25 красавiка 2024, Чацвер, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Святар са свастыкай» выйшаў з калоніі на волю

«Святар са свастыкай» выйшаў з калоніі на волю
Канстанцін Бурыкін

Ён правёў за кратамі роўна тры гады.

Як стала вядома tut.by, сёння з папраўчай калоніі 17 у Шклове вызваліўся асуджаны святар Канстанцін Бурыкін. Ён правёў за кратамі роўна тры гады, адбываючы тэрмін за захоўванне патронаў і пісталета. А нядаўна яго старэйшая дачка Аляксандра надумала расказаць пра тое, як шмат гадоў жыла сям'я, і абвінаваціла Бурыкіна ў сэксуальным гвалце. Крымінальную справу распачалі, але абвінавачанне «папу са свастыкай» так і не выставілі. Днямі сілавікі затрымалі жонку Канстанціна Бурыкіна, але праз тры дні адпусцілі.

Канстанцін Бурыкін адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі ў Шклове. Тое, што бацька вызваліўся, для яго дачкі Аляксандры стала поўнай нечаканасцю, яна з цяжкасцю падбірае словы:

- Спадзяюся, жыццё пакарае і яго, і Волю (другую жонку айца - Заўвага.).

Канстанціна Бурыкіна пачалі называць «святаром са свастыкай» восенню 2016 года пасля затрымання. Падчас ператрусу ў яго канфіскавалі літаратуру, дыскі з вайсковай хронікай Трэцяга рэйха, зброю, патроны. Бурыкін не хаваў сваё сяброўства з «Рускім нацыянальным адзінствам», нават падчас суда казаў: «Пісталет захоўваў як памяць аб РНЕ». Сваю тату з гітлераўскай свастыкай кіраўнік храма называў «памылкай маладосці», царква яго выслухала і прабачыла. Тады ж стала вядома пра свяцільню ў працоўным кабінеце айца: калі яе запаліць, на столі з'яўляецца свастыка. Але канчатковае абвінавачанне папу было выстаўленае за захоўванне трох патронаў і пісталета, ён быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пакуль Бурыкін адбываў пакаранне, ягоная сям'я, у тым ліку і Саша, запісалі відэа ў яго абарону, збіралі подпісы. Пра тое, што дзяўчынка зазнавала фізічны і сэксуальны гвалт, яна наважылася распавесці пасля таго, як атрымала ад бацькі ліст з калоніі. У ім айцец называў яе «пачварай, нягодніца» і пагражаў: «Я спытаю з цябе фізічна». Саша выказала здагадку, што калі святар выйдзе на свабоду, гвалт працягнецца - і звярнулася ў міліцыю. Яна не збіралася гэтую гісторыю рабіць публічнай, але падчас прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага пракурора распавёў, што пацярпелая ў справе аб сэксуальным гвалце родная дачка.

- Як я буду далей жыць? І калі ўжо ўсё вядома, хай людзі ведаюць праўду, - распавядала нам летам Аляксандра.

Паводле ейных слоў, Канстанцін Бурыкін паднімаў на яе руку з самага дзяцінства, а з 13 гадоў і да затрымання айца дзяўчынка зазнавала сэксуальны гвалт. Блізкія і сябры пра гэта здагадваліся, але маўчалі. Меркавалі, што сям'я гэта закрытая структура, лепш туды не ўмешвацца. Пра тое, што поп падымаў руку на першую жонку, у гутарцы з журналістам казаў не адзін чалавек. А пасля смерці жонкі Алены ён ажаніўся з іншай жанчынай - Вольгай.

Калі Саша напісала заяву ў міліцыю, і была распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 167 КК (Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару), Вольга выгнала яе з дому. З прэсай жанчына больш не кантактуе, бо да яе самой з'явіліся пытанні ў праваахоўных органаў. І яны тычацца той прыхаванай часткі жыцця Бурыкіна, пра якую распавяла ягоная дачка. Як запэўнівае Аляксандра, жонка святара не толькі ўсё ведала, але і сама прымала ў гэтым удзел. Не так даўно Вольгу ў рамках крымінальнай справы затрымалі сілавікі, але праз тры дні адпусцілі. Пракурор не даў санкцыю на ўтрыманне яе пад варту.

Журналісты папрасілі Следчы камітэт пракаментаваць, ці было выстаўленае абвінавачванне Канстанціну Бурыкіну паводле ч.3 арт. 167 КК, у якім статусе знаходзіцца ён і ягоная жонка.

- Расследаванне працягваецца, - быў кароткі Сяргей Кабаковіч, начальнік прэс-службы СК. На астатнія пытанні ён не адказаў.

Са звестак журналістаў, Канстанцін Бурыкін дагэтуль у статусе падазраванага. Кажуць, святар разам з жонкай адмовіўся ад камунікацыі з псіхолагамі і сэксолагамі, а таксама паліграфа. Ёсць словы яго ўжо паўналетняй дачкі і выснова дэтэктара хлусні, што яна не падманвае.

- Я ўсё жыццё баялася бацькі, не магла сказаць яму «не» ў элементарных рэчах, напрыклад, адгадаваць валасы або перафарбаваць іх у іншы колер. Усе ролікі, якія я запісвала і за якія мне вельмі сорамна, гэта яго праца. Ён казаў, як усміхацца, пісаў прамовы, некаторыя кадры запісваліся з дзясятага разу, бацька нават вёў маю старонку ў «Вконтакте»! - прызнавалася Аляксандра. - У 16 гадоў у мяне з'явіўся хлопец. Даведаўшыся пра гэта, бацька да крыві збіў мяне шнуром, а з маладым чалавекам зладзіў разборкі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках