19 красавiка 2024, Пятніца, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліна Шарэнда-Панасюк: Лукашэнка з перапуду стаў дзяўбці плітку ў цэнтры горада

5
Паліна Шарэнда-Панасюк: Лукашэнка з перапуду стаў дзяўбці плітку ў цэнтры горада

16 лістапада Сустрэча свабодных людзей пройдзе на плошчы Свабоды.

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк, якая стала вядомая дзякуючы свайму яркаму выступленню на Беларускай тэлевізіі, пракаментавала Charter97.org Сустрэчу свабодных людзей, якая прайшла 15 лістапада ў цэнтры Менска.

- Сёння ў Менску адразу на двух плошчах прайшла Сустрэча свабодных людзей. Я спецыяльна прыехала з Берасця. Нягледзячы на прэвентыўныя арышты нашых лідараў і неспрыяльныя ўмовы, акцыя адбылася. Усе ўбачылі, што рэжым настолькі баіцца, што ў пачатку лістапада стаў усталёўваць, на ноч гледзячы, навагоднюю яліну. Лукашэнка з перапуду стаў дзяўбці абсалютна новую плітку на Кастрычніцкай плошчы. Але людзі ўсё роўна сабраліся, самаарганізаваліся і прайшліся па горадзе са сцягамі. На плошчы Свабоды адбыўся мітынг і была выкарыстаная легальная магчымасць сустрэчы.

Мяне ўзрушыла, як шмат было маладых і новых асоб. Відаць, што моладзь стала напраўду цікавіцца палітыкай, тым, што адбываецца навокал. Актыўнасць «Еўрапейскай Беларусі» на вуліцах у апошнія месяцы дала свой вынік.

Ужо пасля афіцыйнага завяршэння мітынгу людзі не разыходзіліся і я выступіла. Сказала, што ў Беларусі склалася такая сітуацыя, што выбары для людзей перасталі быць магчымасць перамен, і рэжым не баіцца страціць уладу падчас выбараў. Сапраўдныя выбары абавязкова пройдуць пасля сыходу Лукашэнкі. Я спаліла сваё пасведчанне кандыдаткі ў дэпутаты, сказаўшы, што яно не варта той паперы, на якой надрукаванае.

Ад імя «Еўрапейскай Беларусі» я дзякую ўсім, хто прыйшоў на Сустрэчу свабодных людзей.

- Ці вядома нешта пра вашага мужа Андрэя Шарэнду, які прыехаў з Берасця з вамі на Сустрэчу свабодных людзей?

- Пра яго доўга нічога не было вядома, Андрэй павінен быў прыехаць да пачатку мітынгу. Потым я даведалася, што арыштаваны ён, Вольга Нікалайчык, Яўген Афнагель і іншыя. Вядома, гэта помста ўсім нам за актыўную выбарчую кампанію, усім, хто казаў «Баста калгаснай дыктатуры!». Дробная помста і дурная, на яе не хочацца нават звяртаць увагі.

- На Сустрэчы свабодных людзей прагучаў заклік выйсці зноў 16 лістапада, а 18-00 на плошчу Свабоды. Вы прыйдзеце?

- Вядома, мы пастараемся быць разам з мужам. Я заклікаю ўсіх свабодных людзей Беларусі выкарыстоўваць магчымасці і выходзіць на вуліцы, каб заявіць пра свае правы і пачаць змяняць наша жыццё да лепшага. Мы можам дамагчыся свабоды для сваёй краіны, я ў гэтым упэўненая на ўсе 100 адсоткаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках