16 снежня 2019, панядзелак, 5:11
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Дзевяць галоўных правілаў доўгажыхароў

Дзевяць галоўных правілаў доўгажыхароў

Адзначыць трохзначны юбілей - цалкам рэальна.

Вось некалькі рэкамендацый ад навукоўцаў, якія даследавалі звычкі доўгажыхароў, што дапамогуць вам адзначыць свой трохзначны юбілей, піша «Популярная механика».

«Сінія зоны» - гэта рэгіёны планеты, у якіх людзі жывуць даўжэй, чым у іншых месцах. На гэтых тэрыторыях ёсць 80-, 90- і стогадовыя людзі, а некаторыя перасягнулі мяжу 110 гадоў.

Названыя гэтыя рэгіёны ў гонар бельгійскага дэмографа Мішэля Пулена і італійскага лекара Джані Песа, якія адкрылі першую «сінюю зону» ў Барбалье на італійскай Сардзініі і пазначылі яе на мапе сінім колерам. Пазней амерыканскі даследчык Дэн Бетнер знайшоў яшчэ чатыры: Акінава (Японія), Ікарыя (Грэцыя), Лома Лінда (ЗША, Каліфорнія), Нікоя Пенінсула (Коста-Рыка). У кожнай з іх - нямала доўгажыхароў, і ўсе гэтыя зоны маюць свае ўнікальныя рысы.

Напрыклад, на Сардзініі больш за ўсё стогадовых людзей, Коста-Рыка займае другое месца, на Акінаве - мноства жанчын-доўгажыхарак, на востраве Ікарыі ў Эгейскім моры доўга жывуць даслоўна ўсе, ды яшчэ і амаль не схільныя да старэчай дэменцыі. А Лома Лінда - роднае месца для камуны адвентыстаў сёмага дня, чыя працягласць жыцця на 10 гадоў даўжэйшая, чым у ЗША агулам.

Цэлая каманда спецыялістаў - лекараў, антраполагаў, дэмографаў, спецыялістаў у харчаванні, эпідэміёлагаў пад кіраўніцтвам Бетнера некалькі гадоў даследавала гэтыя «сінія зоны».

Ім удалося вызначыць 9 фактараў, якія ўплываюць на працягласць жыцця:

Інтэнсіўная рэгулярная фізічная актыўнасць пры выкананні паўсядзённых спраў. Канцэпцыя сядзячага ладу жыцця ім невядомая.

«Ікігаі» - японскае слова, якое пазначае асабістыя «прычыны жыць» для кожнага чалавека. Тое, дзеля чаго мы прачынаемся па раніцах.

Нізкі ўзровень стрэсу - фактар, які мае дачыненне да большасці хвароб сталага веку. Знізіць стрэс – значыць, перастаць перажываць па дробязях і ўдзельнічаць у цырымоніях «сініх зон»: маліцца з адвентыстамі, удзельнічаць у чайнай цырымоніі з жанчынамі на Акінаве і г. д.

«Хара хачы бу» - канфуцыянскае вучэнне, якое азначае, што не трэба есці да поўнага насычэння, дастаткова здавальняць голад на 80%.

Прыярытэт гародніны і садавіны ў рацыёне. Можна есці рыбу і мяса, але патроху.

Невялікая колькасць алкаголю. Гэта ўскосна пацвярджаецца даследаваннямі пра тое, што тыя, хто п'е спіртное ў невялікай колькасці, жывуць даўжэй за непітушчых.

Удзел у сацыяльных групах, якія дапамагаюць весці здаровы лад жыцця.

Удзел у рэлігійных супольнасцях з агульнымі духоўнымі практыкамі.

Пабудова і падтрыманне моцных стасункаў з сямейнікамі: бацькамі, братамі, сёстрамі і г. д.

Усе гэтыя фактары можна звесці да двух: ЗЛЖ (у шырокім сэнсе - харчаванне без пераядання і п'янства, трэніроўкі, адцягненне ад штодзённага стрэсу) і калектыў (акрамя асабістых мэтаў, існуюць агульныя мэты, да якіх трэба імкнуцца). Вядома, на працягласць жыцця ўплываюць і іншыя фактары, у тым ліку генетыка. І наўрад ці многім захочацца ўступаць у рэлігійную секту, каб, мажліва, пражыць трохі даўжэй. Але агулам гэтыя рэкамендацыі, безумоўна, карысныя.