19 красавiка 2024, Пятніца, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Стамбуле таямнічы дабрадзей аплачвае запазычанасці беднякоў

3
У Стамбуле таямнічы дабрадзей аплачвае запазычанасці беднякоў

Робін Гуд нашага часу?

У Стамбуле пасля некалькіх выпадкаў самагубстваў цэлых сем'яў праз рост кошту жыцця, з'явіўся чалавек, які, не называючы сваё імя, выплачвае запазычанасці беднякоў.

«Новое время» публікуе пераклад матэрыялу The Guardian аб таямнічым дабрачынцы.

У бедных кварталах Стамбула пабываў ананімны дабрачынец, які выплачваў запазычанасці ў прадуктовых крамах і пакідаў канверты з гатоўкай на парозе дома. Гэта адбываецца ў той час, калі прычынай некалькіх нядаўніх самагубстваў называюць адчай праз рост кошту жыцця.

На мінулым тыдні жыхары Тузлы, раёна суднабудавання, размешчанага ў азіяцкай частцы горада і ў асноўным населенага рабочымі, былі ў захапленні ад таго, што іх рахункі за пакупкі ў некалькіх прадуктовых крамах былі аплачаныя дабрачынцам. Пра яго вядома толькі тое, што гэта мужчына.

«Хтосьці прыйшоў і папрасіў мяне паказаць яму сшытак, у які я запісваю запазычанасці кліентаў. Было чатыры чалавекі з вялікімі пазыкамі, і я сказаў яму, дзе яны жывуць. Ён зноў вярнуўся пасля размовы з імі і аплаціў усе запазычанасці. Я таксама даведаўся, што ён даў яшчэ грошай гэтым сем'ям», - распавёў інфармацыйнаму агенцтву Demirören уладальнік адной з крам Кошкун Йылмаз.

Са слоў Йылмаз, калі ён спытаў дабрачынца, як яго завуць, той адказаў: «Проста кліч мяне Робін Гуд».

Кошты прадуктаў харчавання і арэнды жылля ўзляцелі пасля падзення турэцкай ліры ў 2018 годзе. Хоць інфляцыя знізілася з 25 да 8,6%, беспрацоўе ўсё яшчэ расце, а кошты электрычнасці выраслі ў 10 разоў у параўнанні з мінулым годам.

Мяркуюць, што той жа дабрадзей прасунуў пад дзверы бедным сем'ям у іншых рабочых кварталах ва ўсім горадзе канверты, у якіх было па 1000 лір (блізу 160 еўраў - рэд.). Гэта адбылося ў сакавіку, калі кошт прадуктаў харчавання дасягнуў піка. Імаверна, ён жа ў чэрвені выплаціў 25 тысяч лір запазычанасцяў (амаль 4 тысячы еўраў - рэд.) у якасці падарунка ў гонар заканчэння Рамадана.

«[Мужчына] сказаў мне, што ён прыйшоў, каб заплаціць запазычанасці тых, хто не можа сабе гэтага дазволіць. Я тут ужо 30 гадоў, і я ўпершыню сутыкнуўся з такім учынкам. Мае кліенты былі вельмі шчаслівыя і хацелі яго бачыць, але я не ведаю, хто ён. Ён не назваў сваё імя і сказаў, што робіць гэта «толькі для таго, каб заслужыць Божае благаславенне», - распавёў Тунджай Яшар, яшчэ адзін уладальнік крамы ў Тузле.

Нядаўна Турцыя была шакаваная некалькімі выпадкамі самагубстваў цэлых сем'яў, прычынай якіх уважаюць рост узроўню беднасці.

У лістападзе ў Фаціху, адным з самых кансерватыўных раёнаў Стамбула, двое мужчын і дзве жанчыны, чальцы адной сям'і ва ўзросце ад 48 да 60 гадоў, пакінулі на дзвярах кватэры запіску, якая папераджава суседзяў, каб яны не ўваходзілі, бо ўнутры цыянід. Паліцыянты выявілі ў кватэры чатыры целы.

Са слоў сяброў, сям'я спрабавала звесці канцы з канцамі на заробак толькі аднаго з сямейнікаў, які быў настаўнікам музыкі. Яны пакутавалі праз праблемы са здароўем, дэпрэсіі і няздольнасць знайсці працу.

На наступны дзень яшчэ адна сям'я, у тым ліку двое дзяцей ва ўзросце пяць і дзевяць гадоў, была знойдзеныя мёртвымі ў іх доме ў Анталіі. Як мяркуецца, яны таксама атруціліся. Бацька сям'і, які доўгі час быў беспрацоўным, пакінуў запіску, якая тлумачыць іх фінансавыя цяжкасці.

Турэцкія СМІ, якія пераважна з'яўляюцца праўладнымі, а таксама мясцовыя чыноўнікі адмаўляюць, што гэтыя выпадкі жыцця звязаныя з ростам узроўню беднасці. Электаральная база кіроўнай партыі Справядлівасці і развіцця складаецца пераважна з прадстаўнікоў працоўнага класа.

На мясцовых выбарах у пачатку 2019 года яе падтрымка ва ўсёй краіне скарацілася праз эканамічны крызіс. Гэта стала сур'ёзным выклікам для прэзідэнта Раджэпа Эрдагана, які кіруе краінай ужо 16 гадоў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках