24 красавiка 2024, Серада, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна на дражджах

10
Вайна на дражджах

Свет замёр на парозе трэцяй сусветнай.

А ўсё чаму? Таму што ў нашай мілай і сінявокай Беларусі, у славутым горадзе Слуцку, пабудавалі дражджавы завод. Новыя нямецкія тэхналогіі на старыя, выпрабаваныя беларускія дрожджы - гэта яна, трэцяя сусветная, піша «БелГазета».

Праект новай дражджавой вытворчасці быў прэзентаваны 17 лістапада 2010 на беларускім інвестыцыйным форуме ў Франкфурце-на-Майне. Як сцвярджаецца на сайце прадпрыемства, «гэты факт з'явіўся, агулам, вынікам працяглай папярэдняй працы і збліжэння насустрач адна адной дзвюх вядомых і значных у сваіх галінах кампаній - нямецкай кампаніі Uniferm, якая вядзе свой пачатак з 1737 года і якая з'яўляецца адным з лідараў еўрапейскага рынку ў вытворчасці хлебапякарных дражджэй, а таксама якая мае найбуйнейшую вытворчасць гэтага тыпу прадукцыі ў Еўропе, з аднаго боку, і беларускага ААТ «Слуцкі цукрарафінадны камбінат» - аднаго з самых сучасных прадпрыемстваў-вытворцаў цукру на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, заснаванага ў сярэдзіне мінулага стагоддзя». Тут выдатна ўсё - і «збліжэнне насустрач адзін аднаму», і заснаваны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя СССР.

Але завод так ці інакш пабудавалі і запусцілі ў 2017 годзе. У яго ўкладзена блізу €37 млн, уключаючы €10 млн нямецкіх інвестыцый. Сённяшняя вытворчая магутнасць - 20 тысяч тон прадукцыі на год з перспектывай павелічэння гэтага паказчыка да 70 тысяч тон. Аднак у РБ існуюць яшчэ дражджавы камбінат у Менску і філіял гэтага камбіната ў Ашмянах, здольныя штогод выпускаць 15,1 тысячы тон дражджэй. Пры гэтым ёмістасць беларускага рынку прэсаваных дражджэй складае 7,7 тысячы тон. У вас не вываліўся з рук калькулятар?

У выніку Аляксандру Лукашэнку 15 лістапада 2019 года давялося на адмысловай нарадзе аб старых і новых дражджах разглядаць, як выказаўся сам ён, «адно з пытанняў, якое, на жаль, даводзіцца выносіць на мой узровень, але якое павінна было быць даўно развязанае ва ўрадзе». І Лукашэнка вызначыў, куды можна збыць залішнія дрожджы: па-першае, экспарт у ЕЗ, па-другое, медыцына і жывёлагадоўля.

Вось тут, на ацэнку Лукашэнкі, і тоіцца пагроза трэцяй сусветнай вайны праз дражджавы заводзік: «Сёння немцы нібыта патрабуюць, каб мы закрылі ўсе нашы вытворчасці дражджавой галіны і пакінулі адно прадпрыемства для працы на беларускім рынку... Прыкладна такое патрабаванне. І нібыта яно заснаванае на тым, што мы абяцалі гэта зрабіць да таго, як быў пабудаваны ў Слуцку новы дражджавы завод. І мяне таксама ў гэтым пераконвалі і чальцы ўрада, і прэм'ер-міністр, што мы абяцалі, і калі мы гэта не зробім, то заўтра пачнецца вайна з Нямеччынай, якая можа перарасці ў трэцюю сусветную».

Немцы, дарэчы, сапраўды так звычайна паступаюць - у сэнсе ліквідацыі залішніх вытворчых магутнасцяў. Ды і ўступленне ў ЕЗ для кожнай краіны звычайна мяркуе закрыццё вытворчасцяў, аналагі якіх ужо ёсць у Еўропе.

Ці спраўдзіцца трывожны прагноз Лукашэнкі? Ці атрымаецца прадухіліць трэцюю сусветную? Час пакажа.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках