25 красавiка 2024, Чацвер, 8:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская Жанна д'Арк: Сёння – дзень народзінаў Эміліі Плятэр

3
Беларуская Жанна д'Арк: Сёння – дзень народзінаў Эміліі Плятэр

Гераіня нацыянальна-вызвольнага паўстання з'явілася на свет 13 лістапада 1806 года.

У Літве і Польшчы яе малюнак можна ўбачыць на нацыянальнай валюце. І нават адзін з гатункаў далікатнай кветкі клематыса названы ў яе гонар. Гаворка – пра Эмілію Плятэр, удзельніцу паўстання 1830–1831 гг., «беларускую Жанну д'Арк», «польскую Панну», «літвінку Плятэр». Сёлета спаўняецца 212 гадоў з дня нараджэння графіні Эміліі Броель-Плятэр (Broel-Plater).

Нарадзілася Эмілія – будучы сімвал адданасці ідэі нацыянальнага адзінства – у 1806 годзе ў горадзе Вільні. Яе бацькі Францішак Ксаверы Плятэр і Ганна Моль не вельмі ладзілі паміж сабой, і яшчэ ў дзяцінстве Эмілія разам з маці пераехала ў адзін з шматлікіх маёнткаў Плятэраў – у Ліксну Дынабургскага павета Віцебскай губерні (цяпер – гэта тэрыторыя Латвіі). Тут была шырокая бібліятэка, і за кнігай Эмілія праводзіла больш часу, чым за гульнямі. Сярод яе любімых навук былі матэматыка і гісторыя, а з герояў – Тадэвуш Касцюшка і Жанна д'Арк. Пасталеўшы, Эмілія пад уплывам філаматаў захапілася беларускім фальклорам. Ва ўспамінах Максіміліяна Маркса, нараджэнца Віцебска, захавалася ўнікальнае апісанне захапленняў юнай графіні: яна збірала і спявала беларускія песні і нават сама спрабавала складаць «нешта падобнае». Таксама Эмілія любіла выконваць танцы беларускага люду, і асабліва «Лепятуха» ў яе выкананні была цудоўная. А яшчэ «свавольная і мілая графіня» ўмела галасіць – у такой унікальнай форме аплакваюць сваіх блізкіх вясковыя людзі. «Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, – пісаў Маркс, – імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны на выццё, якое нельга перадаць. Аднак той, што ўсім сэрцам палюбіла просты люд, удавалася гэта зрабіць, і яна (Эмілія) гучным голасам пачала:

– Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся…

І ўсе бядоты, усе пакуты жыцця беларускага селяніна былі тут падрабязна пералічаны ёю, дакладна і прачула выказаны… Музыка рукамі выціраў слёзы, а я стаяў анямелы…»

1830 год. Самаўпраўная палітыка Аляксандра І у дачыненні да Рэчы Паспалітай, каранаванне імператара Мікалая І каралём Польшчы выклікаюць абурэнне польскіх, беларускіх і літоўскіх патрыётаў, якія мараць адрадзіць сваю радзіму ў межах 1772 года. 29 лістапада пачынаецца паўстанне ў Варшаве. Як толькі Эмілія даведваецца пра пачатак вызвольнага руху, яна тут жа аб'язджае найбліжэйшых сваякоў і знаёмых з заклікам пачаць падрыхтоўку паўстання ў Літве і Беларусі. Разам з кузенамі яна нават распрацоўвае план захопу Дынабургскай крэпасці. Нягледзячы на тое, што грандыёзны план не спраўдзіўся, у Эміліі яе асяроддзе прызнае праўдзівую лідарку. Яе прысвячаюць у рыцара-панну паводле ўсіх старадаўніх абрадаў. 29 сакавіка 1831 года дзяўчына з'яўляецца на плошчы мястэчка Дусяты і заклікае людзей падняцца на барацьбу супраць ворагаў веры і Бацькаўшчыны. Як пішуць сведкі, з дапамогай аднадумца Люцыяна Вейсенхофа за чвэрць гадзіны яна здолела сабраць атрад колькасцю 280 стралкоў, 60 конных і некалькі сотняў касінераў. Можна сказаць, што Эмілія стала «сцягам вызвалення» на тэрыторыі ВКЛ.

На наступны дзень новаспечаны атрад нападае на паштовую станцыю Даўгелі і разбівае невялікі расейскі атрад. Праходзіць некалькі дзён – і паўстанцы, злучыўшыся з сіламі генерала Шырмана, бяруць ужо мястэчка Езеросы.

Эмілія набыла сваю баявую славу не толькі адной адвагай, але і ваеннымі навыкамі: яна была выдатнай вершніцай, добрым стралком і фехтавальніцай. Спалучэнне гэтых баявых талентаў з яе мужнасцю, сумленнасцю, дабрынёй і, чаго хаваць, прывабнай знешнасцю – і стала прычынай павагі і любові да яе як вайскоўцаў, так простых людзей. «Прастата, ветлівасць, адкрытасць, і ў той жа час усім было відаць, што дзяўчына – шляхетнага роду. Таму ў войску ні ў кога нават у думках не ўзнікла дазволіць у яе бок недарэчны жарт, нават зграшыць у ветлівым абыходжанні», – абапіраючыся на ўспаміны Ігната Дамейка, ваеннага таварыша Плятэр, каментуе стаўленне да патрыёткі Яраш Малішэўскі. Не выпадкова яе прыклад апынуўся натхняльным для іншых дзяўчатаў: Марыя Рамановіч, Антаніна Тамашэўская, ад'ютантка Плятэр – Марыя Прушынская... – у «польскім паўстанні» графіня Плятэр не была адзінай жанчынай. І тым не менш менавіта яе імя абышло ўсю Еўропу як сімвал мужнасці і адданасці Радзіме.

Жанчына-капітан

Калі войскі, у якіх служыла Плятэр, злучыліся з рэгулярнай польскай арміяй генерала Хлапоўскага, ёй прапанавалі стаць ганаровым камандзірам 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі з прысваеннем чыну капітана. Небывалы выпадак для жанчыны! Пасля прыбыцця Эміліі ў Коўна вядомая знаёмая Адама Міцкевіча панна Кавальская дае баль у яе гонар. Аднак балі зноў змяняюцца бітвамі. 19 чэрвеня – бой пад Вільняй, пік паўстання, дзе, нягледзячы на адвагу, паўстанцы церпяць паразу і нясуць вялікія страты. 8 ліпеня – бой пад Шаўляем, дзе мужнасць капітана Плятэр адзначаецца генералам Гелгудам у рапарце, аднак ход падзей ужо пераламаўся – смеласці Плятэр і ў цэлым паўстанцкіх войскаў для поспеху вызвольнага руху становіцца ўжо недастаткова. 9 ліпеня ваенная рада прымае пастанову падзяліць войска на тры часткі і рухацца ў розных напрамках.

Калі Эмілія даведваецца, што частка пад кіраўніцтвам Хлапоўскага, у якой яна знаходзіцца, плануе адступленне ў Прусію, яна адмаўляецца падпарадкоўвацца загаду. «Лепей загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!» – цытуюць яе словы гісторыкі. Яна пакідае войскі і накіроўваецца ў Варшаву, дзе спадзяецца далучыцца да падраздзяленняў, якія яшчэ прадаўжаюць барацьбу. Але яе намерам не наканавана было ажыццявіцца. Падчас стомнага паходу капітан захворвае. Голад, холад, ваеннае жыццё ў цэлым адбіліся на здароўі дзяўчыны. Сябры пакідаюць Эмілію ў прыдарожнай сялянскай хаце. Пазней яе, хворую, перанясуць у маёнтак бедных шляхцічаў Абламовічаў, дзе пад «легендай» новай настаўніцы для дзяцей яна пражыве рэшту сваіх дзён. Мяркуецца, што апошняй кропляй у барацьбе яе духу з хваробай стала вестка пра ўзяцце царскімі войскамі Варшавы і разгром паўстання. 23 кастрычніка 1831 года, на парозе свайго 25-годдзя, Эмілія Плятэр сыходзіць з жыцця. Даведаўшыся пра яе гісторыю, Адам Міцкевіч піша верш, які праславіць шляхцянку з Вільні на ўсю Еўропу. І называецца ён «Смерць палкоўніка».

Спадчына

Сёння на тэрыторыі Беларусі ад нерухомасці Плятэраў захаваўся маёнтак у Опсе. Добра захавалася капліца-пахавальня Плятэраў у вёсцы Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна (раней вёска мела назву Бяльмонты). Сама сядзіба, на жаль, не ацалела, аднак у адносна нядрэнным стане знаходзіцца парк. Вось, мабыць, і ўвесь след Эміліі Плятэр на беларускай зямлі. Ні помніка, ні памятнага знака ў Беларусі, у адрозненне ад іншых краінаў, у яе гонар пакуль не ўстаноўлена, нагадвае aif.by.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках