29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аматар шпіляў Чапіга патрапіў у ліку мецэнатаў храма Мінабароны РФ

1
Аматар шпіляў Чапіга патрапіў у ліку мецэнатаў храма Мінабароны РФ
ФОТА: AP

Журналісты знайшлі новыя факты пра «солсберэцкага турыста».

Імя меркаванага палкоўніка расейскай вайсковай контрвыведкі ГРУ Анатоля Чапігі з'явілася ў спісе ахвярадаўцаў на будаўніцтва галоўнага храма Узброеных сілаў Расеі. На гэта звярнула ўвагу выданне «Открытые медиа». На сайце фонду апублікаваная таксама персанальная падзяка Чапігу за садзейнічанне ў будаўніцтве храма - яна аўтаматычна генеруецца для ўсіх ахвярадаўцаў.

Чапіга - адзін з падазраваных у замаху на былога начальніка аддзела кадраў ГРУ Сяргея Скрыпаля, які супрацоўнічае з брытанскай выведкай. Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя ў сакавіку мінулага года ў ангельскім Солсберы. Паводле інфармацыі Скотланд-Ярда, на тэрыторыю Брытаніі Чапіга заехаў з дакументамі на імя Руслана Башырава. Яго асоба была ўстаноўленая міжнароднымі журналістамі-даследчыкамі.

Прадстаўнік фонду «Адраджэнне», які збірае грошы на будаўніцтва храма, заявіў «Открытым медиам», што фонд публікуе аб ахвяравальніках тыя звесткі, што яны далі пры пералічэнні.

Карэспандэнты выдання ўнеслі на рахунку фонду дзве аплаты - ад імя яшчэ аднаго падазраванага ў нападзе ў Солсберы Аляксандра Мішкіна і памерлага музыкі Элвіса Прэслі. Імя Мішкіна пазней з'явілася на сайце ў ліку ахвярадаўцаў, музыкі - не.

Будаўніцтва галоўнага праваслаўнага храма Мінабароны было анансаванае ў верасні 2018 года. Яго адкрыццё запланаванае на 9 траўня 2020 года. Ён павінен стаць адным з найбуйнейшых праваслаўных сабораў у свеце.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках