19 красавiка 2024, Пятніца, 17:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Дэфолт можа здарыцца раней, чым чакаюць

4
Эканаміст: Дэфолт можа здарыцца раней, чым чакаюць

Што закладзена ў новым беларускім бюджэце?

Згодна з законапраектам бюджэту-2020, разгледжаным 19 лістапада «палатай прадстаўнікоў» у першым чытанні, упершыню за шэсць гадоў бюджэт будзе дэфіцытным (995,1 млн рублёў, 0,7% ВУП).

Як гэта адаб'ецца на жыцці беларусаў у год «прэзідэнцкіх выбараў»?

Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін у экспрэс-каментары «Салідарнасці» растлумачыў, што ў 2020 годзе ў сацыялку будуць уліваць грошы і павялічваць заробкі бюджэтнікаў, каб яны актыўна галасавалі за Лукашэнку.

– Думаю, што базавыя прадукты ў кошце не вырастуць, таму што перадвыбарчы год – трэба будзе паказваць стабільнасць і росквіт. Хлеб, малако, яйкі, алей наўрад ці будуць даражэць.

Уладзімір Кавалкін заўважыў у праекце бюджэту-2020 ледзь не дзесяціразовы рост выдаткаў на ЖКГ.

– Прычым незразумела, чаму так адбываецца. Магчыма, гэта заканчэнне дзяржпраграмы і будуць спрабаваць асвоіць грошы. Ці гэта звязанае з цэнтралізацыяй грошай, умоўна кажучы, з рэгіёнаў забяруць і аддадуць у рэспубліканскі бюджэт. Гэта здагадкі – фактаў няма.

У праекце бюджэту прырост ВУП закладзены на ўзроўні 1,9%, інфляцыя – 5%, стаўка рэфінансавання – 9,5%, кошт нафты – 60 даляраў за бараль.

– Гэтыя паказнікі цалкам рэалістычныя, – мяркуе эксперт. – Адзіны нюанс – гэта які-небудзь знешні шок, звязаны з стасункамі з Расеяй, Еўразвязам, ЗША, напрыклад, неабходнасць атрымання дадатковага крэдыту альбо невылучэнне крэдыту. Альбо гэта шок, звязаны з асобай Аляксандра Лукашэнкі, які ў апошні момант захоча нешта памяняць.

Уладзімір Кавалкін звяртае ўвагу на тое, што дзяржпазыка будзе расці – гэта звязана з дэфіцытам бюджэту.

– Мінфін запазычвае праз аблігацыі, а гэта самы дарагі спосаб запазычання. Сярэдняя стаўка пад 6% – гэта вельмі дорага. Калі б мы працавалі з МВФ, мы маглі б браць крэдыт пад 1-2%. Перадвыбарная стабільнасць ляжа цяжарам на будучыя пакаленні, якія потым павінны будуць нешта з гэтай дзяржпазыкай рабіць.

На думку эканаміста, сітуацыя з дзяржпазыкай звязаная не толькі з жаданнем надрукаваць больш грошай і разагнаць эканоміку, хоць і гэта ўжо заўважна. Хуткасць росту заробкаў апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.

– Гэта яшчэ і звязана з нашымі стасункамі з Расеяй, з стратай сродкаў за кошт падатковага манеўру. Беларускі бюджэт павінен аднекуль гэтыя грошы браць, а браць няма адкуль – эканоміка не расце. Трэба альбо сацыялку зрэзаць, альбо ў пазыкі залазіць. У перадвыбарчы год сацыялку ўразаць не адважыліся, а палезлі ў пазыкі.

Паводле прагнозаў Уладзіміра Кавалкіна, Беларусь пры гэтай уладзе чакае застой.

– Эканоміка Беларусі блізкая да стагнацыі, паколькі няма ўнутранага драйвера. Расейскі рынак стагнуе, у тым ліку праз санкцыі. Наш эканамічны рост больш павольны, чым ва ўсіх суседзяў з ЕЗ.

Стаўкі ў дзяржпазыцы высокія. Іх будзе цяжка абслугоўваць. За апошнія 10 гадоў ВУП практычна не вырас. Гэта было дзесяцігоддзе таптання на месцы. У найбліжэйшы час рост, калі і будзе, то мінімальны. У росце заробкаў мы адстанем нават ад Украіны. І гэта выкліча праблемы, звязаныя з працоўнай міграцыяй. У Беларусі будзе ўзмацняцца адток кваліфікаваных кадраў.

– Ці адважацца ўлады зрэзаць сацыялку?

– Цяжка сказаць. Калі ўсё залежыць ад аднаго чалавека, можна варажыць толькі на кававай гушчы. Лукашэнку складана адмаўляцца ад сацыяльнай палітыкі, якую ён праводзіць.

Сацыяльная палітыка павінна быць рэфармаваная. Цяпер у нас сацыялка размазваецца роўным пластом на ўсім. І гэта вельмі несумленна, таму што аднолькавыя льготы атрымліваюць як бедныя людзі, так і тыя, што добра зарабляюць. А сацыяльная палітыка павінна быць таргетаваная. Яна павінна быць накіраваная на тых, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе, астатнія павінны зарабляць. Гэтую рэформу трэба было праводзіць яшчэ 10 гадоў таму, але, як бачыце, мы стаім на месцы. Ёсць такое адчуванне, што будзем стаяць на месцы, калі дэфолт не здарыцца раней.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках