19 красавiка 2024, Пятніца, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уцёкі дыктатара: Пяць галоўных урокаў Балівіі

4
Уцёкі дыктатара: Пяць галоўных урокаў Балівіі
ЭВА МАРАЛЕС
ФОТА: EYEPIX / NURPHOTO / GETTY IMAGES

Пасля выгнання кіраўніка жыхары краіны патрабуюць правесці свабодныя і справядлівыя выбары.

Эва Маралес, прэзідэнт Балівіі, які пайшоў у адстаўку ў панядзелак, 11 лістапада, пакінуў краіну і вылецеў у Мексіку, што дала яму прытулак, піша dw.com.

Як і чаму пачаўся крызіс у Балівіі?

Карані антыўрадавых пратэстаў, якія ў выніку прывялі да адстаўкі і ўцёкаў з краіны Эва Маралеса, сыходзяць у люты 2016 года, калі праходзіў рэферэндум пра скасаванне абмежавання на забарону займаць пасаду прэзідэнта Балівіі больш за два тэрміны запар. Супраць скасавання правіла двух тэрмінаў выказалася блізу 63% выбарнікаў, аднак у лістападзе 2017 года Вярхоўны суд прызнаў абмежаванне супярэчным Канстытуцыі.

І Маралес зноў змог балатавацца на пасаду прэзідэнта. Выбары адбыліся 20 кастрычніка. Пры гэтым выбарчая камісія перастала абнаўляць звесткі пра падлік галасоў яшчэ да заканчэння галасавання, што выклікала падазрэнні ў фальсіфікацыі. Потым улады абвесцілі, што Маралес перамог з дзесяціадсоткавай перавагай над найбліжэйшым канкурэнтам, што выключала правядзенне другога тура.

Пратэсты ўспыхнулі на наступны дзень пасля выбараў. Спачатку на вуліцы Ла-Пасы выйшлі сотні чалавек, але ў наступныя тыдні колькасць дэманстрантаў вырасла да дзясяткаў тысячаў. У сутычках з паліцыяй загінулі не менш як тры чалавекі, сотні атрымалі раненні.

Хто ключавыя фігуры крызісу ў Балівіі?

Цэнтральная фігура – Эва Маралес. У 2006 годзе ён стаў першым прэзідэнтам Балівіі з ліку прадстаўнікоў карэннага насельніцтва і кіраваў краінай да 10 лістапада 2019 года. Ягонае прэзідэнцтва характарызавалася правядзеннем левай эканамічнай палітыкі, прыбыткі ад прыродных рэсурсаў накіроўваліся на патрэбы суполак карэнных народаў.

Апазіцыю ўзначальвае Карлас Меса, які займаў пасаду прэзідэнта Балівіі ў 2003–2005 гадах. Правацэнтрысцкі палітык абвінаваціў выбарчую камісію і Маралеса ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання і заклікаў Маралеса сысці ў адстаўку.

Чаму Эва Маралес сышоў у адстаўку?

Адразу пасля таго, як Арганізацыя амерыканскіх дзяржаваў (ААД) апублікавала звесткі праведзенага ёю аўдыту прэзідэнцкіх выбараў у Балівіі, у якіх сцвярджалася пра грубыя "маніпуляцыі" з выбарчымі кампутарнымі сістэмамі, Маралес абвесціў пра правядзенне паўторных выбараў і паабяцаў абнавіць склад Найвышэйшага выбарчага суда (ён выконвае ў Балівіі функцыю выбарчай камісіі).

Праз некалькі гадзінаў камандавальнік балівійскімі ўзброенымі сіламі і кіраўнік паліцыі запатрабавалі адстаўкі Маралеса, каб пакласці канец беспарадкам, якія прывялі да гібелі людзей. Прэзідэнт абвесціў пра сыход у адстаўку, назваўшы яе вынікам дзяржаўнага перавароту, і паляцеў у Мексіку, дзе яму быў прапанаваны палітычны прытулак.

Якая міжнародная рэакцыя на тое, што адбываецца ў Балівіі?

Заходнія краіны віталі паведамленне пра новыя выбары ў Балівіі, паказаўшы, што неабходна гарантаваць свабодны і справядлівы выбарчы працэс. Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні заявіла, што падтрымлівае "новыя выбары з абноўленым і незалежным выбарчым органам".

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа адзначыў, што Белы дом "цалкам падтрымлівае" правядзенне паўторных выбараў. "Балівійскі народ заслугоўвае свабодных і справядлівых выбараў", – падкрэсліў ён. Расея, наадварот, разглядала беспарадкі ў Балівіі як спробу зняць Маралеса з пасады, ахарактарызаваўшы іх як "развязаную апазіцыяй хвалю гвалту".

Што будзе далей у Балівіі?

Цяпер Балівія прыступае да падрыхтоўкі правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў. Аднак незразумела, ці будзе Эва Маралес выстаўляць на іх сваю кандыдатуру. І ці зможа ён гэта зрабіць, знаходзячыся ў Мексіцы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках