18 красавiка 2024, Чацвер, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожны пяты беларус гатовы адмовіцца ад гатоўкі

49
Кожны пяты беларус гатовы адмовіцца ад гатоўкі

Пры гэтым 12% наогул ні разу не спрабавалі плаціць карткамі.

Прыкладна кожны трэці беларус гатовы плаціць банкаўскай карткай нават за самыя дробныя пакупкі і карыстаецца выключна «пластыкам». Але пры гэтым 12% наогул ні разу не спрабавалі плаціць карткамі. Пра гэта кажуць звесткі даследавання MasterIndex, якое ў розных краінах праводзіць аплатная кампанія Mastercard. У Беларусі яно сёлета прайшло ўпершыню, піша tut.by.

Даследаванне MasterIndex праходзілі з красавіка да траўня 2019 года, у ім узялі ўдзел жыхары Беларусі ад 25 да 45 гадоў, якія пражываюць у гарадах з насельніцтвам ад 50 тысяч чалавек.

У лідарах у колькасці жыхароў, якія карыстаюцца банкаўскімі карткамі - Менская, Віцебская і Гарадзенская вобласці. Там доля карыстальнікаў картак набліжаецца да 100%. У Берасцейскай вобласці гэты паказчык склаў 96%, у Гомельскай - 94%. Прыкметна адстае Магілёўская вобласць, там карткамі карыстаюцца толькі 83% жыхароў. Агулам на аднаго беларуса ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў прыпадае 1,5 банкаўскія карты.

Прыкладна палова апытаных карыстаюцца як карткай, так і гатоўкай. Выключна карткай плацяць 30% рэспандэнтаў, а 19% выбіраюць толькі гатоўку. Цікава, што 12% удзельнікаў апытання наогул ніколі не спрабавалі плаціць карткай.

- Шмат у каго ўсё яшчэ застаюцца асцярогі, што за безнаяўную аперацыю могуць зняць камісію і што такія выдаткі цяжэй кантраляваць. Некаторыя трымальнікі адзначаюць, што яшчэ не пазбавіліся ад звычкі плаціць гатоўкай, - каментуюць у Mastercard.

Пры гэтым выбар наяўнай або безнаяўнай аплаты можа залежаць ад кошту пакупкі. Так, 60% плацяць карткай у тым выпадку, калі сума пакупкі перавышае 15 рублёў. За пакупкі, даражэйшыя за 100 рублёў выключна карткай плацяць 7% апытаных. А 30% гатовыя плаціць карткай нават за самыя дробныя пакупкі. Часцей за ўсё беларусы карыстаюцца «пластыкам» у гіпермаркетах і супермаркетах, аптэках, разнастайных крамах.

- Мужчыны часцей разлічваюцца безнаяўна за паслугі на аўтазаправачных станцыях, падаткі і зборы. Жанчыны - за пакупкі ў аптэцы, крамах оптыкі, адзення, абутку, парфумерыі і касметыкі, - адзначаюць аўтары азначніка. - Каля траціны ўладальнікаў банкаўскіх карт хацелі б мець магчымасць плаціць імі яшчэ і ў грамадскім транспарце.

Прыкладна кожны пяты (18%) адзначыў, што гатовы цалкам перайсці на безнаяўныя разлікі і наогул адмовіцца ад гатоўкі. І яшчэ прыкладна столькі ж (20%) мяркуюць, што замест пін-кода можна выкарыстоўваць адбітак пальца, распазнанне асобы або радужку вока.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках