25 красавiка 2024, Чацвер, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Масква, сыходзь!»: Як Расея страчвае Поўнач

5
«Масква, сыходзь!»: Як Расея страчвае Поўнач

Федэральная ўлада робіць важную памылку.

Святлана Бабенка на мітынг прыехала ў рукавіцах, звязаных для яе ўдзельніцамі Сыктыўкарскай «бестэрміноўкі» – бестэрміновага пікету ў абарону Шыеса. На рукавіцах напісана: «Я супраць звалкі на Поўначы». Святлана – адна з першых, хто даведаўся пра праект палігона на мяжы Комі і Архангельскай вобласці, адна з першых, хто пачаў супраць гэтага праекта змагацца. Тады праціўнікаў Шыеса было ўсяго некалькі чалавек. Праз год у Сыктыўкары на мітынг выйшла больш за пяць тысячаў. Улады, якiя ўзгаднiлi мітынг, налічылі блізу трох тысячаў. Нягледзячы на люты мароз, народ прыехаў з навакольных вёсак, а таксама з Архангельскай вобласці – Шыес знаходзіцца на мяжы паміж рэгіёнамі, – і аб'яднаў людзей па абодва бакі адміністрацыйнай мяжы, піша «Новая газета».

Датацыйная Архангельская вобласць і нафтаносная Рэспубліка Комі ўжо даўно разам выступаюць супраць увозу смецця з Масквы на сваю зямлю. І – шырэй – супраць каланіяльнай палітыкі федэральнага цэнтра.

– Людзі па-ранейшаму знаходзяцца ў галечы, якасць жыцця падае, мы на апошніх радках рэйтынгаў – а жывем жа ў багатай рэспубліцы, – кажа дэпутат сыктыўкарскага гарсавета Алег Міхайлаў. – Чаму ў нас пусцее лядоўня? Чаму ўсюды развал і дэградацыя, хто ў гэтым вінаваты? Улада! У нас ва ўладзе каманда гастралёраў на чале з Гаплікавым. У адстаўку яго!

Натоўп ухвальна шуміць. Гісторыя шыескага палігона, пастановы пра будаўніцтва якога былі прынятыя кулуарна, без узгаднення з насельніцтвам рэгіёнаў, згуляла злы жарт з прынятай у краіне сістэмай кіравання.

Вертыкаль улады ў Шыесе зламалася, і прызначаныя Крамлём намеснікі сталі ўспрымацца як чужынцы, якія атрымалі ярлык на княжанне ў абмен на доступ такіх жа чужынцаў да рэсурсаў рэгіёнаў.

Гэта і губернатар Комі Гаплікаў, і архангельскі Арлоў. І далей – маскоўскі кіраўнік горада Сабянін, патрабаванне пра адстаўку якога ўнесенае ў рэзалюцыю сыктыўкарскага мітынгу – за лабіяванне шыескай звалкі. І прэм'ер Мядзведзеў, якому таксама прыгразілі адстаўкай, нагадаўшы пра адказнасць урада за тое, што адбываецца ў рэгіёнах.

«Масква, сыходзь!» – скандуюць людзі на мітынгу. І такі лозунг гучыць тут упершыню з 1990-х. Паўночныя рэгіёны адколваюцца ад цэнтра, за год ён страціў тут электаральную падтрымку, – такі кошт Шыеса. Бо даведаўшыся пра незаконнае будаўніцтва на тарфяным балоце, людзі пачалі пісаць у Маскву. А замест адказаў атрымалі АМАП, ПАП, штрафы, арышты і дубінкі Расгвардыі.

– Яны не падумалі пра менталітэт паўночнага чалавека, – усміхаецца Святлана Бабенка. – Сюды ўцякалі вольныя людзі ў гады прыгоннага права. Сюды ссылалі свабодных людзей пры цару і ў 1930-я. Поўнач – гэта зямля вольных людзей. Пра гэта не падумалі тыя, хто надумаў ператварыць поўнач у памыйніцу.

«АМАП з Шыеса прэч», «Адыходзіць няма куды, ззаду – Радзіма», – гайдаюцца плакаты над натоўпам.

– Добрыя ў вас вочы, правільныя, – кажа са сцэны Дзед Архімед. Рэп-выканаўца прыляцеў з Масквы ў Сыктыўкар, каб праспяваць на мітынгу. – Я на самалёце ляцеў і глядзеў на гэтую краіну – у прынцыпе, яна зверху ўся аднолькавая. А калі прызямляешся – не. Такіх, як вы, мала дзе сустрэнеш.

Дзед бываў на Шыесе, выступаў там на музычным фестывалі, які быў наладжаны абаронцамі тайгі, застаў затрыманні і збіццё – і пра гэта склаў песні. І цяпер ён спявае на 20-градусным марозе пра тое, што нам патрэбная яшчэ адна паліцыя – каб бараніла нас ад той, якая ўжо ёсць, і ад Расгвардыі таксама, і пажадана – яшчэ і ад ураду.

Са сцэны гавораць, што Шыес, задуманы для развязання сталічных смеццевых праблемаў, даў вельмі нечаканы для ўлады вынік – стварыў грамадзянскую супольнасць. Навучыў супраціву. Аб'яднаў анархістаў з камуністамі, лібералаў з радыкаламі...

Мікалай Ударацін, якая прадстаўляе нацыянальную арганізацыю комі народа, пачынае размову на комі мове, а потым перакладае на расейскую. Ён заклікае аб'яднацца, каб дапамагчы рэспубліцы. Калі Мікалай стаіць у пікетах, а паліцыя спрабуе яму перашкодзіць, ён адказвае на комі. Паліцыянты не разумеюць, дзяржава скарачае выкладанне нацыянальнай мовы, прыбірае яе са школьнай праграмы, але людзі прадаўжаюць змагацца за сваю ідэнтычнасць. Барацьба за Шыес, да якога ад Сыктыўкара менш за сотню кіламетраў, – таксама частка вайны за саміх сябе, за традыцыі, прыроду, чыстую тайгу.

Да гэтага часу праваахоўныя органы Комі не ўмешваліся ў сітуацыю – Шыес юрыдычна на тэрыторыі Архангельскай вобласці. Нядаўнія падзеі на пераправе праз Вычагду, калі АМАП з Комі суправаджаў бензавозы з палівам для будаўнікоў памыйніцы, абурылі людзей удвая. Вайсковая аперацыя на суседняй тэрыторыі – з аблогай архангельскага пасёлка Урдома, адключэннем святла і блакаваннем інтэрнэту – такое магчымае толькі пры наяўнасці вельмі высокай санкцыі. Гэта значыць, што ўлада ўсіх узроўняў дзейнічае ў інтарэсах «смецяроў», ігнаруючы меркаванне мясцовых жыхароў.

– Нас называюць насельніцтвам, хочуць зрабіць поўнач донарам, вывозяць лес, нафту, газ, вугаль, металы. Спрабуюць зрабіць з нашай зямлі смеццевую камору і зарабіць яшчэ і на гэтым. Не атрымаецца! – крычыць Міхаіл Габаў, актывіст Шыеса, якога абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула пасля сутычкі з прыватнымі ахоўнікамі на палігоне. Яму ставяць у віну пабоі – нібыта Габаў распыліў у твар ахоўніку перцавы балончык. Улады ў барацьбе з актывістамі даўно перайшлі ад штрафаў да крымінальных справаў. Ні пра адну справу супраць ПАПаўцаў, якія збіваюць людзей, невядома.

– Час прачынацца! – усклікае Габаў.

– Яны спадзяюцца на нашу слабасць. Але калі мы паднімемся як адзіны народ, брат за брата, мы зламаем ім хрыбет. Шыес – наш. Мы назаўжды зменім гісторыю! На нас глядзіць уся краіна!

Пратэставы рух ахапіў ужо 24 населеныя пункты – там стаяць бестэрміновыя пікеты супраць будоўлі на Шыесе. Улада робіць выгляд, што не заўважае гэтага, тым самым падаграваючы пратэсты.

Дзяржсавет рэспублікі абновіцца праз год, прадстаўнік Іжэмскага раёна эколаг Мікалай Брацянкоў на мітынгу нагадаў, што ў верасні ўсіх чакаюць на выбарчых участках. Грамадзянская супольнасць на Поўначы сфармавалася за год, яшчэ год супрацьстаяння – і вынік выбараў будзе гарантавана не на карысць дзейнай улады.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках