29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Казлоў: Улада ўшчыльную падвяла краіну да тумблера сацыяльнага выбуху

2
Мікалай Казлоў: Улада ўшчыльную падвяла краіну да тумблера сацыяльнага выбуху
Мікалай Казлоў

Што канкрэтна можа стаць дэтанатарам?

Гісторыя пра тое, як падпалкоўнік міліцыі, старшы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах Цэнтральнага РУУС Менска Мікалай Казлоў стаў вядомым апазіцыянерам, многім вядомае, пераказваць яе яшчэ раз сэнсу няма...

І ўсё ж маё першае пытанне было менавіта пра гэта, піша Аляксандр Тамковіч для «Свободных новостей».

- Да моманту звальнення ў 2008 годзе я расчараваўся ў міліцэйскай службе. Як і многія іншыя, мяркую, што ў міліцыі адбылася змена галоўных арыенціраў, своеасаблівае перараджэнне — распавядае Мікалай. — За іншыя службы казаць не буду, я суджу па крымінальнаму вышуку, у якім працаваў. Калі раней меркавалася, што барацьба з крыміналам павінна дамінаваць над усімі іншымі чыннікамі, то цяпер на першыя ролі выйшла ўсё, звязанае з палітыкай. У начальнікі пачалі ўсё часцей прыходзіць непрафесіяналы. Адбылася своеасаблівая змена арыенціраў. Для некаторых з міліцэйскіх чыноў супрацьстаянне злачынцам, забойцам, бандытам стала менш значным, чым забеспячэнне палітычных мерапрыемстваў з удзелам высокіх чыноўнікаў. Нават калі гэта проста гульня ў хакей…

- Як гаворыцца, свежы погляд заўсёды больш аб'ектыўны за шаблоны. Што больш за ўсё спадабалася ў апазіцыі?

- Нічога экстраардынарнага я тут не чакаў. Для таго, каб чалавеку нешта спадабалася ці не спадабалася, трэба, каб у яго былі адпаведныя чаканні. У мяне іх не было.

Анатоль Лябедзька, з якім я тады пазнаёміўся, чалавек прыстойны і сумленны, мне спадабаўся, і я падумаў, што нічога благога ў тым, што буду сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, няма.

— Ужо больш за год, акрамя Менскай гарадской арганізацыі, ты ўзначальваеш усю АГП. Не хочацца пазбавіцца ад прыстаўкі «в. а.»?

- Шчыра кажучы, мяне гэта не напружвае. Для такіх рэчаў у нас ёсць справаздачна-выбарныя з'езды. У іх напярэдадні і заяўляюць аб сваіх амбіцыях. Я б не хацеў узначаліць партыю па-за існай працэдурай.

Ад згаданай прыстаўкі можна было пазбавіцца і на нядаўнім пазачарговым з'ездзе, які стаў фактычна тэхнічным. Былі людзі, якія менавіта гэта і прапаноўвалі, але я цярпліва тлумачыў ім сваю пазіцыю. Мне не падабаецца дзейнічаць па-за межамі існых правілаў.

Налета будзе справаздачна-выбарны з'езд АГП. Можа, з'явяцца яшчэ ахвотныя, і тады разам з канкурэнтамі я прайду ўсе неабходныя этапы, уключаючы паездкі па рэгіёнах.

Я не з тых, хто прагне ўлады ўсякім коштам. Перамагаць трэба сумленна.

- Раней апазіцыянераў падтрымлівалі тысячы людзей, а цяпер лічбы падтрымкі нашмат меншыя. Але ж тыя людзі і іх пратэстны настрой нікуды не дзеліся. Ці не пара апазіцыянерам не толькі змагацца, але і перамагаць? Што ў апазіцыі робіцца не так?

- Напэўна, у чымсьці мы сапраўды памыляемся, не ўсё робім правільна. Безумоўна, тыя, хто прытрымліваецца вальнадумства, нікуды не дзеліся. На мой погляд, яны проста страцілі надзею нешта змяніць. Я даўно заўважыў: ёсць розніца паміж рэакцыяй людзей на апазіцыйныя пікеты і эмоцыямі, калі да іх прыходзіш дадому.

Да пікетаў людзі падыходзяць свядома, для іх важна нейкім чынам пазначыць, зафіксаваць сваю пазіцыю. Такія пачуцці я адчуваў сам, калі ўступаў у АГП. Калі да гэтага была мая асабістая барацьба, то ўступленнем у партыю я публічна зафіксаваў сваю пазіцыю. Я проста даў зразумець, па які бок барыкад знаходжуся, пазначыў гэта гранічна адназначна. Вось і ўсё.

Сапраўды гэтак жа і з тымі, хто цяпер падыходзіць да пікетаў апазіцыянераў. Яны фіксуюць сваё стаўленне да таго, што адбываецца, прынцыпова нас падтрымліваюць, але не ўсе гатовыя нешта канкрэтнае рабіць. На маё перакананне, гэта адбываецца праз татальнае нявер'е ў магчымасць пераменаў. Людзі не бачаць ніякіх перспектыў.

Падчас пакватэрнага абыходу гэта нявер'е праяўляецца яшчэ больш рэльефна. Людзі наогул нічога не хочуць і ні ў што не вераць, некаторыя проста закрываюць у вас перад носам дзверы, пачуўшы аб так званых выбарах.

З іншага боку, большасць шчыра абураныя нашымі рэаліямі і згодныя, што неабходна нешта мяняць. На жаль, далей гэтага ўсведамлення справа не ідзе.

Што дакладна здолела ўлада, дык гэта ўсяліць у людзей безнадзейнасць. Толькі дэкрэт аб «дармаедах» змог выпхнуць некаторых з іх на вуліцу. Ды і то толькі таму, што яго ўспрынялі як гранічна нахабнае і адкрытае рабаванне ўладай грамадзян. А ўсё, што носіць апасродкаваны характар, большасць абывацеляў не хвалюе. Я думаю, што яны гэтых праблем не заўважаюць.

Возьмем падаражанне паліва. Калі спачатку гэта зрабілі рэзка, аўтамабілісты адразу «забібікалі», а калі сталі дадаваць па капейцы - перасталі пратэставаць.

Думаю, што цяперашняя ўлада карумпаваная наскрозь, і стрымлівае яе толькі боязь перайсці нейкую грань. Сёння чыноўнікі дзейнічаюць, што называецца, ціхай сапай. У адным месцы штосьці выскублі ў людзей, у другім, у трэцім... Быццам непрыкметна, але ў канчатковым выніку пастаўленая імі мэта дасягаецца. Яшчэ ўчора на пэўную суму можна было жыць, а сёння яе ўжо бракуе на самае элементарнае.

Палітолагі цяпер дружна кажуць, што ўсё можа скончыцца сацыяльным выбухам. Што канкрэтна можа стаць дэтанатарам, дакладна не ведае ніхто. Улада ўшчыльную падвяла краіну да гэтага тумблера, ён можа «пстрыкнуць» у кожную хвіліну, сумненняў у гэтым няма ні ў каго. У тым ліку і ў самой улады.

У гэтай сувязі я вельмі асцерагаюся за суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Некаторыя спадзяюцца на гаранта. Для мяне гэта зусім не відавочна…

— Ты па характару аптыміст ці песіміст?

- Ох, не ведаю…

Напэўна, усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Калі я стаю ў пікеце, адчуваю аптымізм. Калі ходзіш па кватэрах — нявыкрутка. І тое, і іншае аб'ядноўвае жаданне пераменаў. Адназначна толькі тое, што ўсе ўжо стаміліся ад такога жыцця.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках