19 красавiка 2024, Пятніца, 7:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабодныя выбары - толькі пасля адстаўкі Лукашэнкі

27
Свабодныя выбары - толькі пасля адстаўкі Лукашэнкі
ПАЛІНА ШАРЭНДА-ПАНАСЮК

Моцны выступ Паліны Шарэнды-Панасюк.

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» запісала відэазварот да беларусаў. Сайт Сharter97.org публікуе тэкст і відэа звароту Паліны Шарэнды-Панасюк.

- Мяне клічуць Паліна Шарэнда-Панасюк. Я прадстаўляю грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь». Я вылучалася кандыдатам у дэпутаты шляхам збору подпісаў у Берасцейскай Заходняй выбарчай акрузе №1. Роўна тыдзень прайшоў ад маёй рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты да пазбаўлення мяне гэтага статусу. Толькі тыдзень рэжым вытрываў ва ўмовах рэальнай выбарчай кампаніі. Толькі тыдзень праўды і крытыкі, а агітацыя павінна была доўжыцца месяц.

Куды падзелася хвалёная стабільнасць з прэтэнзіяй на ўсенародную падтрымку? Хуценька скінулі маскі і вярнуліся да старых метадаў: забараніць, не дапусціць да эфіру, пазбавіць рэгістрацыі. Такім чынам мы паказалі, што рэжым Лукашэнкі ў варунках сапраўдных выбараў адразу саступае.

Прадстаўнікі рэжыму і самі гэта разумеюць. Таму гадамі ў выбарчых камісіях сядзяць адны і тыя ж людзі, якія зацвярджаюць «дэпутатамі» практычна адных і тых жа людзей. Гэта самая сапраўдная банда напарстачнікаў і жулікаў, з размеркаванымі ролямі. Хтосьці заклікае пагуляць, абяцаючы залатыя горы, іншыя - хуценька прыбіраюць напарсткі, маніпулююць, дураць галовы.

Аднак за доўгія гады выкарыстання напарсткі саржавелі, за дзіркамі ўжо немагчыма ўтаіць падман і хлусню. Гэта пацвярджаюць паводзіны жулікаў на камісіях і ў судах, калі яны ліхаманкава пазбаўлялі мяне рэгістрацыі. Яны былі нахабнымі і самаўпэўненымі, аднак іх вочы нервова бегалі.

Тады я зразумела - яны баяцца. Яны адчуваюць на сваіх патыліцах дыханне рэвалюцыі. Калі мы абвясцілі пра свой удзел у «выбарах» - многія не разумелі, навошта мы гэта робім. Сёння мы можам адкрыта сказаць, што ўвесь гэты час вялася кампанія актыўнага байкоту ілжэвыбараў. Мы гаварылі раней і гаворым цяпер: «Не ўдзельнічайце ў гэтым цырку!». Гуляць з жулікамі - сябе не паважаць. Сапраўдныя выбары ў беларускі парламент адбудуцца пасля сыходу Лукашэнкі. І гэта адбудзецца вельмі хутка. Я ў гэта веру! Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках