20 красавiка 2024, Субота, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскі лідар: Беларускія рабочыя не павінны быць рабамі ў сваёй краіне

7
Салігорскі лідар: Беларускія рабочыя не павінны быць рабамі ў сваёй краіне
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Улады дазволілі замежнай кампаніі не праводзіць атэстацыю працоўных месцаў?

Як паведамляе belnp.org, 40 кіламетрах ад Салігорска, у Любанскім раёне, ужо не першы год ідзе будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната, які ўзводзіць кампанія «Слаўкалій». На ім нямецкая кампанія Deilmann-Haniel GmbH выконвае праходку шахтавых ствалоў. У якасці праходчыкаў (спецыялістаў, якія выконваюць комплекс работ у пракладцы шахт) тут працуюць як мясцовыя работнікі, так і работнікі з Нямеччыны ды Расеі.

Адзначаецца, што большасць мясцовых работнікаў замест годных аплаты і ўмоў працы атрымалі мінімальныя адпачынкі, адсутнасць даплат за шкодныя і небяспечныя ўмовы працы, нізкі заробак, адсутнасць дадатковай пенсіі.

Гэта не задаволіла калектыў праходчыкаў, нанятых нямецкай кампаніяй, і яны самастойна звярнуліся ў Слуцкі міжраённы дэпартамент інспекцыі працы па дапамогу: «Мы працуем у кампаніі амаль год. У парушэнне п.18 Пастановы Савета Міністраў РБ ад 22.02.2008 года №253 «Аб атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы» загад наймальніка аб зацвярджэнні вынікаў атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы дагэтуль не выдадзены. Адпаведна нам не нададзенае права на даплату за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы і скарочаную працягласць рабочага часу за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, а таксама не пацверджаныя ўмовы працы, якiя абавязваюць наймальніка праводзіць прафесійнае пенсійнае страхаванне работнікаў».

Зварот быў адпраўлены ў Любанскі райвыканкам. Адтуль - у Менаблвыканкам, дзе было патлумачанае, чаму замежная кампанія, якая працуе ў Беларусі, не выконвае мясцовае заканадаўства.

На думку старшыні камітэта працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Алега Семянчука, атэстацыя ў нямецкай кампаніі немагчымая:

«Кампанія Deilmann-Haniel GmbH (ФРГ), у якой Вы працуеце, не з'яўляецца юрыдычнай асобай паводле заканадаўства РБ. Таму не мае магчымасці, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, зацвердзіць вынікі атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы (нягледзячы на тое, што ёю здзейсненыя пэўныя дзеянні ў правядзенні атэстацыі), даць кампенсацыі працаўнікам на падставе яе вынікаў і несці абавязкі што да прафесійнага пенсійнага страхавання работнікаў у адпаведнасці з Законам Беларусі ад 5 студзеня 2008 года «Аб прафесійным пенсійным страхаванні».

Чыноўнік таксама адзначыў, што для ўрэгулявання гэтага пытання патрабуецца ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у нарматыўныя прававыя акты, а таксама ў Закон аб ППС: «З гэтай мэтай камітэтам падрыхтаваны ў адрас Мінпрацы адпаведны ліст».

- Уся гэтая сітуацыя абурыла людзей, ды і ў наяўнасці факт эксплуатацыі беларускіх працоўных з мэтай узбагачэння канкрэтных асоб. Меншы адпачынак, большы працоўны дзень, менш выплат, менш работнікаў можна наймаць, адпаведна большы прыбытак наймальніку, - мяркуе старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў.

Прафсаюзны лідар агучыў, што кіраўніцтва кампаніі ўсяляк дало зразумець, што не ўспрымае БНП наогул, як арганізацыю рабочых, а іх цікавіць толькі арганізацыя працы і тэрміны здачы аб'екта:

- Мы абураныя такім становішчам спраў і наша задача, каб беларускае заканадаўства выконвалася ўсюды, на ўсіх прадпрыемствах незалежна ад формаў уласнасці. Паколькі гэта права працоўных Беларусі, нашай дзяржавы, абавязанай абараняць інтарэсы сваіх грамадзян. Таму мы будзем дамагацца, каб на гэтым прадпрыемстве была праведзеная атэстацыя працоўных месцаў. Каб людзям былі нададзеныя ўсе дадатковыя гарантыi i кампенсацыi, якія яны маюць паводле закона.

БНП падрыхтаваў і адправіў зварот у раённую пракуратуру з патрабаваннем правядзення праверкі і вынясення заключэння з нагоды законнасці такіх дзеянняў наймальніка як адсутнасць атэстацыі.

Таксама падрыхтаваны і накіраваны зварот у Мінпрацы з патрабаваннем звярнуць пільную ўвагу на гэтую сітуацыю і тое, што «беларускія працоўныя не павінны быць рабамі ў сваёй краіне».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках