19 красавiка 2024, Пятніца, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст АГП: Светлагорскі завод небяспечны і павінен быць зачынены

9
Актывіст АГП: Светлагорскі завод небяспечны і павінен быць зачынены
АНДРЭЙ СМАЛЯНЧУК
ФОТА: БЕЛСАТ

Паводле інфармацыі актывістаў, за дзень на заводзе адбываецца тры-чатыры аварыі.

Кандыдат у дэпутаты ў Светлагорскай выбарчай акрузе № 44, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Смалянчук выступае за экалагічную бяспеку рэгіёну, новую сацыяльную палітыку, рэалізацыю праграмы эканамічных рэформаў «Мільён новых працоўных месцаў», незалежную Беларусь.

Пра тое, што сёння найбольш хвалюе жыхароў Светлагорска, ён апавёў у інтэрв'ю сайту ucpb.org.

– Якія праблемы, на Ваш погляд, з'яўляюцца найбольш балючымі для Светлагорска і патрабуюць неадкладнага развязання?

– Асноўная праблема – гэта экалогія, выкіды завода беленай цэлюлозы. Цяпер я знаходжуся побач з ім, вецер у бок горада. І літаральна за трыццаць метраў ад прадпрыемства няма чым дыхаць – мы з калегам проста затыкнулі насы. Рэзь у вачах. Гэта ж меркаптаны – другі клас небяспекі. Практычна баявы атрутны газ, і ягонае ўздзеянне на чалавечы арганізм вельмі шкоднае.

Другая праблема – адсутнасць мясцовага самакіравання. Мясцовыя ўлады не раяцца з жыхарамі горада і раёна. З імі няма прамой камунікацыі. Яны пастанавілі нешта зрабіць – і будзе, як будзе. Як правіла, тое, што яны там прымаюць, людзям не падабаецца. Хоць, самі разумееце, калі пытанні развязваюцца калегіяльна, то яны нашмат больш прадуманыя, бяруць да ўвагі інтарэсы многіх. І сацыяльнае напружанне не такое, як у выпадку прымання пастановаў без удзелу людзей.

Ключавая праблема – адсутнасць сумленных і справядлівых выбараў. Цяпер мне людзі тэлефануюць: «Андрэй, нас заганяюць на ўчасткі для датэрміновага галасавання». Я ўжо абмяркоўваў гэта сёння з намеснікам старшыні акруговай камісіі. Якраз і кіраўніца ідэалагічнага аддзела сядзела. Я ім задаю пытанне: «Чаму гэта адбываецца?!» Яны: «Давайце факты». Уключаю запіс тэлефоннай размовы. У адказ: «Так няхай пішуць заяву». Кажу: «Вы сур'ёзна? Гэта ж азначае страціць працу – такая сістэма ў краіне». Пытаюся ў людзей: «На камеру скажыце, што вас заганяюць». «Не, не скажем, таму што мы баімся страціць працу».

– Што неабходна зрабіць для развязання гэтых праблемаў?

– Завод трэба зачыніць, пакуль не нарабіў бедаў. З нашай інфармацыі, за дзень там адбываецца тры-чатыры аварыі: нейкія прарывы, збоі ў абсталяванні. Мінулым летам – абвал даху. Людзі ўжо пацярпелі, нават загінулі. Завод павінен быць зачынены.

Неабходна дапусціць людзей да ўдзелу ў развязанні мясцовых праблемаў. Ёсць закон пра мясцовае самакіраванне, але ён не выконваецца. Няма вагароў уздзеяння на ўладу. Калі людзям нешта хочацца зрабіць, прасунуць важную тэму, то ўлады, ігнаруючы іх, не нясуць за гэта адказнасці. У мясцовыя органы ўлады мэр павінен абірацца жыхарамі горада, якім ён будзе кіраваць. а не прызначацца зверху прэзідэнтам.

Гісторыя са знятымі кандыдатамі кажа пра тое, што Выбарчы кодэкс у нас трактуецца ў інтарэсах адной групы, і яго можна круціць на карысць улады, як хочаш. Таму неабходна ўнесці змены ў кодэкс, каб зрабіць выбары сапраўды сумленнымі і празрыстымі. Трэба скасаваць датэрміновае галасаванне. Пакінуць толькі выезд у дзень галасавання на дом да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А грошы, якія выдаткоўваюцца на сяброў камісій, якія днямі сядзяць на ўчастках, лепш выдаткаваць на транспарт для аб'езду такіх людзей.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках