках. Калі ўрад захоча - будзем разам абмяркоўваць. Не захоча - будзем самастойна абмяркоўваць змяненні ў пенсійнай рэформе, медыцынскай рэформе. Мы гатовыя працаваць, а не проста «пракукарэкаць», што ў нас ёсць нейкія патрабаванні, а ўлады хай іх развязваюць. Не, мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, зацікаўленымі спецыялістамі.

- 8 лістапада ў Менску прайшло абмеркаванне нашумелага фільма блогера NEXTA. Як вы ставіцеся да гэтай падзеі?

- Па-першае, я хачу сказаць, што гэтая акцыя была вельмі моладзевай і крэатыўнай. Яна паказала, што моладзь, новыя асобы, якія прыйшлі, усе маюць патрэбу ў абмеркаванні выхаду з той сітуацыі, у якой знаходзіцца наша краіна.

Зразумела, што гэта мерапрыемства не магло сабраць большай колькасці ўдзельнікаў, але гэта ўжо лепш, чым 30-50 чалавек.

Думаю, што ўлады не павінны баяцца гэтага крэатыву, бо людзі проста прыходзяць і выказваюць сваё меркаванне. Тым больш, што ідзе выбарчая кампанія. Самы час абмеркаваць, прапанаваць, быць пачутым і пачуць таго, хто прапаноўвае. Галоўнае, каб у акцыі было прадаўжэнне.

- Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель прапанаваў 15 лістапада а 18:00 на Кастрычніцкай плошчы правесці Сустрэчу свабодных людзей. Яна праходзіцьме ў рамках выбарчай кампаніі. Ці падтрымліваеце вы такую ініцыятыву?

- Сёння трэба выкарыстоўваць выбарчую кампанію для правядзення мітынгаў і пікетаў. Няхай людзі падыходзяць, абмяркоўваюць, бо яны жывуць у сваёй краіне. Чаму беларусы не маюць права на выказванне нейкіх думак, калі яны нават адрозныя ад таго, што кажуць улады? Радуемся, што ёсць выдатны пункт гледжання, а не ўсеагульны «адабрамс». На беларускіх кухнях ніякага «адабрамса» няма. Прыходзьце на пікеты і слухайце! Рана ці позна давядзецца выконваць тое, аб чым сёння кажа моладзь, кажуць пенсіянеры, рабочыя. Таму я ўважаю гэтую прапанову за абсалютна адэкватную. Яе не варта баяцца ні ўладам, ні беларусам. Людзі маюць права збірацца і абмяркоўваць праблемы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках