14 снежня 2019, Субота, 7:36
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У сектары Газа ўступіла ў дзеянне замірэнне

У сектары Газа ўступіла ў дзеянне замірэнне

Прадстаўнік ЦАХАЛа пацвердзіў спыненне вайсковай аперацыі.

У сектары Газа, пасля ўступлення ў дзеянне пагаднення аб замірэнні, дасягнутага пры пасярэдніцтве Егіпта, захоўваецца спакой. Прадстаўнік палестынскай экстрэмісцкай групоўкі "Ісламскі джыхад" Мусаб аль-Барэм паведаміў, што рэжым спынення агню дзейнічае з 6:00 (паводле Менску) 14 лістапада, паведамляе dw.com.

Прадстаўнік Егіпта пацвердзіў факт дасягнення дамоўленасці аб замірэнні паміж "Ісламскім джыхадам" і Ізраілем. Паводле ягоных слоў, палестынскія фракцыі, згодна з гэтай дамоўленасцю, абавязваюцца забяспечыць аднаўленне спакою ў Газе і "падтрымліваць мір" падчас дэманстрацый пратэсту. Са свайго боку Ізраіль абяцаў спыніць вайсковыя дзеянні і "гарантаваць спыненне агню" падчас палестынскіх дэманстрацый, адзначыў егіпецкі прадстаўнік.

Ізраільскі вайсковы прадстаўнік пацвердзіў спыненне вайсковай аперацыі ў сектары Газа. У той жа час кіраўнік МЗС Ізраіля Ісраэль Кац прыстрашыў экстрэмістаў новымі акцыямі адплаты ў выпадку далейшага ракетнага абстрэлу. На спакой мы адкажам спакоем, але Ізраіль, не вагаючыся, нанясе ўдар па тых, хто паспрабуе зрабіць яму шкоду, няхай гэта будзе з тэрыторыі сектара Газа або з іншага месца, сказаў Кац у інтэрв'ю ізраільскаму вайсковаму радыё.

Мэтавыя забойствы будуць і далей

Са слоў Мусаба аль-Барэма, Ізраіль пагадзіўся спыніць мэтавыя забойствы палестынскіх байцоў і страляніну па дэманстрантах на мяжы з сектарам Газа. Ізраіль, аднак, зняпраўдзіў гэтае паведамленне, падкрэсліўшы, што ў пазіцыі Ізраіля нічога не змянілася. Мэтавыя забойствы паказалі сваю эфектыўнасць і будуць выкарыстоўвацца, сказаў Ісраэль Кац.

Ізраіль і палестынскія радыкалы з 12 лістапада абмяняліся самымі масаванымі за многія месяцы ўдарамі пасля таго, як у сектары Газа ізраільскай ракетай быў забіты адзін з камандзіраў "Ісламскага джыхаду" Баха Абу аль-Ата, ягоная жонка і пяцёра дзяцей.

У адказ палестынцы выпусцілі па Ізраілю блізу 400 ракет, якія не зрабілі вялікай шкоды. Ізраіль у адказ здзейсніў дзясяткі авіярэйдаў, у выніку якіх у Газе загінулі 32 чалавекі.