19 красавiка 2024, Пятніца, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанец прабег марафон у кожнай краіне свету

Брытанец прабег марафон у кожнай краіне свету
ФОТА: NICKBUTTERRUN

Для гэтага ён наведаў 196 дзяржаў і патрэбна было яму 674 дні, 455 пералётаў, 10 пашпартоў.

10 лістапада 30-гадовы жыхар Вялікай Брытаніі Нік Батэр скончыў марафон у Грэцыі - апошняй з краін, дзе ён удзельнічаў у марафонах. Нік стаў першым чалавекам, які прабег марафон у 196 краінах свету: 193 дзяржавах - чальцах ААН і яшчэ трох непрызнаных, піша «Вокруг света».

Былы банкір з Дарсета, Нік Батэр прабег свой першы марафон яшчэ ў 11 гадоў. Пасталеўшы, ён прадоўжыў удзельнічаць у спаборніцтвах, сумяшчаючы марафоны і працу ў офісе, але потым наважыў прысвяціць сваё жыццё выключна спорту. Ідэя прабегчы ва ўсіх краінах свету прыйшла яму, калі ён удзельнічаў у забегу ў Сахары і сустрэў там Кевіна Уэбера - марафонца, у якога дыягнаставалі рак прастаты ў тэрмінальнай стадыі. Батэр наважыўся з дапамогай марафонаў ва ўсім свеце сабраць грошы ў фонд Prostate Cancer UK, які дапамагае мужчынам з ракам прастаты. Батэру ўдалося сабраць £65 тысяч ($83 тысячы) для фонду. Свой фінальны марафон Нік прабег разам з Кевінам, з якім яны сталі сябрамі.

Першай краінай, у якой Нік прабег марафон, была Канада - спартовец пачаў з яе ў студзені 2018 года. Удзел у забегах заняў у марафонца 674 дні. За гэты час ён здзейсніў 455 пералётаў. Агулам Батэр наведваў па дзве краіны на тыдзень. Часам яму даводзілася вяртацца ў Вялікую Брытанію даслоўна на дзень, каб атрымаць новую візу і зноў рушыць у дарогу. Спартоўцу спатрэбілася 10 пашпартоў на візы і штампы аб уездах і выездах з краін. За гэтыя 22 месяцы ён прабег праз 15 вайсковых зон, яго двойчы рабавалі, яму пагражалі нажом, яго кусалі сабакі, а аднойчы ён нават трапіў за краты.

Для свайго фінальнага забегу Батэр абраў Грэцыю, бо гэта «радзіма марафонаў». Хоць Нік і наведаў 196 краін, ён кажа, што за гэты час прабег 211 марафонаў, каб у далейшым у яго быў доказ, што ён бегаў ва ўсіх краінах: у будучыні некаторыя тэрыторыі могуць быць прызнаныя асобнымі дзяржавамі, тлумачыць ён. Напрыклад, Батэр браў удзел у марафоне і ў кантынентальным Кітаі, і ў Ганконгу. Спартовец не хоча спыняцца - ён плануе і далей удзельнічаць у адным-двух марафонах на тыдзень.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках