25 красавiка 2024, Чацвер, 13:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны журналіст прымусіў улады Беларусі адрэагаваць на зварот у ААН

Незалежны журналіст прымусіў улады Беларусі адрэагаваць на зварот у ААН
ЯЎГЕН МЕРКІС

Чыноўнікі вымушаныя апраўдвацца на міжнародным узроўні.

Урад Беларусі адрэагаваў на скаргу журналіста фрылансера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Яўгена Меркіса, зарэгістраваную ў Камітэце правоў чалавека ААН у гэтым годзе (№3608 / 2019), піша «Гомельская вясна».

На міжнародным узроўні беларускія чыноўнікі заявілі пра «непрымальнасць скаргі», бо заяўнік не абскарджваў пастанову суда ў пракурорскіх інстанцыях.

У 2017 годзе Яўген Меркіс вёў жывую трансляцыю з «дармаедскіх» акцый пратэстаў ва ўсёй краіне. 11 сакавіка ён вёў жывую трансляцыю пратэстоўцаў з плошчы Леніна ў Пінску, а 15 сакавіка з плошчы Леніна ў Магілёве. Пасля паказу трансляцый польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат» яго абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Суд прысудзіў яму штраф 920 рублёў (блізу 400 еўраў). 31 сакавіка фрылансер вёў жывую трансляцыю выхаду з гомельскага ІЧУ актывістаў, якія адбылі арышты за пратэстныя дармаедскія акцыі. Суд Савецкага раёна Гомеля зноў аштрафаваў яго на 920 рублёў (400 еўраў).

Прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, Яўген Меркіс падаў скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, намагаючы на парушэнні ягонага права на збор і распаўсюд інфармацыі.

Заяўляючы пра невыкарыстанне журналістам унутраных сродкаў прававой абароны, беларускія чыноўнікі прывялі статыстыку за 2018 год, згодна з якой пракуратура вынесла 3505 наглядных пратэстаў у справах аб адміністрацыйных правапарушэннях 3142 з якіх (89,6%) былі задаволеныя.

Юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам бараніць правы ў КПЧ ААН, пракаментаваў адказ афіцыйнага Менска.

«У прыведзенай статыстыцы ўрад не раскрывае, якая колькасць задаволеных судамі пракурорскіх пратэстаў мела дачыненне да рэалізацыі журналістамі сваіх правоў на пошук і распаўсюд інфармацыі", - адзначыў Судаленка.

Ён таксама дадаў, што паводле афіцыйнай статыстыкі штогод у краіне толькі органамі ўнутраных спраў рэгіструецца блізу 4-х млн адміністрацыйных правапарушэнняў, таму пададзеная статыстыка пракурорскіх пратэстаў складае ніжэй 0,1% ад агульнай колькасці разгледжаных адміністрацыйных спраў у краіне агулам.

Нагадаем, аж да 2019 года ў дачыненні да незалежных журналістаў-фрылансераў беларускі ўрад вёў бескампрамісную барацьбу. Толькі пасля ўзрослай колькасці скаргаў у Камітэце правоў чалавека ААН беларускія чыноўнікі перасталі паўтараць, што акрэдытацыя - гэта дабро, якое не заўважаюць самі журналісты.

Леанід Судаленка мяркуе, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе, а журналісты павінны паказаць чыноўнікам, што інфармацыя, гэта не тое, на што трэба пытаць дазвол у дзяржавы.

«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека акрэдытацыя з'яўляецца інструментам, які дае больш магчымасцяў журналістам на атрыманне інфармацыі, нашы ж чыноўнікі разглядаюць яе як дазвол на працу», - падкрэслівае экспэрт.

Юрыст адзначыў, што тэрмін разгляду скаргаў у Камітэце правоў чалавека ААН сёння складае ад 3-х да 5-ці гадоў.

Раней ён зарэгістраваў тут і вядзе камунікацыю з беларускім урадам аб скаргах журналісткі Ларысы Шчыраковай, фрылансераў Кастуся Жукоўскага, Андрэя Толчына і Наталлі Крывашэй, блогера з Акцябрскага Андрэя Павука, журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай, журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках