29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Time ўпершыню прадставіў рэйтынг 100 «узыходзячых зорак»

2
Time ўпершыню прадставіў рэйтынг 100 «узыходзячых зорак»
КАМІЛА КАБЕЛЬЁ
ФОТА: STEVE MARCUS/REUTERS

Рэйтынг разбіты на пяць катэгорый.

Часопіс Time ўпершыню апублікаваў рэйтынг «узыходзячых зорак» TIME 100 Next, (традыцыйна часопіс штогод складае рэйтынг самых уплывовых людзей свету). У новы рэйтынг уключаны тыя, хто, на думку Time, вызначае не цяперашні стан, а будучыню бізнэсу, індустрыі забаў, спорту, палітыкі, навукі, аховы здароўя і гэтак далей, паведамляе РБК.

У спіс трапілі людзі самага рознага ўзросту - ад 14-гадовай Алісы Лю, якая стала самай маладой у гісторыі пераможцай чэмпіянатаў ЗША ў фігурным катанні і першай жанчынай, якая выканала ў адной праграме чацвярны лутц і патройны аксель, да 44-гадовага лідара ізраільскай партыі «Хадаш» Аймана Уды, якога Time называе чалавекам з патэнцыйна вялікім уплывам на тое, хто прыйдзе да ўлады ў Ізраілі (kingmaker).

«Мы наўмысна не ўводзілі ўзроставыя абмежаванні - на знак прызнання таго, што ўзыходжанне можа пачацца ва ўсякім узросце», - гаворыцца ў справаздачы Time.

Рэйтынг «узыходзячых зорак» разбіты на пяць катэгорый - «Артысты», «Лідары», «Інаватары», «Самародкі», «Абаронцы», у кожную з якіх уключаныя ад 16 да 21 чалавека.

У намінацыі «Артысты» на першае месца пастаўленая кубіна-амерыканская спявачка Каміла Кабельё, чый дэбютны сольны альбом «Camila» ў 2019 годзе ўзначаліў хіт-парад Billboard 200, а хіт «Havana» ў 2017 годзе займаў лідаруючыя пазіцыі ў чартах шэрагу краін.

Акрамя таго, у гэтую катэгорыю рэйтынгу патрапілі такія акторы і актрысы, як Генры Голдзінг, Ліза Кошы, Лілі Рэйнхарт, Джарэл Джэром, Эмджей Радрыгес, Эзра Мілер і Біні Фельдштэйн, амерыканскі пісьменнік і паэт Джэйсан Рэйнальдс, спявачкі Білі Айліш, Мэгі Роджэрс і Алі Строкер, пісьменнік і рэжысёр Раян О`Конэл, комік Боўэн Янг, мастачка Нджыдзека Кросбі і іншыя.

У катэгорыі «Лідары» лідарам стаў прэзідэнт Коста-Рыкі Карлас Альварада Кесада, пісьменнік, журналіст і палітолаг, які атрымаў перамогу на выбарах у 2018 годзе. У прысвечаным Кесада артыкуле ў Time былы генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун адзначыў, што ў «эпоху папулізму, ізаляцыянізму і палярызаванае палітыкі» той вядзе пошук глабальных развязанняў глабальных праблем, а яго дзеянні даводзяць, што нават «маленькія краіны могуць праявіць ініцыятыву».

Акрамя таго, у спіс «Лідараў» патрапілі амерыканская гімнастка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Райсман, адзін з прэтэндэнтаў ад Дэмакратычнай партыі на пасаду прэзідэнта ЗША на выбарах 2020 года Піт Буціджыч, чальцы Кангрэсу ЗША Эліза Стэфанік, Дэн Крэншо, Кірстэн Сінема і Ларэн Андэрвуд, сенатар Джош Кэрліс, мэр Маямі Фрэнсіс Суарэс, адзін з лідараў пратэстнага руху ў Ганконгу Эдуард Люн, французскі палітык Жардан Бардэла, арганізатар студэнцкіх акцый пратэсту ў Венесуэле Рафаэла Рэкесенс, пасол Афганістана ў ЗША Роя Рахмані, ужо згаданы Айман Уда, японскі палітык Сіндзіра Каідзумі і іншыя.

У катэгорыі «Самародкі» на першае месца пастаўлены Заён Уільямсан, гулец каманды NBA New Orleans Pelicans, абраны ў 2019 годзе пад першым нумарам драфту. Артыкул для Time пра яго напісаў Шакіл О`Ніл, які прадказаў Уільямсану вялікую будучыню.

Акрамя таго, сярод «самародкаў» згадваюцца Аліса Лю, рэпер Lil Nas X, актрыса Кеке Палмер, ірландская пісьменніца Салі Руні, тэнісістка Коры Гауф, брытанскі крыкетыст Бэн Стокс, актор і драматург Джэрэмі О`Харыс, паўднёвакарэйскі гёрл-гурт Blackpink, плыўчыха, двухразовая чэмпіёнка свету Рэган Сміт, гаіцянска-амерыканскі мадэльер і заснавальнік брэнда мужчынскага адзення Pyer Moss Кербі Жан-Раймон і іншыя.

У катэгорыю «Інаватараў» патрапілі заснавальнік касметычнай кампаніі Glossier і блога Into the Gloss Эмілі Вайс, рэжысёр музычных відэакліпаў і рэкламных ролікаў Меліна Мацукас, заснавальніца жаночага каваркінга The Wing Одры Гельман і іншыя.

У намінацыі «Абаронцы» лідаркай стала амерыканская спявачка і актрыса Нора Лум, больш вядомая як Awkwafina. Нароўні з ёй згаданыя пуэртарыканская трэп- і рэгетон-выканаўца Бэніта Антоніё Марцінез Акасіё, больш вядомы пад псеўданімам Bad Bunny, актрыса Азія Кейт Ділан, кіраўнік няўрадавай арганізацыі ў грамадзянскіх правах Rise Аманда Нгуен, самалійска-брытанскі актывіст, былы мэр Шэфілда Магід Магід, індыйская лёгкаатлетка Дуці Чанд, заснавальнік Лігі Алгарытмічнага Правасуддзя Джой Буаламвіні, бежанка з Сірыі Сара Мардзіні і іншыя.

«Ва ўсіх чальцоў TIME 100 Next вялікія амбіцыі, і яны ведаюць, што могуць сутыкнуцца з яшчэ большымі няўдачамі. Але імі рухае надзея, яны імкнуцца кінуць выклік рознагалоссям і змагацца за лепшую будучыню», - растлумачыў выбар выканаўчы рэдактар Time Дэн Максай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках