28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бараніце ж Ганконг!

Бараніце ж Ганконг!
ФОТА: REUTERS

Расейская блогасфера - аб развіцці падзей у бунтуючым мегаполісе.

Пратэсты ў Ганконгу не сціхаюць, піша kasparov.ru.

Лізавета Пакроўская:

"У Ганконгу паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах.

Ёсць забітыя і параненыя.

У нас тут, у Штатах, пра гэта маўчыць прэса, маўчыць англамоўны Фэйсбук, маўчаць усе.

У краіне, якая абвесціла "Свабоду і справядлівасць для ўсіх", нікому няма справы да тых, хто цяпер змагаецца за свабоду і справядлівасць.

У Еўропе, як я разумею, тая ж сітуацыя.

Ганконг, пакінуты ў свой час Вялікай Брытаніяй, цяпер пакінуты ўсім астатнім "Ліберальна-дэмакратычным светам".

Больш за тое, у асяроддзі прыстойных людзей з ліберальна-дэмакратычнай тусоўкі ўсё часцей і гучней раздаюцца галасы ў тым сэнсе, што, маўляў, досыць мітынгаў.

"Знік калабухаўскі дом", напісаў адзін ліберальны разумнік, імя якога я цяпер не ўзгадаю да нашага з ім агульнага шчасця.

Вось так, значыць?

Барацьба за незалежнасць, за права распараджацца ўласным жыццём і развязваць уласныя праблемы ліберальная тусоўка цяпер уважае за благі тон.

Цікава, чаму.

І ў чым прычына такой гарачай любові да status quo з боку абаронцаў ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў.

Гэта і сапраўды надта цікава.

Неўзабаве пра гэта будзе тэкст.

Прысягаю.

Каб я здох.

А пакуль - ілюстрацыя да таго, як гэта бывае, калі людзі даведзеныя да мяжы адчаю і б'юцца ўжо не толькі за ўласную годнасць і незалежнасць, але і за жыццё.

З музыкай.

У гонар Ганконга, які не здаецца, і ў памяць аб тых, чыя кроў там ужо пралілася".

Ягор Сядоў:

"Усё даволі проста: калі Зямля свабодных забывае лозунг "За нашу і вашу свабоду!", то зямлёй свабодных (Захадам) яна быць перастае. Гэта — працэс, вядома, гэта не хвілінная справа. Але заканчваецца менавіта так.

Таму - бараніце ж Ганконг!

Таму што менавіта там адбываецца бітва за будучыню. Паміж дэманстрантамі і выключна жахлівым рэжымам.

Што да каментара пра "калабухаўскі дом" - бачыў я яго. І не ведаю, вядома, што там у аўтара пад замком (і не жадаю ведаць!), але ўражанне ад яго ФБ — "тыпова ні аб чым" (магчымы троль). Да таго ж, не вельмі разумны: ёсць у "сабачым сэрцы" персанаж больш непрыемны за Шарыкава, менавіта ён пра "калабухаўскі дом" і кажа.

Я ж упэўнены, што ўсе дыктатарскія "калабухаўскія дамы" паляцелі ў прорву - і малюся, каб гэта здарылася хутчэй.

І яшчэ. Чытаю я цяпер тэлеграм-каналы, у тым ліку і фэйкавыя. Ну, вось у фэйкавых гаворыцца пра тое, як нейкія "мясцовыя жыхары" змагаюцца з дэманстрантамі. Даволі дзіўнае ўражанне: а што, мітынгоўцы нейкія панаехалі? А адкуль? Няўжо з мацерыковага Кітая, бо больш няма адкуль?)

Мажліва, правільна з "клаачнага" на расейскую гэта перакладаецца як "мясцовая (і, паводле некаторых звестак, не толькі мясцовая) мафія ваюе з дэманстрантамі - мясцовымі жыхарамі"? Мяркуючы з усяго, неяк так і адбываецца.

Увогуле, не трэба давяраць усім паведамленням адтуль. А вось свой слоўнічак прапрацаваць акурат трэба, і будзе ў ім не толькі падстава перад назвай адной суседняй краіны. Проста, каб называць ворага ворагам, сябра - сябрам, а незаконныя дзяржутварэнні (усё адно, у ААН яны ці не) - незаконнымі".

Васіль Галаўнін:

"Навіна аб стральбе па дэманстрантах яшчэ больш ускалыхнула Ганконг. Сёння на дэманстрацыю пратэсту падчас абедзеннага перапынку выйшлі ў сваіх гарнітурах з гальштукамі нават супрацоўнікі рэспектабельных фінансавых устаноў у фешэнэбельным раёне Сентрал, дзе размешчаныя найлепшыя крамы, офісы банкаў і найбуйнейшых кампаній. Паліцыя там з раніцы закідвала ўсё гранатамі са слезацечным газам пасля таго, як дэманстранты пачалі блакаваць вуліцы, завальваючы іх бакамі са смеццем, падпальваць барыкады.

Пад абстрэлам апынуўся нават самы стары і дарагі шопінг-молі Landmark, дзе спрабавалі хавацца дэманстранты, якія ўсё ж перакрылі рух на асноўных магістралях. Закалоты і маніфестацыі ўжо пяць месяцаў скаланаюць Ганконг практычна кожны дзень, але масаваная стральба гранатамі са слезацечным газам у галоўным дзелавым цэнтры Сентрал у працоўныя гадзіны - гэта нешта новае.

Дарэчы, у пачатку пратэстаў паліцыя паводзіла сябе стрымана, але бесперапынныя закалоты цяпер усё больш нагадваюць невялікую грамадзянскую вайну. Толькі нядаўна ў Ганконгу загінуў студэнт, які зваліўся з высокага паверха шмат'яруснай паркоўкі, калі спрабаваў схавацца ад абстрэлу гранатамі са слезацечным газам. Дэманстранты цяпер называюць паліцыю не інакш як забойцамі, многія ўніверсітэты сталі базамі пратэсту — яны ўмацаваныя і ператвораныя ў сапраўдныя цытадэлі, заняткі спыніліся.

Пекін мае ў Ганконгу 12-тысячны гарнізон, ля межаў анклава сканцэнтраваныя магутныя сілы ўнутраных войскаў. Але кітайскія цэнтральныя ўлады ўсё яшчэ чакаюць, што адміністрацыя аўтаномнага анклава сама справіцца з пратэстамі, якія ўсё больш накіраваныя супраць палітыкі КНР. "Ганконг — не Кітай", — маніфестанты скандуюць".

Тэлеграм-канал " Кітайская пагроза":

"Адным з галоўных палёў для бітваў, без перабольшання можна сказаць, стаў Ганконскі ўніверсітэт. Паліцыя паспрабавала выцесніць студэнтаў, якія збудавалі барыкады, з тэрыторыі студэнцкага гарадка пры дапамозе слезацечнага газу і гумовых куляў.

Такую сітуацыю можна назіраць і ў іншых вышэйшых навучальных установах горада: Кітайскім, Політэхнічным і іншых універсітэтах Ганконга. На іх тэрыторыях таксама разгарнуліся сапраўдныя бітвы паміж студэнтамі і вартавымі парадку. Аб скасаванні заняткаў заявіла адміністрацыя васьмі ганконгскіх універсітэтаў. Натуральна, скасаваныя заняткі ў школах, закрытыя кінатэатры і тэатры і іншыя забаўляльныя ўстановы".

Тэлеграм-канал "Пратэсты ў свеце":

"Прадаўжаюцца сутыкненні студэнтаў Кітайскага ўніверсітэта Ганконга (CUHK) з паліцыяй. Патрабаванне - вызваліць усіх арыштаваных студэнтаў на папярэдніх акцыях пратэсту".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках