19 сакавiка 2024, aўторак, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усіх дастала калгасная дыктатура Лукашэнкі

21
Усіх дастала калгасная дыктатура Лукашэнкі
АНДРЭЙ САННІКАЎ
ФОТА: ЮРЫ ДРУГ / CHARTER97.ORG

Гэтая камарылля ганьбіць беларусаў.

Лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў звярнуўся да беларусаў:

Добры дзень!

Мяне клічуць Андрэй Саннікаў, я люблю сваю краіну, Беларусь, і ганаруся ёю. А саромеюся я за тых нягоднікаў, якія захапілі ўладу і сілай утрымліваюць яе столькі часу.

Я не маю да іх ніякага дачынення, не ўважаю іх законнай уладай, называю іх тым, кім яны ёсць – гнюсамі і злачынцамі. Тым не менш мне за іх сорамна, таму што гэта адбываецца ў маёй Беларусі, таму што дыктатар Лукашэнка і ягоная камарылля на ўвесь свет ганьбяць беларусаў. А нас яны проста прадаўжаюць рабаваць і разбураць нашы жыцці.

Але ў мяне для вас добрыя навіны: гэты рэжым неўнікнёна абрынецца. Так заўсёды бывае, так будзе і ў нас.

Вось толькі калі гэта адбудзецца – залежыць ад нас. Ад нас усіх. Не толькі ад апазіцыі, якая ахвяруе сваім здароўем і жыццямі, змагаючыся за свабоду і незалежнасць Беларусі. Незалежнасць немагчыма адстаяць, удзельнічаючы ў крамлёўскіх ваенных манеўрах, накіраваных супраць Еўропы, да якой і геаграфічна, і цывілізацыйна належыць Беларусь.

Свабоду нельга заваяваць без дапамогі бізнэсу, які сёння пабойваецца дапамагчы змяніць сітуацыю ў краіне і змяніць злачынную ўладу, затое прадаўжае плаціць даніну рэжыму. А рэжым "дзякуе" тым, хто асабліва вызначыўся, рэйдарскімі захопамі бізнэсу і турэмнымі тэрмінамі яго ўладальнікам.

Грамадзянская кампанія "Еўрапейская Беларусь" назвала асноўную мэту палітычнай актыўнасці для ўсіх грамадзянаў Беларусі: змена ўлады на ўсіх узроўнях. Мы не ўдзельнічалі і не ўдзельнічаем у тым, чаго няма, у так званых выбарах, не хлусім беларусам.

У сутнасці "Еўрапейская Беларусь" здолела скарыстацца легальнымі магчымасцямі ярмошынскага спектакля, каб правесці кампанію байкоту, таму што мы не заклікалі галасаваць, а патрабуем вярнуць народу выбары і пацвярджаем, што на гэтую тэму гатовыя размаўляць з уладамі, калі там знойдуцца людзі, для якіх дарагая Беларусь, а не шкурныя інтарэсы дыктатара.

Вы бачылі на вуліцах беларускіх гарадоў вольных людзей з "Еўрапейскай Беларусі" пад нашымі нацыянальнымі сцягамі, нашай "Пагоняй" сцягамі нашай кампаніі. А мы бачым вас і зноў пераконваемся, як усіх дастала калгасная дыктатура Лукашэнкі. Мы рады таму, што многія з вас памятаюць нашу актыўнасць 2010 года, беражліва захоўваюць у сябе дома нашы матэрыялы і разумеюць, што цяперашняя кампанія – гэта прадаўжэнне нашай дзейнасці і заснаваная яна на тых самых прынцыпах: свабода і незалежнасць Беларусі, годнае жыццё яе грамадзянам.

Гэтая кампанія дазволіла і нам і вам пазнаёміцца з новымі маладымі лідарамі, якія падзяляюць прынцыпы "Еўрапейскай Беларусі" і гатовыя змагацца за свабоду нашай Радзімы. Менавіта яны будуць аднаўляць разбураную вайной дыктатара з народам эканоміку і жыццё Беларусі. Вы бачылі іх на вуліцах сваіх гарадоў, некаторыя нават здолелі прарвацца ў эфір прапагандысцкай тэлевізіі. Яны прыкметныя ў сацыяльных сетках, у відэа матэрыялах. Падтрымайце іх, устаньце побач з імі – і ўсё ў нас атрымаецца.

Літаральна праз некалькі дзён адбудзецца вельмі важная для Беларусі падзея: у Вільні, сакральным для беларусаў горадзе, будзе ўшанаваная памяць Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-паўстанцаў. Тое, што адбываецца – гэта вельмі яснае пасланне нам, сучасным беларусам ад нашых нацыянальных герояў. Паўстанцы самі выйшлі да нас з гары ў час узмацнення пагрозы незалежнасці, каб нагадаць, што за Беларусь, за свабоду трэба змагацца.

Пахаваныя героі будуць у свабоднай краіне, у Еўропе, у тым месцы, да якога належыць Беларусь, у еўрапейскім горадзе, які з’яўляецца скарбніцай нашай гісторыі і культуры.

Свабода і дэмакратыя – гэта тое, што ўратуе нашую незалежнасць і прывядзе нас у Еўропу.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках