18 красавiка 2024, Чацвер, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: Мафіёзны хаўрус Пуціна і Лукашэнкі скончыцца, калі знікнуць абодва дыктатары

8
Гары Каспараў: Мафіёзны хаўрус Пуціна і Лукашэнкі скончыцца, калі знікнуць абодва дыктатары
ГАРЫ КАСПАРАЎ
ФОТА: DELFI

Вядомы палітык і шахматыст — аб сімбіёзе афіцыйнага Менску і Крамля.

Лукашэнка не зможа выжыць без мафіёзнага хаўрусу з Масквой. Беларускі кірунак для Пуціна становіцца больш актуальным. У Беларусі ды Расеі няма перспектыўнай будучыні, пакуль імі кіруюць гэтыя дыктатары. Пра гульню, у якую гуляюць Лукашэнка і Пуцін, чытайце ў інтэрв'ю журналісткі «Белсата» Ганны Русінавай з Гары Каспаравым, знакамітым шахматыстам, які пасля заканчэння спартовай кар'еры стаў апазіцыйным палітыкам.

- Як бы вы ацанілі працу Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі?

- Мне здаецца, тут трэба спачатку разабрацца наогул з семантыкай гэтага слова «Саюзная дзяржава», бо калі мы маем справу з дыктатарамі, то ўвогуле словы для іх носяць такі апасродкаваны характар. Кожны ўкладае ў гэта паняцце той сэнс, які, яму здаецца, сёння найбольш адказвае ягоным інтарэсам. Зразумела, што стасункі паміж Масквой і Менскам, у гэтым выпадку паміж Пуціным і Лукашэнкам, - гэта бесперапынная гульня. Дыктатары патрэбныя адзін аднаму, але пры гэтым кожны хоча атрымаць нейкія свае перавагі.

Відавочна, што рэжым Лукашэнкі ніколі не зможа выжыць без таго, каб абапірацца на, хацеў сказаць «брацкую дапамогу», але ў гэтым выпадку гэта больш такі мафіёзны хаўрус. Дапамога Масквы эканамічная і фінансавая, гэта значыць, Лукашэнка не можа самастойна выжыць у гэтым бушуючым моры сусветнай эканомікі без магутнага маскоўскага якара. Пуцінскі інтарэс - гэта, мне здаецца, захаванне плацдарма.

Наогул Пуцін думае імперскімі катэгорыямі. Акрамя таго, я мяркую, што як дасведчаны мафіёзі, ён захоўвае гэтую опцыю: куды збегчы, калі прыйдзе паліцыя.

У гэтым выпадку, калі сітуацыя становіцца крытычнай, то беларуская опцыя - гэта варыянт захавання пуцінскай улады праз анэксію Беларусі і новую Канстытуцыю. Вось такі ўзаемны інтарэс пакуль. У што гэта разгорнецца, сказаць цяжка. Зразумела, што ні для Беларусі, ні для Расеі няма перспектыўнай будучыні, пакуль ва ўладзе знаходзяцца дыктатары.

- У чым, на вашу думку, сутнасць спрэчак паміж Менскам і Масквой аб коштах нафты, газу, кампенсацыі?

- Вы глядзелі мафіёзныя фільмы? Калі збіраюцца, па паняццях разбіраюцца, я павінен гэтага кантраляваць, таго кантраляваць, гэты мне павінен заплаціць гэта. Там няма прынцыповых рознагалоссяў, бо ні Пуцін, ні Лукашэнка не могуць існаваць у абстаноўцы нармальнага эканамічнага спаборніцтва і палітычнай канкурэнцыі. Для іх гэта як атручаная атмасфера. Ім увесь час трэба знаходзіцца над працэсам і яго кантраляваць. У гэтым выпадку заўсёды ідзе гандаль. Што можа даць Пуціну Лукашэнка па мінімуме, а атрымаць для сябе нейкія максімальныя палітычныя прэферэнцыі? Адпаведна зваротны варыянт з боку Лукашэнкі. Гэтыя рознагалоссі не нясуць прынцыповую характэрнасць, бо дыктатарскі, мафіёзны метад кіравання што ў Расеі, што ў Беларусі пакуль не мяняецца.

- 8 снежня, праз 20 гадоў пасля падпісання «саюзнай дамовы», збіраюцца перагледзець праграму інтэграцыі. Як думаеце, у чым сутнасць гэтай праграмы?

- Хутчэй за ўсё цяпер Пуцін проста патрабуе дадатковых гарантый таго, што калі неабходнасць змены Канстытуцыі ў Расеі паўстане, то беларуская опцыя будзе больш рэалістычнай. Таму цяпер, напэўна, у гэтую саюзную дамову будуць устаўленыя тыя раздзелы, якія дазволяць бязбольна анэксаваць Беларусь. Хутчэй за ўсё Лукашэнка супраціўляецца. Той жа самы гандаль ідзе. Зразумела, што Лукашэнка неяк павінен саступаць, але ён выціскае як мага больш з гэтага. Зноў, ніхто не ведае, што будзе заўтра.

Дыктатары ж абапіраюцца не на легітымнасць народа, а на сваю здольнасць кантраляваць сітуацыю. Адпаведна патрэбныя матэрыяльныя рэсурсы, каб аплаціць сілавую структуру, таму ідзе вось такі гандаль. Але відаць па ўсім, што беларускі кірунак для Пуціна становіцца больш актуальным, бо ён усё адно павінен будзе ўчыняць нейкія агрэсіўныя замежнапалітычныя дзеянні.

Нейкія крокі, якія будуць паказваць, што пуцінская Расея пашыраецца і ўмацоўвае свае пазіцыі. Пакуль беларуская опцыя незапатрабаваная, бо ёсць, прынамсі, візуальныя поспехі ў Сірыі. Відавочна зусім, што цяпер мірны працэс ва Украіне. Ён таксама палітычна выгадны Пуціну. Пакуль у Пуціна на гэтым замежнапалітычным фронце ўсё выглядае добра, бо ён паказвае сваю каласальную сілу, свой рост аўтарытэту. Нямеччына гатовая ісці на ўсякія саступкі, толькі б атрымліваць расейскі газ. Тавараабарачэнне паміж Расеяй і Францыяй устойліва расце, Макрон выконвае функцыі галоўнага лабіста ў Еўропе. Пра Трампа і казаць мы не будзем. Гэта значыць, пакуль у Пуціна ёсць іншыя гульнявыя магчымасці, але ён разумее, што ўсё можа памяняцца. Заўтра не будзе Трампа ў прынцыпе, і ўжо многае пачне мяняцца. Незразумела, што будзе далей у Сірыі, як справы пойдуць. Таму Беларусь - гэта той самы найбольш прамалінейны варыянт змены Канстытуцыі Расеі праз анэксію.

- Як вы думаеце, для Расеі будзе шмат пераваг ад гэтага хаўрусу, а ў Беларусі ўзнікнуць розныя праблемы, у тым ліку ў тэме нацыянальнай ідэнтычнасці?

- Напраўду ўсе гульні дыктатараў прыносяць карысць толькі дыктатарам і іх атачэнню. Народы ўсё адно пакутуюць. Ніякаму народу яшчэ не было карысці ад таго, што войска больш моцнай дзяржавы паглынула тэрыторыю слабой дзяржавы. Ніякай выгады ні расейскім, ні беларускім грамадзянам ад гэтага не будзе. Усе пацярпяць у рознай ступені, але зразумела, што гэта чыста дыктатарскія гульні і цалкам відавочна, што нармальная будучыня ў Еўропе магчымая, калі Расея спыніць свае намеры для аднаўлення хаця б часткова былой савецкай імперыі, і перастане разглядаць Беларусь, як стратэгічны плацдарм, які анэксуе ў кожную хвіліну.

- Як бы вы ацанілі асабістыя дачыненні Пуціна і Лукашэнкі?

- Два дыктатары ўжо ўвогуле ва ўзросце. Лукашэнку ўжо пад 26-ы год пайшоў. У Пуціна 20-ы. Зразумела, што яны маюць патрэбу сябар у сябры. Напраўду дыктатары заўсёды разумеюць, што ім трэба дамаўляцца. Таму нельга ўпадаць у эйфарыю, што вось канфлікт Менск-Масква, не могуць дамовіцца. Яны заўсёды дамовяцца, роўна таму што падзенне аднаго азначае праблемы для іншага.

Для Лукашэнкі падзенне пуцінскага рэжыму таксама азначае поўны крах, бо калі можаце сабе ўявіць дэмакратычную ўладу ў Расеі, то я думаю, што ўлада Лукашэнкі ў Менску доўга не працягнецца.

- Лукашэнка нядаўна вельмі рэзка адрэагаваў на размяшчэнне амерыканскага батальёна ў 15 кіламетрах ад беларускай мяжы ў Літве. Як думаеце, ці заўважыў гэта Пуцін, і чаму ў яго няма нейкай рэакцыі?

- Таму што была рэакцыя ў Лукашэнкі. Навошта Пуціну рэагаваць, калі суседні дыктатар усё гэта ўжо сказаў. Зразумела, што і для Пуціна, і Лукашэнкі з’яўленне амерыканскіх войскаў у краінах Балтыі – гэта праблема, гледзячы на магчымыя опцыі. Заўсёды хочацца ціснуць на Латвію, Літву, Эстонію, пагражаючы гібрыднай вайной ці ўвогуле наўпроставым уварваннем, але пакуль там амерыканскія жаўнеры, ніхто гэтага рабіць не будзе.

Ніводзін генерал расейскі ў здаровым розуме не выканае такой каманды, роўна таму што страляць у амерыканцаў, зразумела, што гэта не вайна ва Украіне ці Сірыі - бамбаваць безабаронныя гарады. Адказ будзе такі, які ён быў, калі «прыгожынскія тролі» спрабавалі перайсці Еўфрат у Сірыі. Амерыканцы ім хутка паказалі, хто чаго варты. Таму натуральна тое, што яны з'яўляюцца, - гэта праблема. Трызненне з нагоды таго, што ў 15 км ад мяжы ці не. Зразумела, што амерыканцы ніколі мяжу Беларусі пераходзіць не будуць. Амерыканцы там стаяць, каб абараніць мяжу Літвы ад патэнцыйнага ўварвання расейскіх войскаў з Беларусі, дзе іх увогуле шмат, як мы ведаем. Таму для краін Балтыі - гэта максімальная гарантыя таго, што іх бяспека і іх суверэнітэт не будуць зазнаваць новыя выпрабаванні. Тым больш, што жывыя шмат людзей, якія памятаюць, як ажыццяўлялася «паўзучая агрэсія» 1940-га года.

- Які патэнцыял даўгавечных таргоў паміж Масквой і Менскам наконт таго, што мы вас абараняем ад NATO, а вы нам плаціце за гэта?

- Пуцін абараняе Лукашэнку ад яго ўласнага народа. Лукашэнка натуральна дае Пуціну тыя самыя стратэгічныя прэферэнцыі, якія Пуціну патрэбныя геапалітычна. Вось і ўсё. Таму будзе прадаўжацца столькі, колькі яны будуць ва ўладзе.

Яны патрэбныя адзін аднаму, таму ніякіх ілюзій наконт таго, што яны могуць моцна перасварыцца, і Лукашэнка плясне дзвярыма, а Пуцін яго пакіне, павернецца і зоймецца чымсьці іншым. Пра гэта нават не трэба думаць.

Пуцін і Лукашэнка ўзаемазвязаныя. Гэта такі сімбіёз, які скончыцца знікненнем абодвух дыктатараў. Прычым, падзенне аднаго адразу прывядзе да сур'ёзных праблем іншага.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках