25 красавiка 2024, Чацвер, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестары выносяць прысуд Лукашэнку

33
Інвестары выносяць прысуд Лукашэнку
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Зваротная сувязь.

Ці ёсць сувязь паміж эканомікай і палітыкай, легітымнасцю ўлады і інвестыцыямі? Пытанне далёка не тэарэтычнае. Адказы на яго можна даць вельмі розныя – у залежнасці ад ідэалагічных прыхільнасцяў ці асабліва справавых меркаванняў.

Сваё меркаванне з гэтай нагоды выразна сфармуляваў кіраўнік Беларусі падчас «выбараў». «Пляваць гэтаму інвестару, што тут будзе з “парламентам” – заявіў Лукашэнка. – Ім патрэбны нармальны інвестыцыйны клімат. Назавіце хоць адзін выпадак, калі мы не абаранілі замежныя інвестыцыі». А таму, калі «прэзідэнт» асабіста гарантуе абарону бізнэсу, гэтага цалкам дастаткова. «Цікавы нам праект – мы яго падтрымаем. – мяркуе кіраўнік. – Гэта важна для інвестара, а не тое, як тут Лукашэнка з вамі сфармуе беларускі “парламент”».

Для некаторых інвестараў сапраўды дастаткова такіх гарантый і «кропкавых» ільготаў. У розных дэкрэтах і ўказах можна знайсці нямала «пернікаў». Але за імі заўсёды маячыць «пуга» рызыкаў, якія не змяншаюцца ад абяцанняў, эксклюзіўных патуранняў і заклікаў давяраць і ўкладаць.

У розных апытаннях мясцовыя і замежныя прадпрымальнікі ўвесь час называюць сувязі з чыноўнікамі адным з галоўных чыннікаў поспеху вядзення бізнэсу ў Беларусі. Але, нават маючы такія сувязі, інвестары на ўсялякі выпадак імкнуцца падстрахавацца. Гэта не так цяжка: дастаткова выбіраць праекты з найкарацейшымі тэрмінамі акупнасці, укладваць мінімум уласных грошай і прывабліваць крэдыты пад гарантыі тых самых уладаў, якія абяцаюць абарону. У выніку праектаў з замежным капіталам хапае для агітацыйнай карцінкі, але відавочна недастаткова для прыстойных тэмпаў росту эканомікі.

У апошніх пяцігадовых праграмах урада прывабліванне замежных інвестыцый значыцца ў ліку найважнейшых прыярытэтаў. Прычым не любых, а прамых – укладанняў у статутныя фонды прадпрыемстваў. Хочацца, каб да нас прыходзілі самавітыя карпарацыі, прыносілі перадавыя тэхналогіі, стваралі працоўныя месцы, забяспечвалі экспарт. Без гэтага мала шанцаў на паскарэнне росту эканомікі, паляпшэнне гандлёвага і плацёжнага балансу і павышэнне дабрабыту насельніцтва.

Здавалася б, чаго яшчэ трэба: улада і рубель стабільныя, інфляцыя на гістарычных мінімумах. У міжнародных рэйтынгах, накшталт Doing Business, асабліва не выраслі, але не ў аўтсайдарах. У апошнія гады цэлымі пакетамі прымаліся «лібералізацыйныя» нарматыўныя акты. А ВУП і інвестыцыі чамусьці не растуць.

Пра хваляванні інвестараў лепш за ўсё гавораць лічбы – але зусім не так, як уяўляецца кіраўніку дзяржавы. Сапраўды, з пачатку 2019-га замежныя інвестыцыі ў беларускую эканоміку склалі больш за $ 7 млрд. Магчыма, да канца года гэты лік павялічыцца. Але ў 2012–2013 гг. ён быў удвая большым. На жаль, нават за 9 месяцаў 2018 г. аб'ём замежных інвестыцый на 8,3% перавышаў цяперашні. А прамых інвестыцый ($ 5,19 млрд) увогуле стала на 15,6% менш, чым у студзені – верасні 2018 г. Сярод іншага, ПЗІ ў прамысловасць скараціліся на 6,9%, у гандаль – на 25,8%, інфармацыю і сувязь – на 7,8%. Прымем да ведама, што больш за 2/3 гэтых прамых інвестыцый – пазыковыя інструменты (крэдыты, пазыкі, крэдыторская запазычанасць за тавары і паслугі), а яшчэ больш за 25% – рэінвеставання прыбытку, значная частка якога існуе толькі на паперы. У той жа час ПЗІ на чыстай аснове (гэта значыць, не лічачы пазык) за 9 месяцаў гэтага года склалі ўсяго $ 1,11 млрд – на 22,8% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Дарэчы, менавіта ПЗІ на чыстай аснове з'яўляюцца адным з параметраў прагнозу развіцця эканомікі і, адначасова – адным з KPI ўрада. Калісьці ва ўладаў былі планы: атрымліваць за год 6,5–6,7 млрд. Потым амбіцыі паменшылася да 2,5 млрд, а ў апошнія гады – да 1,6–1,7 млрд. Відаць, ва ўрадзе не маюць ілюзій наконт веры інвестараў у айчынны бізнэс-клімат і ўзроўню абароненасці.

Спробы ўладаў палепшыць бізнэс-клімат часта цяжка прадказальныя і непаслядоўныя. У апошнія гады ў краіне распладзілася столькі спецыяльных інвестыцыйных рэжымаў, што агульныя правілы гульні часам цяжка нават сфармуляваць. Між тым умовы доступу да льготаў і адкрываюць мноства шчылінаў для карупцыі і злоўжыванняў, а бенефіцыярамі прэферэнцый часцей за ўсё аказваюцца толькі тыя, хто ўваходзіць у высокія кабінеты. Такі інвестыцыйны клімат нельга меркаваць нармальным. Ён больш адштурхоўвае капіталы, чым прываблівае.

Праблема ў тым, што асабістыя гарантыі вышэйшай улады выклікаюць значна менш даверу, чым наяўнасць такіх устойлівых інстытутаў, як вяршэнства права, незалежны суд, недатыкальнасць прыватнай уласнасці і рэальны падзел галінаў улады.

Звыклых працаваць менавіта ў такім прававым асяроддзі інвестараў запэўніванні пра ўласнаручную абарону хутчэй насцярожваюць. А часам нават палохаюць – яны народ нервовы. Але яшчэ больш палохае беларускую «вертыкаль» перспектыва ўстанаўлення вяршэнства права. Бо калі яно тут незнарок з'явіцца, незалежны суд за лічаныя месяцы пакончыць з усеўладдзем бюракратыі, пародыямі на выбары і «ручным» кіраваннем.

Уся «вертыкаль» рассыплецца, а яе вярхушка растанецца з уладай, як бы яна за яе ні чаплялася і ні адмаўляла, што чапляецца. Усё гэта кіраўнік «вертыкалі» выдатна ведае і, натуральна, імкнецца ні ў якім разе не дапусціць. А для адводу вачэй частуе публіку сентэнцыямі пра бяссілле дэмакратыі, непатрэбнасць грамадзянскіх правоў, заходніх інтрыг і карысці дыктатуры. Атрымліваецца грубавата, але публіка церпіць.

Да таго ж на падпеўках не толькі дзяржСМІ, але і ансамбль дрэсаваных бізнэсмэнаў, што адпрацоўвае свае прыбыткі і свабоду рэкламай «дыктатуры з лічбавым тварам». Ёсць яшчэ кардэбалет вучоных мужоў, якія старанна тлумачаць urbi et órbi, што краіне, геаграфічна размешчанай у цэнтры Еўропы, належыць выключна азіяцкая інстытуцыянальная матрыца, дзе чалавек нішто, а дзяржава – усё.

Вядома, у нас няма такіх гучных «наездаў» на замежных інвестараў, як у Расеі. Але сякія-такія «дасягненні» ёсць. Можна згадаць старую «кандытарскую» гісторыю, выгнанне «Матор Січ», масавае павелічэнне дзелі дзяржавы ў некалі прыватызаваных ААТ, ціхі сыход «Форда» і яшчэ некалькіх заходніх кампаній. А яшчэ больш сумна гісторыі некаторых айчынных бізнэсмэнаў, чые лёсы і інвестпраекты разваліліся пад клопатам дзяржавы. Спісы «самых багатых і ўплывовых» рэгулярна абнаўляюцца не звесткамі пра рост капіталаў, а крымінальнай хронікай. Не выпадкова Беларусь – ледзь не адзіная краіна ў Еўропе, дзе ніхто не можа дакладна назваць ні лік легальных мільянераў і мільярдэраў, ні памеры іх маёмасцяў.

Калі ж ёсць сумненні ў легітымнасці гэтай улады, рызыкі ўзрастаюць яшчэ больш. Бо, як вяровачцы ні віцца, нелегітымную ўладу калі-небудзь зменіць іншая – больш, а можа і меней легітымная. І тады ўсе дамоўленасці і гарантыі імгненна абясцэньваюцца. Давядзецца дамаўляцца з новым кіраўніцтвам або страчваць усё раней укладзенае і своечасова не выведзенае ў далёкія краі. Гэта яшчэ адна прычына, з якой замежныя карпарацыі аддаюць перавагу ствараць у краіне цэнтры выдаткаў. Зрэшты, і айчынныя бізнэсмэны імкнуцца асноўную масу капіталаў і прыбытку трымаць дзе-небудзь далей.

Але ёсць і такія, хто гатовы тут і цяпер будаваць стасункі на асабістых дамоўленасцях з уладамі. Асабліва калі можна атрымаць добрыя прэферэнцыі, якія рэдка прапануюць у краінах, дзе пануюць дэмакратычныя інстытуты. Тут усё залежыць ад добразычлівасці чыноўнікаў. А яна каштуе нятанна. Давядзецца на просьбу ўладаў то на спартовыя турніры адшпіліць, то свята ці чарговы палац праспансаваць, то калгасам плячо падставіць. Патрэбная вельмі добрая маржа, каб на ўсё пакорліва згаджацца. Праўда, рэпутацыя ў такіх інвестараў часам цьмяная, а вынікі іх праектаў сумнеўныя. Але хіба гэта важна, калі гаворка ідзе пра прырост тэмпаў росту ключавых паказнікаў.

Леанід Фрыдкін, lfriedkin.com

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках