23 красавiка 2024, aўторак, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карчылава: Упершыню ў пратэстах удзельнічаюць усе апазіцыйныя сілы Грузіі

Карчылава: Упершыню ў пратэстах удзельнічаюць усе апазіцыйныя сілы Грузіі
БАЧО КАРЧЫЛАВА
ФОТА: NEWSONE.UA

Пра гэта заявіў былы прэс-аташэ амбасады Грузіі ва Украіне Бачо Карчылава.

У антыўрадавых мітынгах, якія праходзяць у Тбілісі, упершыню ўдзельнічаюць усе апазіцыйныя сілы Грузіі. Пра гэта ў каментары выданню "Гордон" сказаў былы прэс-аташэ амбасады Грузіі ва Украіне Бачо Карчылава.

"Думаю, што пратэсты ў Грузіі зацягнуцца надоўга. Папярэднія пратэстныя акцыі фактычна былі спыненыя пасля абяцанняў змяніць выбарчую сістэму - са змяшанай перавесці яе на прапарцыйную. Але ў выніку выявілася, што нефармальны кіраўнік Грузіі [лідар кіроўнай партыі "Грузінская мара" Бідзіна] Іванішвілі проста падманваў электарат. І схаваўся за дэпутатамі сваёй партыі, якую ён цалкам кантралюе, - нібыта яны не прагаласавалі за прапанову. Але гэта прымітыўная гульня, якая магла прайсці ў 90-я гады. Цяпер жа гэта прывяло да вялікага пратэсту ўсіх апазіцыйных сілаў. У Грузіі такое адбылося ўпершыню. Зразумела, што ўлады будуць спрабаваць патушыць пратэсты, але наўрад ці гэта ім удасца. Грузія - дэмакратычная краіна. Партыя Іванішвілі ўжо амаль дзевяць гадоў ва ўладзе. І грамадства ад іх стамляецца. Не падабаецца людзям і прэм'ер-міністр [Георгій] Гахарыя, які быў міністрам унутраных спраў падчас разгону пратэстаў, што праходзілі ў краіне раней", - адзначыў Карчылава.

Ён падкрэсліў, што Іванішвілі не зацікаўлены ў змене выбарчай сістэмы краіны.

"Я б не сказаў, што ў Грузіі наспявае рэвалюцыйная сітуацыя - проста патрэбныя перамены. У 2003 годзе краіна даволі паспяхова прайшла рэвалюцыю. А цяпер наспявае неабходнасць памяняць уладу, якая не чуе людзей. Палітыкі не могуць ігнараваць запыты грамадства. У 2020 годзе адбудуцца выбары. і для Іванішвілі будзе катастрофай, калі яны пройдуць паводле прапарцыйнай сістэмы. Бо рэйтынг ягонай партыі не такі ўжо і высокі. Пры змяшанай жа сістэме ёсць магчымасць працягнуць мажарытарнікаў - подкуп выбаршчыкаў усё ж працуе. А ў Іванішвілі ёсць для гэтага фінансавыя магчымасці", - заявіў Карчылава.

20 чэрвеня ў Тбілісі некалькі тысяч чалавек запатрабавалі адстаўкі спікера парламента, кіраўнікоў МУС і Службы дзяржбяспекі. Людзі скандавалі антырасейскія лозунгі. Частка дэманстрантаў прарвалася ў будынак парламента.

Падставай да пачатку маніфэстацый у сталіцы Грузіі стаў скандал на пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя. Яе прэзідэнт, расеец Сяргей Гаўрылаў, наважыў весці пасяджэнне з крэсла спікера грузінскага парламента. Апазіцыя сарвала працу асамблеі і прымусіла расейскую дэлегацыю спешна пакінуць Тбілісі.

Супраць удзельнікаў акцыі паліцыя ўжыла слезацечны газ і гумовыя кулі. Падчас масавых пратэстаў амаль 240 чалавек атрымалі раненні.

З прычыны палітычнага крызісу старшыня парламента Грузіі Іраклій Кабахідзэ падаў у адстаўку, а экс-прэм'ер-міністр Грузіі, лідар кіроўнай партыі "Грузінская мара" Бідзіна Іванішвілі заявіў, што парламенцкія выбары ў 2020 годзе будуць праведзеныя паводле прапарцыйнай сістэмы, на чым намагалі дэманстранты.

14 лістапада парламент праваліў законапраект, які прадугледжвае правядзенне ў 2020 годзе парламенцкіх выбараў паводле прапарцыйнай выбарчай сістэмы. Законапраект падтрымаў 101 дэпутат пры неабходных 113 галасах.

17 лістапада тысячы людзей зладзілі масавую акцыю пратэсту і пачалі ўзводзіць барыкады пад парламентам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках