8 снежня 2019, Нядзеля, 2:55
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

«У кожнай гістарычнай эпохі ёсць свае героі»

2
«У кожнай гістарычнай эпохі ёсць свае героі»
АНАТОЛЬ ЖУК

Уладам не ўдаецца замоўчваць праўду аб гераічных падзеях Слуцкага паўстання.

«1920 год на Случчыне» - кніга слуцкага краязнаўцы Анатоля Жука, якая выйшла ў 2016 годзе. Гісторыка-краязнаўчы нарыс прадаваўся ў менскай краме «Акадэмкніга» і хутка быў раскуплены, піша «Новы Час».

Гэта ўжо не першая кніга былога рэдактара дзяржаўнага выдання «Слуцкі край» Анатоля Жука, які цікавіцца мясцовым краязнаўствам больш за 30 гадоў. Мноства ранейшых публікацый было прысвечана гісторыі Слуцка. Дзякуючы яго карпатлівай пошукавай працы былі ўстаноўлены месцы сталінскіх расстрэлаў у Слуцкім раёне, дзе вясной 2016 года былі ўстаноўлены і асвечаны крыжы.

Ён аўтар краязнаўчых даведнікаў і віктарын. Найбольш значнымі з'яўляюцца нарысы «Слуцк.1937 - ...» і «1920 год на Случчыне», дзе аўтар апісвае драматычны і супярэчлівы характар тагачаснай грамадска-палітычнай сітуацыі і выкарыстоўвае архіўныя дакументы, успаміны відавочцаў і ўдзельнікаў падзей, манаграфіі навукоўцаў-гісторыкаў, энцыклапедычныя даведнікі.

Са слоў Анатоля Жука, тэмы для працы ім былі выбраны не выпадкова:

- Дагэтуль у нашай мясцовасці замоўчваюцца як падзеі 1930-х гадоў, калі былі расстраляныя ў слуцкіх лясах тысячы бязвінных людзей, так і падзеі супярэчлівага 1920 года. Тэма далучэння да Польшчы распрацаваная савецкімі гісторыкамі, ёсць экспазіцыя і ў мясцовым краязнаўчым музеі. Падзеі ж Слуцкага антысавецкага ўзброенага паўстання замоўчваюцца дагэтуль, - распавядае краязнаўца. - У Слуцкім краязнаўчым музеі няма нават элементарнай экспазіцыі, якая б была прысвечана гэтай падзеі. Лічу, што гэта несправядліва ў адносінах да памяці тысячы людзей, якія вымушаныя былі бараніць са зброяй свае правы і пасля загінулі.

Анатоль не разумее, чаму Слуцкае паўстанне ахутана такой таямнічасцю:

- Гэта ж была іншая гістарычная эпоха, якая наўпрост не звязана з цяперашняй уладай, - кажа ён. - У кожнай гістарычнай эпохі ёсць свае героі. Ну не маглі ўсе жыхары Слуцкага павета з радасцю восенню 1920 года сустракаць Чырвоную армію, бо ведалі, што разам з ёй да іх прыйдуць і харчразверстка, і іншыя страшныя праблемы. Трэба было бараніць сваё права на жыццё, якое было магчыма толькі пад лозунгам незалежнасці. Удзельнікі паўстання былі рознымі па сваёй ідэалогіі і свядомасці, але ў выніку случчане ўзялі ўдзел у барацьбе пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Гэта ўжо гістарычны факт, ад якога нельга адвярнуцца і якім, на думку аўтара, можна нават ганарыцца.

Са слоў Жука, мэтай працы з'яўляецца аб'ектыўнае асвятленне тых падзей без палітыка-ідэалагічнага падтасоўвання якіх-небудзь фактаў.

- Нават савецкія ідэолагі не маглі б мяне абвінаваціць у тым, што я выкарыстоўваю толькі антысавецкія крыніцы. У пераліку маіх крыніц даволі шмат савецкіх, нават ёсць вытрымкі з выступаў Уладзіміра Леніна і рашэнняў з'ездаў Камуністычнай партыі, публікацый газеты «Советская Белоруссия».

Дарэчы, нацыянальная бібліятэка ўзяла кнігу ў свае фонды з радасцю. А вось у Слуцкай раённай бібліятэцы гэтай кнігі не будзе.

Аўтар мяркуе, што, нягледзячы на тое, што местачковыя ідэолагі і іх памочнікі натужна імкнуцца замоўчваць гістарычны факт, ім усе ж не атрымаецца перакрыць шлях падзеям мінулага да нас і нашых нашчадкаў.

Дарэчы, сам Анатоль Жук, дзякуючы свайму імкненню да аднаўлення гістарычнай справядлівасці, вымушаны быў развітацца з пасадай галоўнага рэдактара раённай газеты ў 2012 годзе праз размяшчэнне невялікага артыкула аб Слуцкім паўстанні і абвестцы пра мітынг. Тады яму заставалася толькі два гады да пенсіі, і свае абавязкі рэдактара ён выконваў добрасумленна. Аднак быў звольнены. Дарэчы, пры ім газета выходзіла толькі на беларускай мове.

Гісторык Ніна Стужынская пракаментавала новую публікацыю аб Слуцкім збройным чыне:

- Мяне радуе, што краязнаўцы і журналісты не забываюць гэтую тэму. Чым больш аўтараў і краязнаўцаў будзе звяртацца да тых вострасюжэтных падзей, тым больш надзеі, што ў памяці беларусаў будзе адноўлена гістарычная справядлівасць, і яны будуць ганарыцца сваімі продкамі.

Што тычыцца местачковых ідэолагаў, кажа гісторык, магчыма, яны з'яўляюцца нашчадкамі тых расейскіх галадоўнікаў з Паволжа, якімі засялялі беларускія землі, у тым ліку і Слуцк, пасля рэпрэсій супраць мясцовых паўстанцаў. Іх генетычная памяць ім нічога не скажа пра гераізм беларускіх паўстанцаў.

У той жа час гісторык адзначае, што публікацыі пра Слуцкае паўстанне маюцца ў розных новых гістарычных расейскіх выданнях. Чамусьці там ёсць цікавасць і да неадназначных беларускіх падзей, нават існуе дзяржаўная праграма па вывучэнні народных паўстанцкіх рухаў.