25 красавiка 2024, Чацвер, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Румас: Калі з Мядзведзевым не дамовімся ў «інтэграцыі», нам паставяць дрэнную адзнаку

45
Румас: Калі з Мядзведзевым не дамовімся ў «інтэграцыі», нам паставяць дрэнную адзнаку
СЯРГЕЙ РУМАС І ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ
ФОТА: ТАСС

Прэм'ер-міністр заявіў, што пераход на расейскую падатковую сістэму «будзе дабром».

Ход перамоваў ва ўзгадненні з Расеяй «дарожных картаў» паглыбленай інтэграцыі пракаментаваў у сераду прэм'ер-міністр Сяргей Румас на палях канферэнцыі «Развіццё канкурэнцыі на галіновых рынках: тэарэтычныя і практычныя аспекты», паведамляе tut.by.

Усяго Беларусь і Расея абмяркоўваюць 31 дарожную карту паглыбленай інтэграцыі.

– Кансультацыі ідуць кожны дзень, блізу паловы картаў узгоднена практычна цалкам. Калі ніякіх навінаў не з'явіцца ў астатнія дні лістапада, то гэтыя карты гатовыя да падпісання ў пакеце. У шэрагу картаў ёсць неўрэгуляваныя пазіцыі, у тым ліку, пра нафту і газ. Але там няма неразвязальных пытанняў. Думаю, у аўторак, пасля паседжання Саўміна, мы дамовіліся з маім расейскім калегам Дзмітрыем Анатольевічам прайсціся па ўсіх гэтых картах і паспрабаваць максімальна зняць рознагалоссі. Прэзідэнтам мы не можам вынесці той блок рознагалоссяў, якія ёсць сёння. Гэта не неразвязальныя пытанні, яны паўставалі ў нашых узаемаадносінах з Расеяй і раней. Думаю, знойдзем развязкі.

На пытанне, што рабіць, калі развязкі ўсё ж такі прэм'еры не знойдуць і Беларусь застанецца, да прыкладу, без газавага кантракту на 2020 год, Румас падкрэсліў:

– Значыць, Пуцін і Лукашэнка паставяць нам дрэнную адзнаку за нашу працу і абавязкова знойдуць развязку!

Каментуючы перамовы ў дарожнай карце, якая тычыцца Падатковага кодэкса, Румас запэўніў, што дарожныя карты будуць падпісаныя, толькі калі інтарэсы Беларусі будуць цалкам узятыя да ўвагі.

– Падатковы кодэкс – адна з самых складаных дарожных картаў. Краіны гэты час самастойна развівалі падатковае заканадаўства і за вельмі кароткі перыяд яго ўніфікаваць (а мы не гаворым пра пераход на расейскае ці беларускае заканадаўства), узяць усё найлепшае, што ёсць у кожнай краіне, вельмі складана тэхнічна. Але падатковая нагрузка ў Расейскай Федэрацыі нашмат ніжэйшая. І пераход для нашых суб'ектаў гаспадарання на расейскія стаўкі падаткаў быў бы вялікім дабром. Натуральна, узнікаюць пытанні кампенсацыі выпалых прыбыткаў бюджэту. Дыскусія з Расеяй хутчэй ідзе пра гэта – як Беларусь будзе кампенсаваць тыя выпалыя прыбыткі, каб гэта не мела негатыўнага ўплыву на эканоміку, – сказаў Румас.

Рэвізія дамовы пра "саюзную дзяржаву"

Нагадаем, у снежні летась прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва «саюзнай дзяржавы» у парадку, які прадугледжаны дамовай пра стварэнне «саюзнай дзяржавы» ад 8 снежня 1999 года. Згодна з ёй, у краінаў павінны быць адзіная валюта, адзіны суд, адзіная мытня. Дамова таксама прадугледжвае і далейшыя крокі ў інтэграцыі – прынамсі, шлях да адзінага парламента і адзінага «прэзідэнта».

25 снежня 2018 года падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі была дасягнутая дамоўленасць пра стварэнне расейска-беларускай працоўнай групы для абмеркавання розных аспектаў інтэграцыі і спрэчных пытанняў. Ад расейскага боку групу ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін. У Беларусі ў склад групы ўвайшлі 30 чыноўнікаў, узначальвае яе міністр эканомікі Дзмітрый Круты.

У ліпені на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну развязаць усе спрэчныя пытанні і падрыхтаваць праграму стратэгіі дзеянняў у інтэграцыі да 8 снежня, да 20-годдзя «саюзнай дамовы».

Афіцыйна «Праграма дзеянняў Беларусі і Расеі ў рэалізацыі палажэнняў дамовы пра стварэнне “саюзнай дзяржавы”» пакуль не апублікаваная. Масква і Менск не каментавалі ў сутнасці план інтэграцыі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках