19 красавiка 2024, Пятніца, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«РЭП - гэта мае аднадумцы»: што моладзь кажа пра незалежны прафзвяз

«РЭП - гэта мае аднадумцы»: што моладзь кажа пра незалежны прафзвяз
Фота: praca-by.info

У менскім офісе РЭП прайшоў рэспубліканскі сход моладзевай сеткі.

Спецыяльна для praca-by.info актывісты распавялі, якім яны бачаць развіццё моладзевага кірунку ў прафзвязе, і што іх асабіста прывяло ў РЭП.

На думку каардынатаркі моладзевай сеткі ў Воршы Кацярыны Секаненкі пытанні навучання, інфармацыйнай працы, прававой асветы маладых работнікаў у роўнай меры важныя:

- Моладзевая рада прайшла дынамічна, прадуктыўна, у цёплай і сяброўскай атмасферы. Цікава было даведацца меркаванні моладзі розных узростаў. У рэгіёнах, на мой погляд, адчуваецца адрозненне менталітэту і розніца інтарэсаў у параўнанні з Менскам. Дакладна «дэпрэсіўнасць». Брак сродкаў, ведаў, прававой пісьменнасці адсоўваюць грамадскую дзейнасць на другі план, а на першы ў шматлікіх выходзяць пошукі дадатковых крыніц даходу, побыт, пытанні яго ўладкавання.

Я даўно сачу за развіццём як палітычнай сітуацыі ў краіне, так і за дзейнасцю прафзвязу. Асабіста для мяне РЭП - гэта мае аднадумцы, людзі, прыемныя ў камунікацыі, новы досвед і веды.

«Не стае сістэматычнай работы для навучання новых чальцоў асновам права і заканадаўства ў галіне працоўных дачыненняў»

Алег Левянец, актывіст РЭП у Гомелі, які ўступіў у прафзвяз пасля «недармаедскіх маршаў»:

- На сустрэчы мы пазначылі позву з якой будзем працаваць для прыцягнення новых прыхільнікаў. Пастанавілі, што за год варта паспрабаваць рабіць хаця б адно адкрытае мерапрыемства ў сваіх гарадах. Гэта дапамагло б большай колькасці людзей даведацца пра арганізацыю.

Сёння, як мне здаецца нам не стае сістэматычнай работы ў навучанні новых чальцоў асновам права і заканадаўства ў галіне працоўных дачыненняў. Спадзяюся ў наступным годзе мы зможам таксама развіць гэтыя кірункі. Менавіта навучанню практычных рэчаў можа прыцягнуць новых людзей да ўсвядомленага сяброўства ў незалежным прафзвязе.

Праблемы моладзі ў Беларусі не моцна змяніліся за апошні час: беспрацоўе, адток актыўных людзей за мяжу, агульная апатыя насельніцтва і неразуменне значнай масай сваіх правоў.

«Я ўступіў у прафзвяз, бо тут знаходзяцца мае аднадумцы»

«Заўсёды натхняе энтузіязм удзельнікаў, які перадаецца і табе», - распавёў актывіст менскай моладзевай суполкі Мікіта Краснакуцкі:

- Для мяне самым важным на гэтай сустрэчы было доўгатэрміновае планаванне і агульнае абмеркаванне аднаго праекта, які мы цяпер рыхтуем. Я б хацеў бачыць у нашай сетцы выразную гарызантальную сістэму суполак у рэгіёнах, але мы цяпер над гэтым і працуем. Мне здаецца моладзь у прафзвяз можа залучыць менавіта сам калектыў актывістаў, так званая «кампанія», у якой чалавеку будзе прыемна знаходзіцца і выяўляць сябе.

Я ўступіў у прафзвяз, бо тут знаходзяцца мае аднадумцы ў тэме правоў працоўных і чалавека ўвогуле. Гэта месца, дзе я магу атрымаць веды і дапамогу, і сам магу дапамагчы.

«Нельга браць усіх запар - гэта толькі ўзмоцніць ратацыю людзей у прафзвязе»

Актывіст моладзевай сеткі ў Менску Раман Кузьмянкоў адзначыў важнасць ўсвядомленага сяброўства ў прафзвязе:

- Сучасная моладзь Беларусі не ўспрымае правы, свабоды грамадзян і іх абарону, як базавую аснову для нармальнага жыцця. Часцяком яна спрабуе апраўдаць ці абстрагавацца, а часам і проста ігнараваць, сітуацыі з парушэннем сваіх правоў і свабод чым хочаш, што палічыць патрэбным: бярэ дадатковыя працоўныя гадзіны праз нізкі заробак; марнуе больш часу на вывучэнне матэрыялу, бо асноўныя навучальныя гадзіны кіраўніцтва ВНУ, каледжа, інстытута, усялякай іншага навучальнай установы, запатрабавала, абгрунтаваўшы словамі «так трэба», правесці нейкае мерапрыемства, ніяк не звязанае з вучобай. Ведаю гэта як з уласнага досведу, так і ад калег.

Прававая дзейнасць, на маю думку, павінна стаць прыярытэтным напрамкам для маладзёжнай сеткі. Замест актыўнага набору праз прамое прыцягненне, будзе пасіўны набор праз дэманстрацыю таго, як кожны чалец прафзвязу здольны эфектыўна спраўляецца з развязаннем усялякіх (у ідэале) адпаведных тэматыцы прафзвязу пытанняў або праблем, асабліва актуальных у гэты момант, а не ў доўгатэрміновай перспектыве.

Я выдатна ўсведамляю, што такі падыход значна больш аб’ёмны ў часе і чалавечых рэсурсах, але тады ставіцца пытанне пра мэту набору - альбо колькасць, альбо якасць. Нельга прыцягваць усіх запар - гэта толькі ўзмоцніць ратацыю людзей у прафзвязе, а тыя, каму цікава такая актыўнасць, проста не знойдуць сабе аднадумцаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках