24 красавiка 2024, Серада, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Большасць беларусаў ненавідзіць дыктатара

19
Большасць беларусаў ненавідзіць дыктатара
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу выступіў на пасяджэнні Сацінтэрна ў Менску.

На пасяджэнні Камітэта сацыялістычнага інтэрнацыяналу ў Менску Мікола Статкевіч выступіў з дакладам пра сітуацыю ў Беларусі, паведамляе прэс-служба «Народнай грамады»:

Дарагія сябры!

Рады вітаць вас у Менску.

Народная Грамада разглядае правядзенне пасяджэнне Камітэта СІ ў Беларусі як падтрымку нашай барацьбы за свабоду. Дзякуй за салідарнасць!

а) Палітычная сістэма

Дзейную ў нашай краіне палітычную сістэму мы вызначаем як аўтарытарны паразітарны рэжым.

Больш за 25 гадоў улада належыць аднаму чалавеку. Абраны на сумленных выбарах, ён праз фальсіфікаваны «рэферэндум» скасаваў падзел уладаў і прысвоіў сабе неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Дэмакратычныя інстытуты ператвораныя ў муляжы. У «парламента» дэкаратыўныя функцыі. Ён толькі сцвярджае любыя пастановы, прапанаваныя адміністрацыяй "прэзідэнта". Дэкрэты "прэзідэнта" маюць прыярытэт перад законамі.

Судовая сістэма цалкам падпарадкаваная рэжыму. Адсотак апраўдальных прысудаў мізэрны. Перамагчы эканамічны пазоў у дзяржаўных структураў практычна немагчыма.

Мясцовае самакіраванне рэальна не існуе, кіраванне ў рэгіёнах ажыццяўляюць чыноўнікі, прызначаныя «прэзідэнтам».

Усе электронныя і буйныя друкаваныя СМІ кіруюцца або кантралююцца рэжымам. Крытыка рэжыму на іх ніколі не гучыць.

б) Выбарчая сістэма

Яна толькі муляж сапраўднай. Выбарчыя камісіі амаль цалкам сфармаваныя з адмыслова адабраных і падкантрольных прадстаўнікоў улады. Цяпер ідзе «парламенцкая кампанія». З 63 000 сяброў участковых выбарчых камісій толькі 21 ад дэмакратычных арганізацый.

Шырока выкарыстоўваецца прымус да 5-дзённага папярэдняга галасавання студэнтаў, супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, служачых сілавых структураў. Афіцыйныя лікі датэрмінова прагаласавалых выбарнікаў складаюць больш за траціну ад іх спісачнай колькасці.

У ноч перад асноўным днём выбараў скрыні для датэрміновага галасавання ўскрываюцца чыноўнікамі, іх змесціва падмяняецца. Колькасць бюлетэняў за кандыдата ад улады ў іх аказваецца 95–99%.

Гэтага было б дастаткова для «перамогі». Але фальсіфікацыя папярэдняга галасавання носіць толькі дапаможны, страхавальны характар. У асноўны дзень галасавання выбарчыя камісіі толькі імітуюць падлік бюлетэняў. Назіральнікі не маюць права рэальна назіраць падлік, набліжацца да стала, дзе ён вырабляецца, нават рабіць фота або сэлфі. Парушальнікі забаронаў неадкладна выдаляюцца міліцыяй.

Таму вынікі «выбараў» робяцца вядомымі ўжо пасля публікацыі спісу кандыдатаў. Прадстаўнікі апазіцыі адсутнічаюць не толькі ў «парламенце», але і ў мясцовых прадстаўнічых органах улады. Праўда, тры гады таму ў склад «парламента» былі абраныя (рэальна – прызначаныя) дзве прадстаўніцы дэмакратычных арганізацый. Занадта актыўна і крытычна ў адносінах да рэжыму яны сябе не паводзілі. Але ЕЗ убачыў у іх прызначэнні прыкмету лібералізацыі і зняў свае сімвалічныя санкцыі з рэжыму.

в) Эканоміка

Большая частка эканомікі кантралюецца дзяржавай. Сістэма кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі архаічная, што вядзе да неэфектыўнасці, страты канкурэнтаздольнасці і рынкаў. Але такая эканоміка развязвае іншыя, не эканамічныя задачы – кантроль за фінансавымі плынямі, уласнасцю і выбарнікамі на працоўных месцах. Яна частка агульнай сістэмы ўтрымання ўлады над краінай.

Напрыклад, 90% працоўных знаходзяцца на кароткатэрміновых кантрактах. Хто адкрыта выяўляе незадаволенасць, таму проста не прадаўжаюць кантракт, і яны застаюцца без сродкаў да існавання.

Дзяржаўная эканоміка, акрамя яе сыравіннай часткі, вырабляе страты, а не прыбытак. Велізарны дзяржаўны апарат і стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы падтрымліваюцца на плыву за кошт расейскіх датацый. У асобныя гады яны складалі да 26% ВУП Беларусі.

Цяпер датацыі зменшыліся да 10% ВУП і прадаўжаюць змяншацца. Гэта прывяло да эканамічнай дэпрэсіі і росту сацыяльнай напружанасці. Расейскае кіраўніцтва патрабуе наўзамен за захаванне датацый поўнага выканання падпісанай 20 гадоў таму дамовы пра саюзную дзяржаву.

Рэальна гэта азначае паглынанне Беларусі Расеяй.

Лукашэнка пакуль упіраецца, але пры гэтым катэгарычна адмаўляецца ад рэформаў, неабходных для захавання дзяржавы. Ён баіцца страціць кантроль над грамадствам. Але памяншэнне расейскіх датацый вядзе створаную ім палітыка-эканамічную мадэль да непазбежнага краху.

г) Сацыяльная сітуацыя

Рост эканамічных праблемаў перакладаецца на плечы насельніцтва. У большасці рэгіёнаў прымальнай мяркуецца праца за 150 даляраў за месяц. Людзі вымушаныя з'язджаць на заробкі ў іншыя краіны. Больш за мільён беларусаў працуе за мяжой.

Лукашэнка страціў падтрымку людзей. Больш за 80% хочуць рэформаў, хочуць змены ўлады. Большасць ненавідзіць дыктатара.

д) Апазіцыя

Апазіцыі не пакінулі іншых дзейсных вагароў уплыву на сітуацыю, акрамя масавых пратэставых акцый.

«Народная Грамада» знаходзіцца на самым вастрыі барацьбы за свабоду і правы людзей. Некалькі гадоў таму мы ініцыявалі стварэнне Беларускага нацыянальнага кангрэсу, куды ўвайшлі 7 агульнанацыянальных арганізацый і 18 рэгіянальных кааліцый. Мы імкнемся вярнуць людзям смеласць і надзею, абудзіць грамадства. БНК высунуў мяне кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года.

Нам вядомы толькі адзін рэцэпт барацьбы са страхам. Гэта асабісты прыклад і трэніроўка.

У 2017 годзе мы сабралі ў цэнтры Менска 5 тысячаў чалавек, каб пратэставаць супраць абсурднага падатку на беспрацоўных. Пратэсты распаўсюдзіліся па ўсёй краіне, гэты падатак быў скасаваны.

е) Цяперашнія «выбары»

Цяпер у краіне праходзіць «парламенцкая кампанія». У Беларусі мажарытарныя «выбары» ў 110 акругах. Кандыдаты ў «дэпутаты» могуць вылучацца зарэгістраванымі партыямі, калектывамі вялікіх прадпрыемстваў і грамадзянамі. Апошні шлях вылучэння патрабуе, каб ініцыятыўная група сабрала больш за 1000 подпісаў грамадзянаў. У тым ліку і на пікетах на вуліцах гарадоў.

У любы іншы час за пікет у цэнтры горада можна лёгка трапіць пад арышт. Таму «Народная Грамада» актыўна выкарыстоўвала гэта «акно свабоды». Мы зарэгістравалі 36 ініцыятыўных групаў ва ўсіх значных гарадах краіны. Нашы актывісты арганізавалі ў іх пікеты для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. І размесцілі на сваіх стэндах плакаты з жорсткай крытыкай дыктатара. Лозунг «Лукашэнка павінен сысці!» быў там самым памяркоўным.

Выкарыстоўваючы гэтыя пікеты, мы сабралі людзей на мітынгі ў 20 гарадах краіны, дзе заклікалі да барацьбы за перамены і дэмакратыю.

У апошні дзень збору подпісаў мы правялі мітынг у Менску. На ім амаль усе нашы кандыдаты спалілі свае пасведчанні і спынілі свой удзел у фальшывых «выбарах».

ж) Урокі адвагі і салідарнасці ад «Народнай Грамады»

Пасля нашага выхаду з кампаніі быў незаконна арыштаваны адзін з яе арганізатараў Сяргей Спарыш. Мы ўспрынялі гэта як помсту рэжыму за нашы лозунгі і таму ненадоўга масава вярнуліся на "выбары".

27 кастрычніка мы правялі ў 11 гарадах краіны пікеты ў абарону нашага таварыша. Для бяспекі пікетаў мы выкарыстоўвалі юрыдычныя рамкі выбарчай кампаніі нашага зарэгістраванага кандыдата Уладзіміра Арцымана. На пікетах ізноў выкарыстоўваліся тыя самыя плакаты, якія так узбурылі многіх. Мы заявілі, што ў выпадку рэпрэсіяў супраць нашых таварышаў мы будзем праводзіць такія пікеты да канца "выбараў".

29 кастрычніка ў Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій мы правялі мемарыяльнае мерапрыемства ля галоўнага офіса КДБ. 50 актывістаў са свечкамі ў руках сталі ля галоўнага ўваходу ў гэты будынак, а святар правёў рытуал выгнання з яго «злога дэмана».

2 лістапада Сяргей Спарыш выйшаў на волю. Ён цяпер тут, у складзе нашай дэлегацыі.

Дзёрзкая і яркая кампанія «Народнай Грамады» стала прыкладам для многіх дэмакратычных кандыдатаў. У іх выступах, у адрозненне ад папярэдніх парламенцкіх «выбараў», стаў усё часцей гучаць наш лозунг «Лукашэнка павінен сысці!» і прамая крытыка дыктатара.

з) Нашы планы

Мы эфектыўна выкарысталі гэтыя фэйкавыя «выбары», каб стаць мацнейшымі.

Мы рыхтуемся да вызначальнай прэзідэнцкай кампаніі. На яе пачатку нам давядзецца змагацца за права кандыдата ад «Народнай Грамады» і БНК удзельнічаць у выбарах. У 2015 годзе, пасля майго вызвалення з турмы, Лукашэнка прызначыў мне 8 гадоў абмежавання ў правах. У тым ліку насуперак Канстытуцыі мне забаронены ўдзел у выбарах.

Але мы і нашы хаўруснікі выразна разумеем – калі дазволіць дыктатару самому прызначаць сабе спаборнікаў, то ў грамадства не будзе ніякіх шанцаў пазбавіцца ад яго мірным шляхам.

Драматычныя перамены ў Беларусі неўнікнёныя. Мы рыхтуемся да іх, каб гэтыя перамены былі на карысць нашай краіны і людзей. Для гэтага мы нарошчваем сілы.

Мы спадзяемся на падтрымку і салідарнасць нашых сяброў ва ўсім свеце. Як мы адчуваем гэтую падтрымку ад кіраўніцтва СІ ўсе доўгія гады нашай барацьбы.

Дзякуй за вашу салідарнасць!

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках